Оздоровительный лагерь или бабушка? Куда пристроить школьника на лето?

Актуалии Образование

Куды накіраваць паток юнай энергіі?
Лета. Канікулы. Свабода. Паток бурнай юнай энергіі рвецца са школьных дзвярэй. А куды?
Бацькі і настаўнікі кожнае лета ламаюць галовы, як гэтаму патоку надаць арганізаваны накірунак, каб адпачынак быў бяспечным і карысным.

У гэтай няпростай справе Шумілінскі раён напрацаваў пэўны вопыт. Як паведаміла рэдакцыі галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Вольга Далецкая, аздараўленне дзяцей будзе ажыццяўляцца па некалькіх накірунках.
У дзве змены будзе працаваць аздараўленчы лагер з кругласутачным прабываннем “Пунсовы ветразь” у Лескавічах. Першая змена будзе працаваць з 30 чэрвеня да 17 ліпеня, другая – з 21 ліпеня да 7 жніўня.
Таксама адкрыюцца аздараўленчыя лагеры з дзённым прабываннем пры школах. У першую змену (з 8 па 28 чэрвеня) такія лагеры прымуць дзяцей у СШ №1 і СШ №2,  а таксама ў Мішкавічах, Мішневічах, Мікіцісе, Слабадзе, Кардоне. У другую змену (з 6 па 26 ліпеня) будуць працаваць аздараўленчыя лагеры ў Башнях і Амбросавічах, у трэцюю (з 27 ліпеня па 16 жніўня) – пры Обальскай СШ І СШ №2.
Як мінімум 530 школьнікаў змогуць прыняць на аздараўленне вышэй пералічаныя лагеры, зазначыла Вольга Рамасаўна.
Апроч таго, 80 дзяцей прыме спартыўна-аздараўленчы лагер на базе Шумілінскай ДЮСШ, які будзе працаваць у дзве змены.
Арганізоўваюцца і валанцёрскія 9-дзённыя лагеры, якія змогуць прыняць яшчэ 80 школьнікаў. Такія лагеры будуць працаваць днём пры СШ №1 і Обальскай СШ (для дзяцей, якія стаяць на розных відах уліку), а таксама пры Цэнтры дзяцей і моладзі.
Упершыню будзе працаваць 9-дзённы валанцёрскі лагер “Эрудыт” з кругласутачным прабываннем. Ён адкрыецца ў жніўні пры Шумілінскай раённай гімназіі і прыме 25 школьнікаў з кагорты адораных і таленавітых.
Таксама ў жніўні плануецца работа лагера на базе касцёла пры прыходзе Маці Божай Фацімскай, які прыме 60 чалавек з малазабяспечаных і мнагадзетных сямей.
Дарэчы, дзеці-сіроты і тыя, хто застаўся без апякунства бацькоў, пройдуць аздараўленне два разы за лета. Такіх набралася 23 чалавекі.
Дзецям з апякунскіх сямей аддзел адукацыі таксама арганізоўвае пуцёўкі ў лагеры “Ізумрудны” (Глыбоцкі раён), “Лясная паляна” (Віцебскі раён) і  ў лагер “Дружба”. Трое дзяцей з гэтай кагорты паедуць на аздараўленне ў Італію.
Каля 1000 школьнікаў раёна будуць ахоплены гуртковай дзейнасцю – летам пры Цэнтры дзяцей і моладзі і школах будзе працаваць 91 гурток.
Як і ў мінулыя гады, арганізоўваецца другасная занятасць падлеткаў 14-16 гадоў. Такую місію ўзялі на сябе СШ №1 і СШ №2, раённая гімназія, Мікіціхінская, Слабадская, Обальская, Башнёўская і Кардонская школы. 65 школьнікаў будуць займацца добраўпарадкаваннем, рамонтам мэблі, шыццём штор і змогуць атрымаць свае першыя заробленыя рублі.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №41 ад 29.05.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *