Сеў на матацыкл – захоўвай правілы

Безопасность

Сеў на матацыкл – захоўвай правілы

З наступленнем цёплага сезона ўладальнікі мотатранспарту ўсё часцей выязджаюць на дарогі раёна. Адны ездзяць на скутарах, мапедах і матацыклах на работу, іншыя  – на рыбалку ці ў суседнюю вёску да родных. Пры гэтым часта парушаюць правілы дарожнага руху – у гэтым супрацоўнікі ДАІ ўпэўніліся падчас прафілактычнай акцыі “Матацыкліст” і дня бяспекі дарожнага руху “Матацыкл не для самазацвярджэння, а сродак руху”. У адным з такіх рэйдаў разам са старшым дзяржаўтаінспектарам ДАІ РАУС Віктарам Бурлаковым пабывала і карэспандэнт раённай газеты.

Вечарам на дарогах, якія з розных куткоў раёна вядуць у райцэнтр, даволі ажыўлена. За тры гадзіны дзяржаўтаінспектар спыніў 17 уладальнікаў мотатранспарту. Большасць з іх захоўвалі правілы дарожнага руху, ехалі па правілах. Але ж некаторыя іх не захоўваюць. Напрыклад, ля Язвіна быў спынены жыхар райцэнтра, які не меў допуску да ўдзелу ў дарожным руху.
“Чаму не прайшлі тэхагляд?”  – пытаецца інспектар ДАІ ў парушальніка. “Вінаваты, пратэрмінаваў, – пакаяўся мужчына. – Усё адкладваў на потым, матацыкл жа трэба крыху адрамантаваць, а потым ужо на тэхагляд, каб дакладна яго прайсці.  Не хапае на ўсё часу…” На мужчыну быў складзены адміністрацыйны пратакол. Яму пагражае штраф да 3 БВ.
Як расказаў Віктар Бурлакоў, сярод маладых уладальнікаў мотатранспарту ёсць і такія, якія набылі сучасныя матацыклы ці скутары больш для забавы, чым для патрэбы. Некаторыя маюць звычку даваць волю эмоцыям у начны і вячэрні час: разганяюцца па бязлюдных дарогах, слухаючы роў матора і свіст ветру. Але такіх “гоншчыкаў”, аматараў адрэналіну, нярэдка затрымліваюць супрацоўнікі ДАІ, якія дзяжураць на другую змену. Вось і падчас рэйду быў затрыманы малады чалавек, які ў Светласельскім на матацыкле перавысіў хуткасны рэжым на 15 км у гадзіну.  Парушальнік выкліканы на адміністрацыйную камісію, яму пагражае штраф ад 10 да 20 БВ.
“У гэтым годзе ў вобласці здзейснены 2 ДТЗ з удзелам матацыклістаў, два чалавекі атрымалі раненні рознай цяжкасці, – расказаў начальнік ДАІ Мікалай Гаралевіч. – У нашым раёне такіх здарэнняў няма. Але ж сітуацыя на дарогах неспакойная: выяўлена больш за сорак парушэнняў кіроўцамі мотатранспарту. Асноўныя з іх – адсутнасць правоў, дакументаў і тэхагляду. Матацыклісты ездзяць без моташлема, без уключанага бліжняга святла фар. Хочацца нагадаць кіроўцам мотатранспарту: не рызыкуйце сваім жыццём і жыццём іншых людзей, не парушайце правілы і ездзіце на спраўных матацыклах, мапедах і скутарах”.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №39 ад 21.05.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *