Крестины свадьба и… развод. Демография Шумилинщины

Общество

Нарадзіліся, жаніліся, развяліся…
196 нованароджаных зарэгістравана аддзелам загса і сельвыканкамамі ў 2014 годзе.
Такая вось дэмаграфія. Калі ж гаварыць пра геаграфію палёту бусла, дык трэба адзначыць, што 81 дзіця (47 хлопчыкаў і 34 дзяўчынкі) гэтая хуткакрылая птушка прынесла ў Шуміліна, 31 (16+15) – на Обальшчыну, 24 (13+11) – у Светласельскі сельсавет, 19 (7+12) – у Лаўжанскі, 13 (9+4) – у Мікалаеўскі, 12 (7+5) – у Дабейскі, 7 (3+4) – у Мішневіцкі, 7 хлопчыкаў – у Сіроцінскі сельсавет, 2 хлопчыкаў – на Каўлякоўшчыну.
155 дзетак нарадзілася ў поўных сем’ях, у 41 выпадку дзеці нарадзіліся ў маці, якія не знаходзяцца ў шлюбе (26% пазашлюбных дзяцей).
У 84 сем’ях нарадзілася першае дзіця, у 73 – другое, у 26 – трэцяе, у 9 – чацвёртае, дзве сям’і пабагацелі на пятае дзіця і дзве – на шостае. А дзвюм сем’ям асабліва пашчасціла – у іх нарадзіліся двайняшкі.
Кожная сям’я старанна выбірала імя свайму дзіцяці. Усяго было выкарыстана 46 мужчынскіх і 45 жаночых імёнаў. Самымі папулярнымі аказаліся Мікіта, Арсеній, Арцём, Дзмітрый, Ягор, Кірыл, Дар’я, Марыя, Анастасія, Вольга, Валерыя, Вікторыя. Сярод рэдкіх імёнаў, якія выкарысталі бацькі, можна назваць такія, як Елісей, Ісмаіл, Міраслаў, Альбіна, Багдана, Сабіна, Караліна.
Характарызуючы ўзрост бацькоў, адзначым, што сярэдні ўзрост бацькі складае 28 год, маці – 26. Самаму маладому бацьку споўнілася 18 год, маці – 17, самы сталы бацька мае за плячыма 56 год, а маці – 42 гады.
У 2014 годзе зарэгістравана 170 шлюбаў, 64 з іх – ва ўрачыстай абстаноўцы. Для 96 пар марш Мендэльсона прагучаў упершыню, у 37 выпадках адзін з маладых уступаў у шлюб паўторна, паўторна і жаніх, і нявеста ўступілі ў шлюб таксама ў 37 выпадках.
Што датычыцца грамадзянскай прыналежнасці асоб, то абсалютная большасць 335 чалавек – грамадзяне Рэспублікі Беларусь, 4 – грамадзяне Расійскай Федэрацыі, 1 – грамадзянін Германіі.
Сярэдні ўзрост маладажонаў – 31 год для мужчын і 29 год для жанчын. Самаму маладому жаніху споўнілася 18 год, нявесце – 15 год. Самаму сталаму жаніху 76 год, нявесце – 66.
Аддзелам загса ў 2014 годзе зарэгістравана 14 скасаванняў шлюбу, у тым ліку адзін – па рашэнні суда, 13 – па ўзаемнай згодзе мужа і жонкі, якія не маюць агульных непаўналетніх дзяцей і спрэчак аб маёмасці.
Стаж сумеснага сямейнага жыцця асоб, якія скасавалі шлюб, склаў: да 5 год – для трох пар, да 10 год – для пяці пар, да 25 год – для двух пар, да 30 год – для чатырох пар. У васьмі выпадках шлюб скасавалі ўпершыню, у пяці выпадках ці муж, ці жонка скасоўвалі шлюб паўторна, а адзін жанаты разводзіўся трэці раз.
Працягваецца станоўчая тэндэнцыя па змяншэнні колькасці зарэгістраваных смярцей у раёне. У 2014 годзе зарэгістравана 350 смярцей (у 2013 – 375, у 2012 – 409, у 2011 – 433, у 2010 – 469 смярцей). Сярэдні ўзрост памерлых склаў 64 гады для мужчын і 79 гадоў для жанчын.
І. КІСЯЛЕВІЧ, начальнік аддзела загса райвыканкама.
Надрукавана ў №5 ад 20.01.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *