В Шумилино прошла районная спартакиада среди работников организаций и предприятий

Актуалии Новости Спорт, туризм

У выйгрышы здаровы лад жыцця
На мінулым тыдні  ў Шуміліне прайшла раённая спартакіяда сярод работнікаў арганізацый і прадпрыемстваў на прызы аб’яднання арганізацый прафсаюзаў Шумілінскага раёна. За  перамогу змагаліся 13 каманд, прычым, большасць каманд узначальвалі кіраўнікі арганізацый і прадпрыемстваў.

На цырымоніі ўрачыстага адкрыцця спартакіяды, якая прайшла у суботу, прысутнічалі старшыня райвыканкама Алег Быкаў, старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Новікава і старшыня аб’яднання арганізацый прафсаюзаў Шумілінскага раёна Васіль Юхнавец. Выступаючыя адзначалі, што ў нашым раёне шмат увагі ўдзяляецца спорту і здароваму ладу жыцця.
Цікавай барацьбы, спартыўных дасягненняў і перамог як на спартыўных пляцоўках, так і ў жыцці – такі наказ атрымалі ўдзельнікі раённай спартакіяды.
Праграма сёлетняй спартакіяды ўключала 11 відаў спорту – шашкі, настольны тэніс, гіравы спорт, бадмінтон, стральба з пнеўматычнай зброі, дартс, валейбол, мікрафутзал, чаўночны бег, гарадошны спорт і  кідкі ў баскетбольнае кольца.   Адзначым, што каманды па-рознаму падышлі да спаборніцтваў: адны зрабілі стаўку на гульнявыя віды, другія – на індывідуальныя, але, як паказалі вынікі, у выйгрышы былі тыя, у каго была сыграная каманда.
Спартыўную праграму адкрылі спаборніцтвы па мікрафутзалу, якія прайшлі ў сераду і чацвер. Фармат мікрафутзалу – тры футбалісты без варатара, два таймы па чатыры хвіліны – зрабіў гэтыя спаборніцтвы відовішчнымі і яркімі. Кожны матч быў цікавы і непрадказальны. А колькі напружання было ў фінальных паядынках! У матчы за трэцяе  месца футбалісты з ПМК-70 узялі верх над зборнай камандай РЭС-РЦГЭ. У фінальным паядынку сустрэліся зборная выратавальнікаў і сувязістаў  і каманда аддзела па адукацыі райвыканкама: у асноўны час забітых мячоў не было, усё вырашылася ў серыі пенальці.  Перамогу святкавала зборная каманда выратавальнікаў і сувязістаў.
Вечар пятніцы падарыў шмат яскравых момантаў. Валейбалісты здабывалі пуцёўкі ў фінальны этап. Жанчыны спаборнічалі ў настольным тэнісе і бадмінтоне. Сярод жанчын у настольным тэнісе перамагла Анастасія Раманенка (РЭС-РЦГЭ), у бадмінтоне – Ірына Шалахава (райвыканкам). А Марына Куліковіч з ОКЗ  стала другой і ў тэнісе, і ў бадмінтоне.
Субота – асноўны дзень спартакіяды – выдалася насычанай і напружанай. Кожны з удзельнікаў мог паспрабаваць сябе менавіта ў “сваім” відзе спорту. А выбраць было з чаго – і спаборніцтвы па шашках, настольным тэнісе, валейболе, стральбе, гіравым спорце, чаўночным бегу, гарадошным спорце, кідках у баскетбольнае кольца.  На ўсіх спартыўных пляцоўках кіпелі сапраўдныя спартыўныя баталіі. Ніхто не хацеў прай-граваць, як самі адзначалі ўдзельнікі, справай гонару было паказаць максімальны вынік і не падвесці сваю каманду.
На славу ўдаўся валейбольны турнір. Каманды-фіналісты добра падрыхтаваліся да спартакіяды, паказвалі цікавую камбінацыйную гульню, у кожнай камандзе вылучаўся свой лідар, які вёў сваіх сяброў да перамогі. Прызавая тройка наступная: першае месца – РАНС-ЗВЭС, другое – аддзел па адукацыі райвыканкама, трэцяе – РЭС-РЦГЭ.
У гіравым спорце выдзелім супрацьстаянне двух майстроў спорту – дырэктара лясгаса Аляксандра Лабынцава і намесніка начальніка РАНС Івана Маскалькова. Зразумела, што яны і спаборнічалі за першае месца. Лепшы вынік паказаў Аляксандр Лабынцаў.
У настольным тэнісе мужчыны паказалі якасную гульню. Па-за канкурэнцыяй быў Пётр Ганушчанка (аддзел па адукацыі райвыканкама), які за ўвесь турнір аддаў сапернікам толькі адну партыю. Дапоўнілі прызавую тройку Васіль Серафімовіч (ОКЗ) і Алег Быкаў (райвыканкам).
Прынеслі ачкі сваім камандам Аляксей Шпакаў (УП ЖКГ), Сяргей Белагалоў (райвыканкам) і Руслан Матвейчук (аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама), якія занялі прызавыя месцы ў гарадошным спорце.
Лепшы вынік у чаўночным бегу паказалі атлеты з аддзела па адукацыі райвыканкама. У спаборніцтвах па дартсу перамогі ў Аляксея Цімафеева (“Полацкгаз”) і Валянціны Навіцкай (аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама). У кідках у баскетбольнае кольца перамаглі Андрэй Мазанкоў (райвыканкам) і Вольга Шчамялёва (УП ЖКГ). Самымі трапнымі ў стральбе з пнеўматычнай зброі сталі Васіль Серафімовіч (ОКЗ) і Вольга Вежнавец (“Полацкгаз”). У спаборніцтвах па шашках першыя месцы занялі Леанід Ясяновіч (ЦРБ) і Людміла Доктарава (лясгас).
Васіль Юхнавец разам з пераможцамі спартакіяды – камандай аддзела па адукацыі райвыканкама.

Па выніках спартакіяды першае агульнакаманднае месца заваявалі спартсмены аддзела па адукацыі райвыканкама, другое – спартсмены РЭС-РЦГЭ, трэцяе – Полацкгаз. Кубкі, медалі і дыпломы на закрыцці спартакіяды ўручыў пераможцам і прызёрам старшыня раённага аб’яднання арганізацый прафсаюзаў  Васіль Юхнавец.

Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №92 ад 27.11.2018 г.


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *