Бывай, раённае радыё!

Актуалии Общество

Бывай, раённае радыё!
Шаноўныя чытачы, слухачы раённага радыё. Праўда, слухачы цяпер толькі былыя. Так, з 1 студзеня гэтага года вяшчанне перадачы раённага радыё спынена.
Шумілінскае раённае радыё ў апошні час выходзіла ў эфір на ўльтракароткіх хвалях першага нацыянальнага канала па пятніцах у 21.05. Мы, як і большасць іншых раённых радыёпраграм, што называецца, “уразаліся” у вяшчанне галоўнага нацыянальнага канала, бо пра магчымасці мець сваю ўласную частату марыць не прыходзілася. Сітуацыя была часовай і вырашалася цэлы год. У выніку доўгіх абмеркаванняў на ўзроўні Міністэрстваў было прынята рашэнне “спыніць з 1 студзеня 2016 года практыку “ўрэзак” у радыёэфір на частотах Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё на ранейшых умовах,  бо гэта не адпавядае заканадаўству Рэспублікі Беларусь”.
Сёння, азіраючыся назад, нават і не верыцца, але я адпрацавала рэдактарам раённага радыё цэлых 11 год. Калі я прыйшла ў рэдакцыю, галоўны рэдактар Аліна Пятрова прапанавала працу на радыё. Так пачалася мая кар’ера радыёжурналіста.
У тэхнічным плане паміж стварэннем радыёперадачы сёння і тады – бездань. З дапамогай магнітафона (пазычанага ў СШ №1) і некалькіх касет трэба было рабіць перадачы і выходзіць у эфір два разы на тыдзень. Не самая простая задача, скажу я вам. Трэба было пастаянна запісваць інтэрв’ю, выступленні спецыялістаў, рабіць рэпартажы, а для апрацоўкі і мантажу матэрыялаў магчымасці не было. Запісаць на плёнку і сцерці запіс – вось і ўсе магчымыя аперацыі.
Але сітуацыя хутка выправілася: рэдакцыя не пашкадавала грошай на новае абсталяванне: камп’ютар, сучасны дыктафон, мікрафон. Сябры з абласнога радыё з радасцю давалі парады, дапамаглі ва ўсім разабрацца. І мы аднымі з першых у вобласці сталі рабіць перадачы з дапамогай камп’ютарных праграм. Праўда, раённы вузел электрычнай сувязі яшчэ доўга не мог прапанаваць сучасных варыянтаў падачы радыё, а таму перадачы запісваліся на дыскі і “пускаліся” са звычайнага хатняга DVD-прайгравальніка. Але сам працэс іх стварэння ўжо нічым не ўступаў абласным ці нават рэспубліканскім праграмам. Радыё пачало выходзіць тры разы на тыдзень. Хутка і на РВЭС з’явіўся камп’ютар.
У 2014 годзе правадное радыё ў нашай краіне было ліквідавана. Многія, у тым ліку і некаторыя нашы слухачы, спрабавалі супраціўляцца ўпэўненаму націску тэхнічнага прагрэсу. Але натуральна, што правады, як рудымент былой эпохі, не мелі ніякіх шанцаў на існаванне. Пакрысе ўсе жадаючыя абзавяліся канальнымі радыёпрыёмнікамі і прывыклі да новага.
Як гэта ні дзіўна, але менавіта тэхнічны прагрэс спыніў работу рэгіянальнага радыё. Магчымасці “ўразацца” ў рэспубліканскае вяшчанне, якую давалі правады, цяпер няма. Усе, хто хоча вяшчаць, павінны набыць частату, мець для гэтага пэўныя тэхнічныя магчымасці.
Вось і закончылася мая кар’ера радыёжурналіста. Крыху сумна. Але жыццё працягваецца, і мы будзем працягваць сустракацца на старонках раённай газеты “Герой працы”.
З любоўю і павагай, былы рэдактар раённага радыё
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў № 5 ад 19.01.2016 г.



3 комментария по теме “Бывай, раённае радыё!

  1. что-то мне подсказывает скоро и районная газета присоединится к радио

  2. А зачем властям лишняя обуза? Думаю, столичное лобби сделало своё дело, доказали, что районное радио анахранизм. Не вписывается в правовое поле. Жаль. Да и районка, такой, какя она есть, вряд ли нужна. Всё чисто, гладко, прилизано…

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *