В Обольской школе Шумилинского района открыта библиотека будущего

Актуалии Образование

У Обальскай школе адкрыта бібліятэка будучага
12 снежня ў Обальскай школе прайшлі святочныя мерапрыемствы з нагоды адкрыцця інфармацыйна-бібліятэчнага цэнтра (ІБЦ). Удзел бралі верныя сябры школы, былы яе дырэктар А. М. Штокін, прадстаўнікі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, мясцовага самакіравання, былыя школьныя бібліятэкары.
Што такое ІБЦ, і каму гэта трэба?
Наўрад ці каму па сілах пераацаніць ролю кнігі. Нават сёння, калі, здаецца, пастаўлена пад сумненне ўсё, што толькі магчыма. У гэтай сітуацыі адны наракаюць на жыццё,  маўляў, моладзь перастала чытаць, а іншыя робяць усё магчымае, каб гэтая самая моладзь, нягледзячы ні на што, чытала. У школьнага бібліятэкара Н. В. Штокінай няма і долі сумнення ў тым, што бібліятэка, як ніякая іншая субстанцыя, павінна, проста абавязана мяняцца, якія б “бязлітасныя” ўмовы ні прад’яўляў праславуты тэхнічны прагрэс. Як ні круці, а чалавеку, школьніку ў дадзеным канкрэтным выпадку, у бібліятэку павінна хацецца. Толькі пры такіх  умовах ён можа па-сапраўднаму захапіцца чытаннем. А ці не гэта самая галоўная і высакародная мэта любога педагога ды і дарослага наогул?
ІБЦ – гэта месца, дзе можна адпачыць, цікава правесці вольны час, пакарыстацца кніжным фондам у самым традыцыйным сэнсе гэтага слова, а таксама адчуць бязмежныя магчымасці, што нязменна адкрываюць перад любым жадаючым новыя інфармацыйныя тэхналогіі. Да паслуг наведвальнікаў тут чатыры камп’ютары з выхадам у інтэрнэт, вялікі плазменны тэлевізар, некалькі сотняў дыскаў.
Калі ласка, толькі па-беларуску
Госці свята з ахвотай згадзіліся паўдзельнічаць у традыцыйнай для Обальскай школы акцыі “Гаворым па-беларуску”. Перад імі стаяла задача на працягу 10-ці хвілін чытаць прапанаваны тэкст на беларускай мове ў адным з класаў. Варта адзначыць, што ніхто не хаваў таго задавальнення, якое атрымаў ад гэтага немудрагелістага працэсу. Адны вучыліся на філолага, іншыя выкладалі беларускую мову ў школе, хтосьці любіць чытаць беларускіх аўтараў – карацей, госці былі ўдзячныя арганізатарам за такую цудоўную мажлівасць узаемін на роднай мове.
– Танцуеце мазурку? Я магу вас
ангажаваць
А тым часам фае школы пераўтварылася ў Кніжную дзяржаву. Кароль з Каралевай (А. М. Штокін і сённяшні дырэктар школы І. А. Чарнічэнка), як і належыць царскім асобам, разам са світай абыходзілі свае ўладанні, цікавіліся справамі падданых. У зале гучала музыка, героі кніг ажывалі, кружыліся ў танцы. На нейкае імгненне падалося, што за акном стаяць карэты, якія хутка будуць развозіць балюючых па дамах. Апагеем чароўнага дзейства стала частаванне ўсіх школьнікаў марожаным.
А мары –
здзяйсняюцца!
І нарэшце гасцей запрасілі ў сам інфармацыйна-бібліятэчны цэнтр. Права перарэзаць чырвоную стужку было дадзена загадчыцы метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Ч. І. Мацуганавай. Канешне, усе прывыклі да таго, што Обальская школа ўмее здзіўляць. Але такога не чакаў ніхто. Мяккія канапы, зручна аформленыя рабочыя месцы, тэхнічная абсталяванасць. Усё аформлена з такім густам, з такой вытанчанай бездакорнасцю, што госці далёка не адразу змаглі звязна выказвацца, каб апісаць свае ўражанні. А Ніна Васільеўна ўзяла ды спела, і гэта канчаткова разняволіла ўсіх, хто сабраўся, аб’яднала вакол галоўнай тэмы – любові да кнігі. Кніга – гэта дзяцінства, гэта першае каханне, гэта сталенне і фарміраванне светапогляду. У любові да кнігі прызналіся ўсе, ніхто не баяўся выдаваць сваіх сакрэтаў, быць наіўным, быць адкрытым, быць самім сабой. Можна не сумнявацца, што ІБЦ ёсць сэнс выкарыстоўваць і ў якасці кабінета псіхалагічнай дапамогі.
А мары здзяйсняюцца. У гэтым упэўнены бацька ідэі стварыць у школе нешта падобнае – Аляксандр Мікалаевіч Штокін. Ён удзячны ўсім, хто давёў яго пачынанні да такога выдатнага фіналу, удзячны людзям, што дапамагалі ўвасобіць задумы матэрыяльна. У прыватнасці, Марату Галіну, дзякуючы бязмежнай шчодрасці якога школе многае ўдаецца ўвасобіць у жыццё. А што тычыцца кнігі, дык А. М. Штокін глыбока ўпэўнены ў тым, што па сіле ўздзеяння на падсвядомасць чалавецтва не прыдумала яшчэ нічога больш магутнага.
Усё не сёння пачалося
Нельга не сказаць і пра тое, што гэтыя святкаванні сталі фіналам вялізнай работы, якая вялася напярэдадні, і якую назвалі “У будучыню – з кнігай”. Актыўныя чытаючыя вучні на чале з Н. В. Штокінай праводзілі абследаванне падручнікаў на прадмет іх захаванасці, хадзілі па мястэчку з заклікамі чытаць кнігі, рабілі рэкламу кнігі, чыталі казкі на ноч выхаванцам прытулка і многае, многае іншае. Ва ўсёй гэтай рабоце яны абапіраліся і на школьных філолагаў.
***
Мы віншуем Обальскую школу з такой грандыёзнай падзеяй і жадаем, каб іх мары і надалей здзяйсняліся.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №98 ад 17.12.2013 г.



1 комментарий по теме “В Обольской школе Шумилинского района открыта библиотека будущего

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *