Интервью по поводу

Общество

«Настаўнік можа дараваць і нявывучаны ўрок»
Таццяна Васільеўна Дарафеева працуе ў школе ўжо  9 гадоў. Пачынала ў Амбросавіцкай школе, а з мінулага навучальнага года  выкладае гісторыю ў раённай гімназіі. Сярод яе вучняў – удзельнікі і прызёры прадметных алімпіяд. А сёлета яе вучаніца, цяпер ужо выпускніца гімназіі, Кацярына Смыкава стала пераможцай  рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі.
Напярэдадні прафесійнага свята мы задалі педагогу некалькі пытанняў:
– Што паўплывала на Ваш прафесійны выбар?
– Лічу, мне вельмі пашанцавала яшчэ ў школе, бо мне давялося быць вучаніцай Галіны Пятроўны Марозавай (яна выкладала ў нас рускую мову і літаратуру). На жаль, яе ўжо няма з намі. На маю думку, гэта прыклад ідэальнага настаўніка: справядлівага, сумленнага. Менавіта яе праца і стала тым узорам,  стымулам, які вызначыў мой выбар пасля школы.
– Ці адрозніваюцца вучні сельскіх і гарадскіх школ, гімназіі?
– Безумоўна. У сельскай школе дзеці больш шчырыя, яны прасцей, больш адкрытыя, менш спешчаныя. Дарэчы, у гімназіі захоўваецца вось гэтая атмасфера сельскай школы, калі ёсць шчырыя адносіны паміж вучнямі і педагогамі, магчыма, нават, сяброўскія. І адначасова тут вельмі таленавітыя дзеці, з якімі працаваць – задавальненне.
– Якім павінен быць сучасны настаўнік?
– Гэта настаўнік, які ідзе ў нагу з часам, з тэхнічным прагрэсам. Гэта настаўнік, які ведае і разумее вучняў, бярэ да сэрца іх праблемы. Такі настаўнік можа дараваць і нявывучаны ўрок. Настаўнік-дэмакрат. І яшчэ, настаўнік павінен быць гатовы заўжды вучыцца.
— Што для Вас ў настаўніцкай працы самае цяжкае, што самае лёгкае?
— Самае цяжкае для мяне тое, што работа настаўніка не заканчваецца за ганкам школы. Шмат часу трэба адняць у сваёй сям’і, у свайго ўласнага дзіцяці, каб падрыхтавацца да ўрокаў. Яшчэ вельмі цяжка не цягнуць дамоў школьныя праблемы, а свае – у школу.
А лёгка… Напэўна, я таму і абрала прафесію настаўніка, што мне падабаецца працаваць з людзьмі, з дзецьмі перш за ўсё.  У школе кожны дзень непаўторны – новыя падзеі, здарэнні, новыя задачы і праблемы. Гэта заўжды цікава, сумаваць не прыходзіцца.
– Які заробак павінен быць у настаўніка?
– Няма межаў жаданням. Напэўна, кожны чалавек хоча атрымліваць больш высокую зарплату. Настаўніку для гэтага трэба мець вялікую нагрузку. Зразумела, што падрыхтавацца да трох-чатырох урокаў у дзень і правесці іх – гэта адно, а шэсць-восем урокаў – гэта іншая праца. Вось паднялі стаўку да 20 гадзін, але ж усе разумеюць, што нармальна жыць, працуючы толькі на стаўку, немагчыма, трэба браць больш гадзін. А чаму, калі выконваеш норму (стаўку) – настаўнік не можа мець годны заробак?
– Вам сніцца школа?
– Сніцца! Часам сніцца тая атмасфера бесклапотнасці, дзяцінства, якая была ў школе. Толькі стаўшы дарослым, разумееш, што дзверы ў дарослае жыццё – гэта дзверы ў свет праблем і бясконцых клопатаў, а шчаслівая пара бесклапотнасці – у мінулым. Вось таму, магчыма, і сніцца школа, як свет дзяцінства.
– Дзякуй Вам за размову, Таццяна. Поспехаў у працы, дабрабыту  і ладу ў жыцці.
Гутарыў
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *