Шумилинский торф экспортируют в Турцию и Ирак

Экономика

Трэба рэагаваць на рынак
Сёлета сезон работы на обальскім участку па здабычы і пераапрацоўцы торфу ВУ “Полацкгаз” пачаўся ў канцы красавіка. “Да пачатку работ падрыхтаваліся добра, — адзначае начальнік вытворчасці І. У. Андрэеў, — тэхнікі дастаткова, дзе былі няспраўнасці, адрамантавалі.”
Дырэктар “Полацкгазу” А. А. Прастакоў адзначае, што прадпрыемства спраўляецца з павышанымі планавымі паказчыкамі. Сёлета прадпрыемства павінна здабыць 19 тысяч тон (летась – 8319) і вырабіць 7 тысяч тон кавалкавага торфу (242% да мінулагодняга).
За студзень-чэрвень участак выканаў гадавы план больш чым на 70%. “Надвор’е дазволіла нам арганізаваць дванаццацігадзінную працу на тарфяніках, — расказвае Іван Уладзіміравіч, — такі графік найбольш аптымальны для нашага прадпрыемства”. Асабліва ўдалымі сталі для ўчастка май і ліпень, калі сухое сонечнае надвор’е дазваляла працаваць на поўную магутнасць.
Пераважна прадукцыя ішла з урочышча Чысцік. Сёлета пачаліся работы і ў Сідзені, дзе была здабыта пробная партыя. Торф з новага ўрочышча практычна не мае аналагаў па сваіх характарыстыках у Беларусі, а таму і попыт на яго вялікі. Як вынік, і больш высокі кошт, а гэта дадатковы прыбытак.
Здабыты верхавы торф кіпуюць на продаж, вырабляюць з яго грунт “Дзвіна+”. На прадпрыемстве імкнуцца рэагаваць на кан’юктуру рынку. Фактычна сёння ўчастак працуе на экспарт сваёй прадукцыі за мяжу. Калі за ўвесь мінулы год на экспарт адправілі 2868 тон, то сёлета – ужо чатыры тысячы тон. Павялічылася і геаграфія пакупнікоў: да краін, дзе добра ведаюць обальскі торф, — краін Балтыі, Расіі, Турцыі — далучыліся Балгарыя і Ірак.
“Час прымусіў нас павялічыць  экспарт, — расказвае А. А. Прастакоў, — калі на сусветным рынку ёсць попыт, мы максімальна павінны яго задаволіць, а інакш гэта зробяць канкурэнты”. Кіраўніцтва адзначае, што павелічэнне экспарту з’яўляецца прыярытэтным накірункам развіцця торфаперапрацоўчай галіны.
Што датычыцца ўнутранага рынку, летась обальскі ўчастак выйшаў з новым грунтам “Дзвіна+”, які адразу стаў папулярным у пакупнікоў. Цалкам апраўдала сябе і расфасоўка: пакеты 80 л і 20 л карыстаюцца аднолькавым пакупніцкім попытам. Трэба адзначыць, што тарфяныя сумясі – прадукт сезонны, пік іх продажу прыходзіцца на зіму-вясну.
“Павелічэнне экспарту ніяк не “пакрыўдзіць” унутраны рынак, — падкрэслівае Аляксандр Аляксандравіч, — мы поўнасцю задаволім патрэбы айчыннага рынку. Тым больш, што павялічылі вытворчасць “Дзвіны+”.
Нядаўна ў будынку цэха па пера-працоўцы торфу пачаліся рамонтныя работы. Калі абсталяванне знаходзіцца ў нармальным рабочым стане, то з самім будынкам — праблемы. Не вытрымліваў аніякай крытыкі дах,  яго ў першую чаргу і пачалі рамантаваць.
Робяць стаўку на ўчастку і на кавалкавы торф. Мінулагодняя практыка паказала, што гэты прадукт запатрабаваны. На 1 ліпеня кавалкавага торфу ўжо нарыхтавалі  5063 тоны (план – 7000), што больш чым летась у два разы.
Участак стабільна развіваецца. За шэсць месяцаў прыбытак склаў 146 мільёнаў рублёў, рэнтабельнасць прадукцыі складае 14,9%. Торфаздабытчыкі добра разумеюць, што толькі высокая якасць прадукцыі і нарошчванне яе вытворчасці дазволяць замацаваць свае пазіцыі як на ўнутраных, так і на знешнім рынках.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №62 ад 16.08.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *