24 студзеня 1932 года ўбачыў свет першы нумар газеты “Ленінскі шлях” — Да 85-годдзя “Герой працы”

Актуалии Общество

Быў 1932 год, і газету назвалі “Ленінскі шлях”

24 студзеня газета “Герой працы” адзначыць сваё 85-годдзе. Колькі за гэты час падрыхтавана нумароў, колькі надрукавана экзэмпляраў – сёння і не падлічыш. У розныя часы газета выходзіла па-рознаму: і тры разы на тыдзень, і адзін, і два, у гады вайны зусім не выходзіла. Пра што пісала газета? Пра жыццё Шумілінскага раёна і краіны, пра людзей, пра мінулае і сённяшні дзень, пра мары і планы на будучае.
А пачыналася гэта гісторыя 24 студзеня 1932 года, калі ўбачыў свет першы нумар газеты “Ленінскі шлях” Сіроцінскага райкама КПБ і райвыканкама. Пазней газета  мела назву “Сталінскі сцяг”, “Запаветы Ільіча”.
Разам з жыхарамі раёна газета перажыла калектывізацыю, Вялікую Айчынную вайну, адраджэнне народнай гаспадаркі.
У 1962 годзе Сіроцінскі раён быў ліквідаваны і газета не выдавалася.  З 1966 года, пасля аднаўлення раёна, газета носіць назву “Герой працы”.
Дзясяткі людзей звязалі свой лёс з газетнай справай, дарылі раёнцы свой талент і сваю любоў. Як, напрыклад, былы друкар Варвара Мяркур’еўна Карпава.

“Чаму яны ўсе сядзяць і газету дзяўбуць?!”

Яна пазваніла і запрасіла ў госці. Прыходзьце, кажа, усёй рэдакцый. Як не пайсці? Ды не проста госці, а юбілей – 95. Пайшлі, праўда, утрох: рэдактар Сяргей Ермалаеў, Наталля Чарнічэнка ды я.
Яшчэ дзесяць гадоў таму, перад сваім 85-годдзем Варвара Мяркур’еўна сама прыходзіла да нас у рэдакцыю, цікавілася, хто новы прыйшоў у калектыў, як сёння робіцца газета, дзівілася, наколькі тэхнічна ўдасканаліўся працэс стварэння газеты. А на развітанне сказала, што свой юбілей прыйдзе адзначаць у рэдакцыю, з шампанскім. І прыйшла.
Варвара Мяркур’еўна на ты са сваімі гадамі. Якім цудам ёй ўдалося захаваць такі розум, такія мазгі – дзівімся.
Яна вялікая жартаўніца, наша Мяркур’еўна. Напэўна, і ў гэтым сакрэт яе даўгалецця і яркага ўспрымання жыцця. Ёй споўнілася 95 – на дзесяць гадоў больш чым раёнцы. А яна не губляе цікаўнасці да жыцця і ўспаміны яе напоўнены святлом і гумарам. Слухаць яе адно задавальненне.
Вось зноў яна ў тым далёкім 1938 годзе, ёй, 16-гадовай, патрэбна работа, і рэдактар газеты Сямён Міхайлавіч Кароткін – той самы, будучы праслаўлены камбрыг – згаджаецца ўзяць яе друкаром. Але ў штаце няма вакансіі і нейкі час ён выплачвае то 5, то 15 рублёў з уласнага ганарару. За гэты першы самастойны “хлеб” яна ўдзячна і сёння.
Рэдакцыя газеты перад вайной месцілася ў “галубятні” – так называлі пакой на другім паверсе цяперашняга райбыткамбіната. У “галубятні” стаялі два сталы, заваленыя газетамі і махоркай. А друкарня знаходзілася ў канцы вуліцы Ленінскай.
… Цень кладзецца на твар, калі ўспамінае вайну, голад, суп з крапівы і лебяды. А колькі працы каштавала аднаўленне не, не ўсёй народнай гаспадаркі, а толькі аднаго яе маленькага вінціка – друкарні раённай газеты. Не было на чым прывезці паперу з Віцебска, і яны, жанчыны, неслі рулоны на плячах, цягнулі волакам. “Бывала, разлахмаціцца тая папера, тады абразаем”, –  Варвара Мяркур’еўна зноў усміхаецца і расказвае пра керагаз, на якім варылі бульбу ў рэдакцыі.
“Не хапала часу, каб схадзіць дамоў на абед, ды і што там есці, дык мы на рабоце паставілі керагаз і цёрку, бульбы наварым, рэдзькі натром, збегаем за смятанай – магазін быў, дзе цяпер райпо, і смачней абеду прыдумаць нельга”.
Цікава, што яна сёння памятае ўвесь працэс вёрсткі газеты, расказвае пра макет газеты, пра пункты і квадраты, пра шрыфты і калонкі. “А я і сёння магла б звярстаць” – кажа Мяркур’еўна, і мы ніколькі не сумняваемся.
У яе памяці захоўваецца нямала кур’ёзных выпадкаў з газетнага жыцця. На той час, калі здараюцца, яны здаюцца трагедыяй, і ўсю рэдакцыю ажно трасе ад дапушчанай памылкі ці якога недагляду. Але пройдзе час – і трагедыя пераўтвараецца амаль што ў анекдот. Дык вось адзін з такіх рэдакцыйных анекдотаў былы друкар расказала нам на сваім юбілеі.
Быў звычайны рабочы дзень. Вёрстка чарговага нумара падыходзіла да свайго завяршэння. Працэс гэты доўгі, карпатлівы: трэба было браць кожную літару з касы ручнога набору і складваць словы. Потым словы клаліся ў радкі – вузкія свінцовыя пласцінкі, і вярстальшчык уручную састаўляў іх у суцэльны тэкст… А калі памылка? Вось пра гэта і размова. Рэдактар заўсёды знойдзе памылкі ці прычэпіцца да якога слова, а ты перапраўляй. Вось і тут, у словазлучэнні “ён не шкадуе сябе на рабоце” рэдактар замяніў слова “работа” на “працу”. І ўсё б нічога, але выцягнуць з радка адну “работу” Мяркур’еўне не ўдалося, давялося спачатку выцягнуць “сябе”, потым хутка склала “працу”, паставіла і “сябе”, але ў спешцы неяк не заўважыла, што літара с адвалілася і засталася сіратліва ляжаць на стале…
Тыраж у 6 тысяч экзэмпляраў (сёння гэты тыраж для нас здаецца фантастычна зайздросным!) быў надрукаваны. А ў Мяркур’еўны быў адгул, ёй дазволілі ўзяць рэдакцыйны веласіпед, каб з’ездзіць па ўласных справах у Лоўшу. Але яе чамусьці з раніцы цягнула ў рэдакцыю. “Зайшла і не магу зразумець, чаму яны ўсе сядзяць і газету дзяўбуць?!”
Да адпраўкі на пошту першы нумар ужо надрукаванага тыражу чытаў рэдактар, ён і вычытаў, што ў словаспалучэнні “ён не шкадуе сябе на працы” не хапае літары с. Вядома, разумны чалавек зразумее, што гэта тэхнічная недакладнасць, але савецкая газета не мае права на такія недакладнасці.
Вось і сядзела ўся рэдакцыя, і “дзяўбла” ўручную літару с на кожны з 6 тысяч экзэмпляр (не пазайздросціш!).
Успаміны, здымкі, радасць сустрэчы. Час ляціць хутка. Вунь і 95 праляцела. А, здаецца, што толькі ўчора ёй было 16, і яна прыйшла ў рэдакцыю прасіцца на работу…
Здароўя Вам, Варвара Мяркур’еўна, сонечных светлых дзён! Дзякуй Вам за працу, за святло душы!
Аліна ПЯТРОВА.
Фота Наталлі ЧАРНІЧЭНКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *