Шумилинская СШ №1 порадовала традиционным фестивалем творчества

Культура Образование

“Творчасць без межаў”

18 мая актавая зала СШ №1 вітала ўдзельнікаў і гасцей традыцыйнага фестывалю “Творчасць без межаў”. Фестываль праходзіць у школе ўжо трэці год запар і дае дзецям магчымасць прадэманстраваць свае таленты шырокай публіцы. Судзейская калегія з ліку педагогаў і вучняў ацэньвала выступленні, каб потым вылучыць найбольш таленавітых.
Кожны нумар, былі гэта сольныя спевы, харавое выступленне ці масавая харэаграфічная карцінка, не пакідаў гледачоў абыякавымі. Запомніліся “Калыханка мядзведзіцы” ў выкананні першакласніцы Кацярыны Караленкі, танец “Вожыкі” (1 “А” і 1 “Б” класы), прыгожы “Вясновы вальс” 2 “А” класа, песня “Героі спорту”, якую цудоўна выканалі Ілья Мацвяйчук і Цімафей Судзько (3 “Б” клас).
Адметнай часткай конкурсу сталі выступленні харавых калектываў, доўга апладзіравалі нумарам 1 “А”, 2 “А” і 4 “А” класаў. Упершыню на конкурсе вучні 5 “А” класа (класны кіраўнік  В. А. Баганава) паказалі візітоўку “Мы раскажам пра сябе” з вершамі, жартамі, песнямі і танцамі.
Вельмі творча разам са сваім класным кіраўніком Н. А. Бурэль падышлі да конкурсу вучні 5 “В” класа. Дзеці выступілі з танцавальным папуры. Актыўны ўдзел у падрыхтоўцы да конкурсу прыняла адна з мам – Зінаіда Сцержанкова.
Нельга не адзначыць выступленне 7-х класаў. Хлопцы і дзяўчынкі самастойна падрыхтавалі танцы, а ў зале іх падтрымлівалі класныя кіраўнікі.
Яркі вобраз пад мелодыю песні “Да цябе, Беларусь!” атрымалася стварыць Дар’і Быкавай. Падарункам для гледачоў стаў нумар Марыі Карась, якая выканала песню “Белы храм”. Пранікнёна прагучала песня “Радзіма” ў выкананні выпускніцы школы Лізаветы Гаралевіч.
“У нас атрымалася сапраўднае музычнае свята, – падвяла вынікі намеснік дырэктара С. У. Емяльянава. – У штодзённай рабоце настаўнік перадае веды сваім вучням, але ёсць яшчэ і вольны час, любімая справа, дзе таксама праяўляецца яго творчасць”.
На гэты раз на суд гледачоў было прадстаўлена больш за 50 нумароў,  чатыры гадзіны незабыўных уражанняў, творчых зносін, радасных эмоцый і пачуццяў праляцелі неўпрыкмет.
Вольга  КОЦІКАВА, няштатны карэспандэнт .
Надрукавана ў №41 ад 29.05.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *