Пра што пісала “Герой працы” ў 1991 годзе

Актуалии Общество

Пра што пісала “Герой працы” ў 1991 годзе

Колькі выехала за мяжу?
– Ці не маглі б даць інфармацыю аб выездзе віцяблян за мяжу?
У. Максімаў.
… Летась на пастаяннае месца жыхарства за мяжу выехалі 2597 чалавек, у тым ліку ў Ізраіль – 2579. Лічба выехаўшых у параўнанні з 1989 годам павялічылася ў 10 разоў. Заўважым, што закон аб уездзе і выездзе ўсё яшчэ не прыняты. Можна ўявіць, што пачнецца, калі яго прымуць.
Проста па запрашэннях у сацкраіны (тэрмін яўна ўстарэў) выязджалі 14407 чалавек, у капіталістычныя – 866…

Ліжучы, не пад’есці

“Пачаўся III квартал, а мы да гэтага часу не ведаем, якія ўстаноўлены нормы продажу мукі, крупы, іншых тавараў на кожнага жыхара. Не спяшаюцца, відаць, інфармаваць нас аб гэтым ні выканком, ні райспажыўсаюз. Не спяшаюцца работнікі гандлю і атаварваць насельніцтва пералічанымі прадуктамі, а таксама цукрам, Не ведаем, як дзе, а ў нас, гэта значыць у вёсцы Слабада Сіроцінскага сельсавета, на аднаго чалавека, напрыклад, адпускаюць ажно… па 200 грам мукі на квартал. Вось і рабі з ёй што хочаш. Нездарма ж кажуць у народзе: “Ліжучы, не пад’есці”. Так што пра аладкі застаецца толькі марыць.
А можа вінаватыя ў гэтым работнікі гандлю?..”
М. ГУТАРЭНКА, жыхар вёскі Грышаны.

Маліся Богу, бабка…
Акурат у дзень святога Сергія Раданежскага (па найменні царквы) у вёсцы Лескавічы прылюдна адкрыўся божы храм. Гэта было першым афіцыйным адкрыццём, а значыць, прызнаннем у нашай вобласці царквы, як не толькі месца для богаслужэння, а і прызнанне прыгожага, што радуе вока і сэрца. Прыехалі на адкрыццё і кіраўнікі раёна.
Быў праведзены крыжовы ход вакол зноўку народжанай царквы, спяваў архірэйскі хор з горада Віцебска. Было шматлюдна, прыехалі нават вернікі з абласнога цэнтра. Сапраўды, падзея неардынарная. Як у навіну было тутэйшым людзям правядзенне літургій  лескавіцкай праваслаўнай царкве.
Толькі свечак прадалі ў той дзень больш як на 1000 рублёў…
Ю. СІНІЦЫН, стараста Лескавіцкай царквы.

На думку камуністаў
Камуністы саўгаса “Лаўжанскі” прадумалі праграму сваёй работы ў пярэдадзень рэферэндуму па захаванні СССР. Ва ўсіх цэхавых партарганізацыях прайшлі сходы, на якіх камуністы выказалі свае адносіны да праводзімай кампаніі, падзялілі апасенні за лёс краіны. Адзначана таксама, што тутэйшыя партыйцы за тое, каб Беларусь захавалася незалежнай, суверэннай рэспублікай, але толькі ў складзе Саюза ССР…
Н. АБРАМАВА, грамадскі карэспандэнт.

Прагаласавалі за Саюз
Актыўны ўдзел прынялі жыхары Шуміліншчыны ва Усесаюзным рэферэндуме 17 сакавіка 1991 года. У спісы для галасавання было ўключана 20 тысяч 886 чалавек. На выбарчыя ўчасткі прыйшло 19170 чалавек, або 91,9% насельніцтва, якое мае права ўдзельнічаць у галасаванні.
За захаванне абноўленага Саюза выказаліся 17408 чалавек, або 90,8%. 1580 чалавек пакінулі ў бюлетэні адказ “не”, 182 бюлетэні прызнаны несапраўднымі.

Архівы апячатаны
Згодна з пастановай Савета Міністраў БССР і ўказаннем упраўлення ўнутраных спраў аблвыканкома 26 жніўня ў 1 гадзіну 15 хвілін апячатаны архівы Шумілінскага райкома КПБ і Шумілінскага райкома ЛКСМБ, а таксама сектар партыйнага ўліку райкома КПБ.
Работы па апячатанню праводзіліся супрацоўнікамі Шумілінскага райвыканкома і праваахоўнымі органамі раёна.
Падшыўкі гартала Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №15 ад 21.02.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *