У малых вёсках сходы прайшлі актыўна, у дзелавым ключы

Актуалии Общество Президент

У малых вёсках сходы прайшлі актыўна, у дзелавым ключы

Дзень работы з насельніцтвам у Дабеі пачаўся з наведвання асобных катэгорый вяскоўцаў.

Адзінокія людзі сталага ўзросту, інваліды дзякавалі за ўвагу, дзяліліся сваімі клопатамі і праблемамі.  Першы намеснік начальніка РАУС Аляксей Іспянькоў звяртаў увагу вяскоўцаў на правілы асабістай і маёмаснай бяспекі, старшы інжынер РАНС Дзмітрый Пятроў аглядаў печы, электраправодку, правяраў работу пажарных апавяшчальнікаў. Трэба адзначыць, што ў большасці наведаных быў парадак і на падворку, і ў доме. А вось у сем’ях, якія знаходзяцца ў групе рызыкі, з парадкам у доме і ля яго былі праблемы – бруд, смецце, пустазелле. Прычына такой сітуацыі зразумелая, звычайна ў групу рызыкі трапляюць з-за злоўжывання алкаголем і асацыяльных паводзінаў. Таму і размова з імі была іншая: кантроль і сціслыя тэрміны для ліквідацыі хібаў.
Пасля Дабеі група на чале са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Ірынай Новікавай накіравалася ў Войлавічы, Лялюгі, Сосніна.
Выступаючы перад вяскоўцамі, Ірына Мікалаеўна расказала пра рашэнне праблемных пытанняў, пра розныя варыянты нарыхтоўкі дроў: праз лясгас, саманарыхтоўку, заказ у райпаліўзбыце ці ў прыватных прадпрыемствах і індывідуальных прадпрымальнікаў. Яна адказвала на пытанні, запісвала тыя, што патрабавалі дадатковага вывучэння.
Аляксей Іспянькоў нагадаў вяскоўцам на забарону вырошчвання маку і каноплі, засяродзіў увагу на пытаннях асабістай і маёмаснай бяспекі: не пускаць у хату незнаёмых людзей, не купляць тое, што яны прапануюць, зашчапляцца знутры, каб ніхто не мог трапіць без згоды гаспадара, тым больш зачыняць дамы калі гаспадары ідуць да суседзяў ці на агарод.
Правілы пажарнай бяспекі нагадаў Дзмітрый Пятроў: ужо зараз трэба паклапаціцца пра рамонт печак і комінаў, трэба скасіць і ўбраць траву каля дамоў і гаспадарчых пабудоў.  Згодна з правіламі, распальваць вогнішча можна не бліжэй за 15 метраў ад пабудоў у бязветранае надвор’е, абавязкова пры гэтым мець побач рыдлёўку і вядро з вадой. Выратавальнік расказаў, як з-за спальвання сухой травы ўжо сёлета вясной у вёсцы Талкачова-1 згарэлі два дамы і дзве пабудовы.
Псіхолаг тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ларыса Забаўская расказала пра паслугі, якія аказвае цэнтр, у тым ліку па абкошванні, колцы дроў, пра работу аддзялення кругласутачнага знаходжання ў Мішневічах, дзе могуць знайсці прытулак людзі сталага ўзросту. Начальнік аддзела землеўпарадкавання райвыканкама Зоя Гарэленкава нагадала пра адміністрацыйную адказнасць за закінутыя і неапрацаваныя зямельныя ўчасткі. У 80-90-я гады многія вяскоўцы для вядзення гаспадаркі бралі па гектару зямлі, а зараз гэтая зямля зарастае, таму лепш напісаць заяву ў сельсавет і адмовіцца ад лішкаў, адзначыла Зоя Лявонаўна.
Так, жыхароў Войлавіч, дзе, дарэчы, прайшоў самы актыўны сход, цікавіла пытанне абслугоўвання дарог і вулічнага асвятлення, пашырэння вясковых могілак і афармленне апякунства над пажылым чалавекам, яны паскардзіліся на праблемы з медыцынскім абслугоўваннем. Старшыня Дабейскага сельвыканкама Аляксандр Аляксеенка адразу паабяцаў вяскоўцам абкасіць дарожныя абочыны, таксама расказаў, што да восені будзе адрамантавана і асвятленне ў населеным пункце.
Дружна, па-сямейнаму, сустрэлі групу ў Лялюгах. Наогул, вёска парадавала парадкам ля дамоў, узорнымі клумбамі і кветкамі, дагледжанай і абкошанай тэрыторыяй. Вяскоўцы ўважліва выслухалі інфармацыю, з якой выступілі члены групы, задалі і свае пытанні, у прыватнасці, папрасілі дапамагчы адзінокай жыхарцы вёскі з сацыяльным абслугоўваннем.
У дзелавым ключы прайшла сустрэча і з жыхарамі Сосніна, якія амаль у поўным складзе сабраліся на сход. Дарэчы, тут задалі пытанне наконт нарыхтоўкі сена для адзінай каровы, на што старшыня раённага Савета Ірына Новікава заўважыла, што сена для ўласнай каровы трэба рыхтаваць самім і цяпер, калі і травы хапае, і надвор’е спрыяльнае.
За два дні групы, у склад якіх уваходзілі прадстаўнікі ўлады, раённых службаў і арганізацый, наведалі ўсе вёскі Дабейскага сельсавета, сустрэліся з жыхарамі, сабралі праблемныя пытанні, многія з якіх вырашаліся ў аператыўным парадку, астатнія будуць абагульнены і выкананы ў вызначаны тэрмін.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №46 ад 15.06.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *