Концерт-конкурс танцевальных коллективов стал гвоздём программы детского праздника в Шумилино

Новости Общество

Шоу юных талентаў

Канцэрт-конкурс танцавальных калектываў “Палітра яркіх па” стала цэнтральнай падзеяй “Свята сонечнага дзяцінства”, якое разгарнулася ў шумілінскім парку 1 чэрвеня.

Дванаццаць танцавальных нумароў, прадстаўленых установамі культуры і адукацыі, падарылі гледачам радасны настрой і багата станоўчых эмоцый. А юныя спевакі цудоўна дапоўнілі конкурсную праграму.
Калі гледачы проста атрымлівалі задавальненне ад канцэрта, то журы трэба было ацаніць і выканаўчае майстэрства, і ўзровень харэаграфіі, і касцюмы удзельнікаў ва ўзросце ад чатырох да сямнаццаці гадоў. Хто лепш: “Пчолкі” з раённага цэнтра культуры з “Летнім папуры” ці “Непаседы” з ясляў-сада №1 з “Вясёлай зарадкай”, вучні Шумілінскай СШ №2 з кампазіцыяй “Будзем разам” ці вучні дзіцячай школы мастацтваў з танцам “Барыё-лаціна”. Ад раённага цэнтра культуры выступалі дзіцячы танцавальны калектыў “Шарм”, эстрадная студыя “Асарці”, якая падрыхтавала тры нумары для артыстаў розных узростаў.
І дзеці, і дарослыя, якія назіралі за канцэртам, шчодрымі апладысментамі сустракалі юных выканаўцаў, падбадзёрвалі іх воклікамі, а танцоры шчодра дарылі энергію і весялосць. Нават прапанавалі далучыцца і выканаць адзін танец усім разам.
Напрыканцы канцэрта старшыня журы намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава ўручыла пераможцам дыпломы і прызы ад арганізатара конкурсу – аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. У намінацыі “Высокі ўзровень харэаграфіі” перамога дасталася “Смяшарыкам” (кіраўнік Святлана Раманава) з раённага цэнтра дзяцей і моладзі за танец “Беларусь мая”. “Лепшае выканаўчае майстэрства” паказалі артысты эстраднай студыі “Асарці” (кіраўнік Ілона Карнілава), якія разам са спявачкай Марыяй Карась прадэманстравалі вакальна-танцавальную кампазіцыю “Яшчар”. Дыпломам за “Лепшае касцюміраванне” быў адзначаны танцавальны калектыў ясляў-сада №4 з кампазіцыяй “Танец з парасонамі” (музычны кіраўнік Таццяна Хаеўская). Ну а сапраўднымі “Зорачкамі свята-конкурсу” сталі выхаванцы ясляў-сада №3 з кампазіцыяй “Вянок беларускіх танцаў” (музычны кіраўнік Наталля Самарукава).
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №43 ад 05.06. 2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *