Шумилинский район возродил традицию школьных турслётов

Актуалии Образование Спорт, туризм

Прысвячэнне малой радзіме
Турзлёт для школьнікаў – сапраўдная падзея. Гэта не толькі турыстычныя і творчыя выпрабаванні, а і магчымасць цудоўна правесці час, пазнаёміцца з новымі сябрамі.
Тым больш, што раённы турысцкі злёт не праводзіўся апошнія чатыры гады.
“Сёлета вырашылі аднавіць традыцыю правядзення раённых турысцкіх злётаў, – адзначыла начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама  Валянціна Мянькова. – Упэўнена, што падобныя мерапрыемствы папулярызуюць турызм, цудоўна агітуюць моладзь на актыўны адпачынак”.
У мінулы аўторак, 22 мая, у Лескавічах прайшоў раённы турысцкі злёт  школьнікаў, прысвечаны Году малой радзімы. Дзесяць  каманд са школ раёна змагаліся за званне лепшых турыстаў.
Цікава было назіраць за камандамі перад стартам. Юныя турысты сур’ёзна падышлі да справы: і лагеры разбілі, і палаткі ўстанавілі, і быт там навялі. “Апошнія гады  ў нас у школах праходзілі  занальныя турзлёты, – расказвае настаўнік фізкультуры Мікіціхінскай СШ Аляксандр Асташонак. – Ад іх і сёлета не адмаўляемся. Раённы турзлёт – справа іншая. Дзеці адчуваюць адказнасць за школу, за каманду”. А вось настаўнік фізкультуры Слабадской школы Уладзімір Кучко адзначыў, што дзецям падабаецца дух спаборніцтва: “Спадзяюся, што ў наступным годзе турзлёт вернецца да традыцыйнага двухдзённага фармату. Гэта дазволіць павялічыць спартыўную праграму, а значыць, будзе больш уражанняў і эмоцый”.
І вось першы старт. Доўгая дыстанцыя, кантрольна-турысцкі маршрут. Школьнікі няблага справіліся з паўтаракіламятровай дыстанцыяй, якая ўключала купіны, гаць, вязку вузлоў, маятнік, павуцінне, арыентаванне і аказанне медыцынскай дапамогі. Лепшы час паказала каманда  Амбросавіцкай школы, другімі сталі турысты Кардонскай СШ, трэцімі – Шумілінскай СШ №1.
Добрыя навыкі прадэманстравалі школьнікі ў фігурным ваджэнні веласіпедаў. Першае месца – у Шумілінскай СШ №1, другое – Мікіціхінскай СШ, трэцяе – Шумілінскай СШ №2.
Цікавымі і арыгінальнымі выдаліся прадстаўленні, у якіх юныя турысты ў розных формах расказвалі пра сваю малую радзіму. Журы аддала першае месца Башнёўскай СШ, другое – Кардонскай СШ, трэцяе – раённай гімназіі.
Па выніках усіх этапаў і конкурсаў перамогу святкавала каманда Кардонскай СШ, тройку лідараў дапоўнілі турысты з Шумілінскай СШ №1 і Мікіціхінскай СШ.
Алесь САКАЛОЎ.
Надрукавана ў №41 ад 29.05.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *