О борьбе с коррупцией шла речь на едином дне информирования в Шумилинском районе

Актуалии Общество

Барацьба з карупцыяй, перапіс насельніцтва і іншыя пытанні

19 красавіка прайшоў адзіны дзень інфармавання, у рамках якога адбыліся сустрэчы кіраўніцтва раёна, прадстаўнікоў раённых службаў з працоўнымі калектывамі прадпрыемстваў і арганізацый раёна. Асноўнай тэмай гутаркі стала барацьба з карупцыяй, як важнейшая задача дзяржавы і грамадства.

У райбыткамбінаце па асноўнай тэме дня інфармавання выступіў пракурор раёна Сяргей Зайцаў.

Сяргей Уладзіміравіч падрабязна расказаў пра тыя выпадкі карупцыйных злачынстваў, якія адбыліся ў раёне і звязаны ў асноўным са злоўжываннем асобнымі кіраўнікамі сваім службовым становішчам. Начальнік аддзела Следчага камітэта Юрый Трошчанка падкрэсліў важнасць прафілактычнай работы ў гэтым напрамку. У прыватнасці, расказаў пра выяўленыя факты скажэння дакументаў і справаздачнасці з боку некаторых бухгалтараў, якія ствараюць падставу для карупцыйных злачынстваў.
Начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Вячаслаў Емяльянаў расказаў пра маючы адбыцца ў 2019 годзе перапіс насельніцтва, спыніўся на асаблівасцях гэтага мерапрыемства і звярнуўся да прысутных з просьбай дапамагчы ў падрыхтоўцы да перапісу, зрабіць і павесіць шыльды з адрасамі дамоў, нумарамі кватэр. Гэтая простая справа дапаможа перапісчыкам і дазволіць пазбегнуць памылак пры правядзенні перапісу насельніцтва.
На такой важнай праблеме, як прафілактыка пажараў, спыніўся начальнік райаддзела па надзвычайных сітуацыях Андрэй Сасновіч. Ён расказаў пра пажар, які ўзнік з-за падпалу сухой травы і знішчыў тры дамы ў вёсцы Талкачова-1. Толькі аператыўная работа пажарных выратавала астатнія пабудовы ў гэтай вёсцы. Расказаў пра два сёлетнія факты гібелі людзей у агні ў нашым раёне, абедзве ахвяры былі п’яныя. Заклікаў таксама бацькоў да пільнасці ў адносінах да дзяцей: трэба сачыць за дзецьмі і вучыць іх бяспечным паводзінам.
*  *  *
Інфармацыйна-прапагандысцкая група, якую ўзначальвае старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава, працавала ў гэты дзень у калектыве аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Па асноўных тэмах Адзінага дня інфармавання выступілі намеснік пракурора Шумілінскага раёна Андрэй Дзергачоў і  Ірына Новікава.

Актуальныя пытанні закранулі ў сваіх выступленнях члены групы. У прыватнасці, начальнік занальнага вузла электрасувязі Юрый Маскалькоў пазнаёміў з новымі відамі паслуг, праанансаваў папулярныя акцыйныя пакеты. Пра няпростую сітуацыю з пажарамі ў раёне (здарылася 12 пажараў, у якіх двое чалавек загінулі), рэйдавыя мерапрыемствы выратавальнікаў і “галаўны боль” з паламі сухой расліннасці расказаў намеснік начальніка райаддзела па надзвычайных сітуацыях Іван Маскалькоў. Іван Пятровіч папрасіў прадстаўнікоў аддзела адукацыі наладзіць дадатковыя прафілактычныя гутаркі ў школах раёна з бацькамі і вучнямі пра недапушчальнасць выпальвання сухой расліннасці.
Пасля сустрэч прысутныя мелі магчымасць задаць асабістыя пытанні членам групы.

*   *   *
У сустрэчы з працоўным калектывам ДЛГУ “Шумілінскі лясгас”  разам з групай райвыканкама, якую ўзначальваў намеснік старшыні райвыканкама Алег Быкаў, браў удзел начальнік упраўлення ДАІ Упраўлення ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкама Міхаіл Дзядзечкін.
Міхаіл Аляксандравіч звярнуў увагу на бяспеку на дарогах вобласці, расказаў пра дарожна-транспартныя здарэнні, якіх сёлета ў вобласці ўжо зарэгістравана больш за тры тысячы. На дарогах загінулі 17 чалавек (гэта на два больш, чым за адпаведны перыяд мінулага года) і 77 пацярпелі, у тым ліку два дзіцяці.
Сярод асноўных прычын дарожна-транспартных здарэнняў начальнік абласной ДАІ  назваў парушэнне правілаў дарожнага руху пешаходамі. Па іх віне ў вобласці адбылося 23 ДТЗ, у час якіх 8 чалавек загінулі і 16 атрымалі раненні рознай цяжкасці.
“На Шуміліншчыне здарэнняў са смяртэльным зыходам не зарэгістравана, – адзначыў Міхаіл Аляксандравіч. – Тым не менш, сёлета зарэгістравана больш за тысячу розных парушэнняў, да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 185 пешаходаў, у тым ліку 10 – нецвярозых”. Сярод названых парушальнікаў ёсць і работнікі лясгасу. Таму Міхаіл Аляксандравіч заклікаў усіх прысутных строга прытрымлівацца правілаў дарожнага руху і вучыць гэтаму сваіх дзяцей.
Напрыканцы сустрэчы работнікі лясгасу задавалі пытанні начальніку абласнога ДАІ: пра допуск да ўдзелу да дарожнага руху, тэрмін дзеяння “зялёнай карты”, пакаранне за выезд на лінію без тэхагляду, максімальны штраф для нецвярозага вадзіцеля, пра “дарожны збор”.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ, Алена КАРПУШЭНКА, Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №31 ад 21.04.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *