Виталий Ищук рассказал старшеклассникам, как стать следователем

Молодёжь Образование

Сустрэча са следчым

Нядаўна ў Шумілінскай СШ №2 адбылася сустрэча старшакласнікаў з намеснікам начальніка раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Віталем Ішчуком.

Віталь Ішчук расказвае школьнікам пра работу следчага.

Следчы – прафесія, пра якую большасць ведае з фільмаў. Ім можа стаць толькі па-сапраўднаму дапытлівы і камунікабельны чалавек, які можа праз некалькі хвілін гутаркі стварыць даверлівую і зацікаўленую атмасферу. Як вядзецца расследаванне крымінальнай справы? Як устанаўліваецца асоба злачынцы? Якая існуе адказнасць за пэўныя злачынствы? Гэтыя пытанні зацікавілі старшакласнікаў, а намеснік начальніка РАСК не толькі адказваў, а і прыводзіў прыклады з уласнай практыкі.
Асабліва ажывіліся вучні, калі Віталь Ішчук пачаў паказваць папку з крымінальнай справай. Хлопцам было цікава ўсё: і «чаму такая тоўстая папка», і «навошта столькі фотаздымкаў», і «як экспертызы робяцца». Вось і прыйшлося Віталю Ішчуку ў падрабязнасцях расказваць, як расследуецца крымінальная справа.
Не абышоў следчы і інтэрнэт. Не сакрэт, што сёння літаральна кожны падлетак «сядзіць» у сацыяльных сетках. І злачынствы, здзейсненыя ў Сусветнай павуцінне – не рэдкасць. «Ліхадзеі ўзламваюць вашы старонкі ў розных сацыяльных сетках, – расказваў намеснік начальніка райаддзела. – А затым «просяць» дапамогу, і людзі даюць рэквізіты сваіх банкаўскіх картак ці проста пералічваюць грошы. Такія справы вельмі цяжка расследуюцца, бо, як паказвае практыка, ІР-адрас злачынцы ці ў Саудаўскай Аравіі, ці ў Велікабрытаніі, ці ў іншай краіне. Будзьце пільнымі, і многія злачынствы будуць папярэджаны».
Віталь Ішчук расказаў, як можна стаць следчым і выказаў спадзяванне, што сённяшнія маладыя людзі трапяць у райаддзел толькі на службу, а не ў ролі абвінавачваемых ці падазраваемых. Таксама падчас сустрэчы быў прадэманстраваны відэаролік пра Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь.
Як паведамілі ў райаддзеле, падобныя сустрэчы пройдуць ва ўсіх сярэдніх школах раёна.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Апублікавана ў №96 ад 08.12.2020 г.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *