Мастер Шумилинского районного дома ремесел Ольга Загвоздова развивает традиционное народное творчество

Главное Культура Мир увлечений Новости Общество


Захавальніца вытокаў і традыцый

Ёсць людзі, чыё жыццё вымяраецца не проста гадамі працоўнага стажу, а захаванай для нашчадкаў памяццю. У Шумілінскім раённым доме рамёстваў больш за 30 гадоў працуе цудоўны чалавек, чый талент не мае межаў.


Вольга ЗАГВОЗДАВА ўклала не толькі шмат сіл, але і ўсю душу ў адраджэнне і развіццё народнай творчасці раёна. Яна доўгі час працавала кіраўніком народнага клуба майстроў народных мастацкіх рамёстваў «Спадчына», з’яўлялася дырэктарам Дома рамёстваў, была адным з ініцыятараў стварэння традыцыйнага лялечнага тэатра «Батлейка», спектаклі якога заваявалі мноства ўзнагарод. На працягу некалькіх дзесяцігоддзяў Вольга Вітальеўна кіруе нядзельнай школай, якая дзейнічае пры храме Свяціцеля Мікалая Цудатворца ў Шуміліне.

Любоў да народнай творчасці Вользе прывілі бабуля і бацькі, якія заўсёды беражліва захоўвалі традыцыі і культуру рэгіёна. «Мне пашанцавала з’явіцца на свет у творчай сям’і, дзе кожны рабіў усё сваімі рукамі з вялікай любоўю. Бацька быў сапраўдным гаспадаром дома і адказваў за ўсю мужчынскую частку працы – у яго ўсё спорылася ў руках. А мама і бабуля былі неверагоднымі майстрыхамі. Яны і шылі, і вышывалі, стваралі ўтульнасць у кожнай дробязі. Гэтыя ўменні перадаваліся і мне. З ранніх гадоў я разумела, што народныя традыцыі – жывая душа нашай сям’і і нашай роднай зямлі», – падзялілася Вольга Вітальеўна.

Выбраць творчую прафесію дапамагла настаўніца рускай мовы Яўгенія Лемешава. «У цябе ўсе сшыткі размаляваныя! Табе трэба паступаць на мастацка-графічны», – дала ўпэўнены наказ Яўгенія Фёдараўна. Гэтыя словы мудрага і ўважлівага настаўніка падтрымала сям’я. Так Вольга Загвоздава скончыла мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута па спецыяльнасці настаўнік малявання, чарчэння і працы і вярнулася працаваць ў роднае Шуміліна.

За шматгадовы працоўны стаж Вольга Загвоздава асвоіла шмат напрамкаў народнай творчасці. Яна выдатна валодае тэхнікай выцінанкі і набойкі, ткацтвам ручнікоў і паясоў, шыццём, вышыўкай і вязаннем. Аднак яе сапраўдным каханнем на ўсё жыццё стаў народны касцюм. Для майстра працэс работы над традыцыйным строем касцюма – ад глыбокага вывучэння першакрыніц да яго фінальнага ўвасаблення ў жыццё – з’яўляецца асаблівым таінствам. Майстар з натхненнем расказала, што народная творчасць ярчэй за ўсё перадаецца праз касцюм, які адносіцца да пэўнага часу, бо ў ім дзіўным чынам спалучаюцца практычнасць і высокая эстэтыка. Там няма выпадковых рэчаў, абсалютна кожны элемент: ад арнаменту да крою нясе вялізную сэнсавую нагрузку. Па меркаванні даследчыцы, менавіта ў такой крапатлівай працы і крыецца ключавое адрозненне паміж рамеснікам і майстрам. «Рамеснік часцей за ўсё проста механічна паўтарае старыя, ужо створаныя ўзоры, а майстар заўсёды адрозніваецца тым, што стварае ўнікальныя рэчы. Ён прапускае кожную дэталь і элемент праз сябе, дадаючы кожны раз у свой выраб нотку індывідуальнасці», – раскрыла свой сакрэт Вольга Загвоздава. Дзякуючы актыўнаму ўдзелу ў разнастайных выставах і кірмашах, асабліва на Міжнародным фестывалі мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» работы шумілінскага майстра набылі міжнароднае прызнанне. Знаўцы і аматары прыгожага з розных гарадоў Беларусі, а таксама блізкага і далёкага замежжа з задавальненнем набываюць яе вырабы.

У гэтым годзе яскравым пацвярджэннем высокага прафесіяналізму, адданасці справе і асветніцкай дзейнасці стала прысуджэнне Вользе Вітальеўне ганаровага звання лаўрэата раённага конкурсу «Жанчына года Шуміліншчыны» ў намінацыі «Духоўнасць і культура». «Атрымаць такое званне на роднай зямлі для мяне, вядома, вялікі гонар, асаблівая радасць і адказнасць. Маё жыццё непарыўна звязана з захаваннем нашай культурнай і духоўнай спадчыны, таму гэтая ўзнагарода ў чарговы раз пацвярджае: я знаходжуся на правільным шляху. Калі твая праца прыносіць добры плён, знаходзіць водгук у сэрцах людзей – гэта надае сілы рухацца далей», – падзялілася майстар.

Сёння Вольга Загвоздава працягвае сваю любімую справу з невычэрпным энтузіязмам. Яна ўвесь час удасканальваецца, спрабуе новае, ствараючы непаўторныя рэчы. Так, нядаўна яна самастойна вырабіла спецыяльныя штампы, з дапамогай якіх наносіць фарбу і пераносіць аўтарскія ўзоры на свае вырабы. Майстар поўнасцю згодна з вядомым выразам пра тое, што калі знайсці справу па душы, то табе не давядзецца працаваць ніводнага дня ў сваім жыцці. Аднак сама, шчыра ўсміхаючыся, агучыла іншую інтэрпрэтацыю: «Я часам здзіўляюся, як за маё захапленне мне яшчэ і грошы плацяць!».

Як і ўсялякі творца, які жыве і «гарыць» сваім рамяством і марыць пра галоўнае – перадаць багаж сваіх ведаў у надзейныя рукі, якія будуць беражліва захоўваць і працяг­ваць развіваць традыцыі Шуміліншчыны для будучых пакаленняў. Да вялікага жалю майстра, пакуль такога чалавека не знайшлося…

У звычайным жыцці, за рамкамі званняў і рамёстваў, Вольга Загвоздава застаецца проста жанчынай, якая любіць правесці час з сям’ёй, пакапацца ў зямлі, даглядаючы любімыя расліны і аднавіць сілы на ўлонні прыроды.

Дар’я ЧАПУРНОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *