Все школы района готовы к новому учебному году

Актуалии Образование

В библиотеке Обольской СШ

У класах не хапае толькі вучняў
На мінулым тыдні камісія райвыканкама на чале са старшынёй раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікавай і намеснікам старшыні райвыканкама А. М. Зайцавым праверыла гатоўнасць устаноў адукацыі да новага навучальнага года.
Каб не было інтрыгі, адразу адзначым, што ўсе ўстановы адукацыі прынятыя.

Лингафонный кабинет Слободской детский сад-средней школы

Гатоўнасць
Умовы, у якіх дзеці вучацца і выхоўваюцца, уплываюць і на ўзровень атрыманых ведаў. Таму самая пільная ўвага з боку членаў камісіі была да стану вучэбных кабінетаў, спартыўных і абедзенных залаў, групавых памяшканняў, спальняў, кухань, спартыўных і гульнявых пляцовак.
Ва ўсіх школах і дзіцячых садах раёна праведзены бягучы рамонт, на які пайшло 60 мільёнаў рублёў. Для рамонту было закуплена 2,8 тоны фарбы, 3,5 тоны цэменту. Многія ўстановы адукацыі дадаткова выдзялялі на бягучы рамонт пазабюджэтныя грошы, абнаўленне школьнай мэблі і іншыя работы выконвалі за кошт другаснай занятасці.
На высокім узроўні гатоўнасць школ у Обалі, Мікіцісе, Шуміліне, Амбросавічах, у Льнозаводскай школы. Поўнасцю падрыхтаванымі сустракалі камісію школьныя класы ў Добрыне, Кардоне, Мішневічах,

Светлосельский детский сад

Ляжнях, Навіках, Башнях, Язвіне: паклеены ці пафарбаваны сцены, пафарбаваная падлога, кветкі, у шафах — метадычныя матэрыялы, не хапала толькі вучняў.
Адзначылі члены камісіі добрую падрыхтоўку дзіцячых садоў у Кардоне, Мікіцісе, Обалі, Светласельскім, шумілінскіх №2, №4.
Агароды
Практычна ўсе школы вырасцілі добрыя ўраджаі агуркоў, памідораў, буракоў, морквы, цыбулі, бульбы, якіх хопіць не толькі для харчавання дзяцей, але і для продажы на кірмашах, каб папоўніць школьную казну.

Пришкольный участок Добринской детский сад-начальной школы

Дарэчы, якасная і недарагая прадукцыя са школьных агародаў паступае і ў дзіцячыя сады раёна.
Як звычайна, уразіў памерамі і выдатнай прадукцыяй школьны агарод у Навіках, узорна выглядаюць агароды ў Льнозаводскай, Добрынскай, Крывасельскай пачатковых школах-садах. Радуюць ўраджаем грады ў Обальскай, Башнёўскай, Мішкаўскай, Мішневіцкай, Лаўжанскай і Кардонскай сярэдніх школах, Шумілінскай СШ №2, Язвінскай базавай школе. Заданне на наступны год таксама забяспечыць сябе гароднінай атрымала раённая гімназія.
Большасць кіраўнікоў устаноў адукацыі ўпэўнена заяўлялі, што вырашчанай гародніны і бульбы хопіць на ўвесь навучальны год.

На территории Обольской СШ

Даходы
Ва ўмовах, калі бюджэтных грошай не хапае, актуальнасць набывае пытанне папаўнення пазабюджэтнага фонду школы ці дзіцячага сада за кошт аказання платных паслуг, збору другаснай сыравіны, продажу прадукцыі з прышкольнага ўчастка.
За прыкладам, як можна зарабляць грошы можна звярнуцца ў Обальскую СШ, у якой на пазабюджэтным рахунку (даныя на 1 жніўня) 20,7 мільёна рублёў (з якіх 8,3 – ад продажу сельгаспрадукцыі, 7,4 – ад здачы металалому і макулатуры, 3 – за платныя паслугі, 2 – даходы школьнай майстэрні). Шумілінская СШ №1 мае на пазабюджэтным рахунку 15,2 мільёна рублёў (5,6 – прынесла майстэрня, 2 – другасная сыравіна, 7,5 – платныя паслугі). 4,4 мільёна рублёў зарабілі за кошт паслуг у Шумілінскай СШ №2.
Умеюць зарабляць грошы і ў сельскіх школах: Мішневіцкая СШ зарабіла амаль 11 мільёнаў (4,3 – металалом, 1,6 – сельгаспрадукцыя, 5 – паслугі); Мікіціхінская СШ – 5,1 мільёна, Лаўжанская СШ — 4,4 мільёна, Слабадская СШ – 4,2 мільёна рублёў.
Працуюць над дадатковымі даходамі ў дашкольных установах: 3,4 мільёна на рахунку Обальскага дзіцячага сада, па 2,4 мільёна зарабілі дзіцячыя сады № 2 і №3, па 1,5 мільёна — у Светласельскім, Башнёўскім, Шумілінскім №4.
Дровы
У школах і садах маецца 15 уласных кацельняў. Забеспячэнне іх палівам сёлета – гэта адно з праблемных пытанняў. Як патлумачыў начальнік гаспадарчай групы аддзела адукацыі А. А. Ціханенка, пры патрэбе 2500 м3  дроў і 170 тон брыкета назапашана толькі 730 м3 дроў і 65 тон торфабрыкету. Фактычна, дровы ў школы возяць толькі два трактары аддзела адукацыі і адзін з КУП БАН. Прычым лясгас выдзяляе дровы ў Казьянскім лясніцтве. Вазіць адтуль дровы ў Крывое Сяло ці Мішкавічы дорага.
Дастатковы запас паліва маюць Лаўжанская і Добрынская школы-сады. Пэўны запас ёсць у Кардонскай, Язвінскай, Башнёўскай школах, Мішневіцкім д/с. У астатніх адукацыйных установах запасаў паліва няма. Нават тыя, хто гатовы сам забраць дровы ў лесе, не могуць гэта зрабіць з-за іх недаступнасці, як, напрыклад, ў Навіках, дзе двойчы беспаспяхова спрабавалі дабрацца да дроў у лесе.
А да пачатку ацяпляльнага сезона застаецца ўсяго паўтара месяца.

Клумбы в Никитихинской СШ

Парадак
Пераважная большасць устаноў адукацыі — прыклад добраўпарадкавання ў сваім населеным пункце. Сёлета дагледжанымі тэрыторыямі, яркімі кветнікамі сустракалі практычна ўсе школы і дзіцячыя сады. Некаторым было дастаткова навесці парадак і выкасіць траву, каб тэрыторыя выглядала абноўленай. Але большасць праявілі вынаходлівасць, фантазію, працавітасць у аздабленні тэрыторый: новыя малыя архітэктурныя формы, альтанкі, клумбы.
Шумілінская СШ №1, Обальская СШ па-ранейшаму з’яўляюцца ўзорамі афармлення тэрыторыі. Да гэтых устаноў сёлета далучылася Мікіціхінская СШ: прыгожыя дарожкі, адрамантаваны ганак, з густам падабраны асартымент кветак у клумбах і рабатках, вертыкальнае азеляненне стварылі ўласны стыль у афармленні тэрыторыі школы.
Свае знаходкі ў афармлення школьных участкаў з’явіліся ў Мішневіцкай, Лаўжанскай, Шумілінскай №2, Ляжнёўскай, Льнозаводскай школах, у Светласельскім і Шумілінскім №2 дзіцячых садах. Гэтыя элементы могуць стаць асновай для якаснага росту ў аздабленні тэрыторый адукацыйных ўстаноў.
Захоўваюць свае здабыткі ў добраўпарадкаванні Башнёўская, Добрынская, Слабадская школы, Кардонскі дзіцячы сад.
Кадры
Установы адукацыі раёна ў цэлым забяспечаны кадрамі педагогаў і абслугоўваючага персаналу. «Падавалі заяўку сёлета на 21  маладога спецыяліста, – расказала галоўны спецыяліст аддзела адукацыі Н. П. Салабута, – але прыйшлі толькі 10 выпускнікоў ВНУ. Таму будзем вырашаць кадравыя пытанні за кошт пераразмеркавання педагогаў, сумяшчальнікаў, будзем прасіць пенсіянераў».
Пакуль у школах нестае настаўнікаў англійскай мовы (СШ №1), фізікі (Обальская СШ і СШ №1), інфарматыкі (Обальская СШ). Не хапае і дэфектолагаў у Слабадской і Кардонскай школах.
Праблемы
Бадай, самай значнай праблемай сёлета стаў стан спартыўных залаў у Лаўжанскай, Мішкаўскай, Сіроцінскай, Язвінскай школах – патрэбна рэканструкцыя вокнаў.
Вострай застаецца праблема замены вокнаў і ў будынках школ і садоў. Частку рам ужо памянялі на сучасныя шклопакеты (напрыклад, у дзіцячым садку №3), але гэта некалькі вокнаў з соцень патрабуючых замены.
Яшчэ адна праблема – дахі. Яны працякаюць ў многіх школах і дашкольных установах. Зразумела, што для рамонту плоскіх дахаў патрэбны спецыяльныя матэрыялы, спецыялісты і вялікія грошы. Але незразумела было, калі ставіліся пытанні па скатных дахах. Часам кіраўнікі ўстаноў адукацыі і загадчыкі гаспадарак нават не ведалі, дзе цячэ, што трэба рабіць.  А між тым, падчас дастаткова проста лістом бляхі закрыць дзірку ў шыферы ці адрамантаваць гнілы канёк.
Наспела неабходнасць абнаўлення халадзільнай тэхнікі. Падчас будаўніцтва аграгарадкоў новыя халадзільнікі з’явіліся ў многіх дзіцячых садах і школах. Але патрэба ў новых халадзільных і маразільных камерах ёсць практычна ў кожнай установе. Дзе-нідзе ёсць неабходнасць замены і іншай кухоннай тэхнікі.
Каб вырашыць усе гэтыя пытанні адразу спатрэбіцца некалькі мільярдаў рублёў. Такіх грошай у бюджэце няма. Але аб гэтых праблемах ведаюць, яны стаяць на кантролі ў кіраўніцтва раёна і аддзела адукацыі, вызначана чарговасць іх вырашэння.
Так, у час работы камісіі стала вядома, што выдзелена 650 мільёнаў рублёў для завяршэння рамонту фасадаў Шумілінскай СШ №1.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №62 ад 16.08.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *