В субботу «прямую линию» с населением Витебщины проводил председатель облисполкома Николай Шерстнёв

Актуалии Власть

Праблемы неабходна вырашаць на месцах
У мінулую суботу “прамую лінію” з насельніцтвам Віцебскай вобласці праводзіў старшыня аблвыканкама М. М. Шарснёў. За тры гадзіны да кіраўніка вобласці змаглі дазваніцца 29 чалавек. Геаграфія званкоў была даволі шырокай: Віцебск, Чашнікі, Орша, Полацк, усяго – з 12 раёнаў вобласці, быў званок з Ваўкавыска, што на Гродзеншчыне.
Мікалай Мікалаевіч кожнага слухаў цярпліва, уважліва, унікаў у сутнасць праблемы, раіўся са спецыялістамі абласных службаў, кіраўнікамі адпаведных раёнаў. Галоўны прынцып  работы старшыні аблвыканкама – адказаць чалавеку так, каб гэты адказ быў вычарпальны, канчатковы, нават калі ён і адмоўны. Але ў пераважнай большасці выпадкаў кіраўнік вобласці усё ж імкнуўся дапамагчы чалавеку, вырашыць праблему станоўча.
Павагу выклікалі грамадзяне, якіх хвалявалі не асабістыя, а агульныя праблемы, як, напрыклад, завяршэнне даўгабудаў раённай бальніцы ў Оршы, цэнтра рэабілітацыі інвалідаў-афганцаў у Віцебску. Але ўсё ўпіраецца ў фінансаванне. Ёсць верагоднасць, што гэтыя аб’екты нарэшце будуць уведзены ў строй у наступным годзе.
Былі цікавыя ініцыятывы грамадзян, як, напрыклад, правядзенне Дня беларускага пісьменства ў 2018 годзе ў самым маленькім, але з вялікай гісторыяй, горадзе нашай краіны – Дзісне (Міёрскі раён). Прыемна было пачуць словы падзякі кіраўніцтву Лепельскага раёна за чулыя адносіны і аператыўнае рашэнне праблемных пытанняў.
Але большасць пытанняў традыцыйна тычылася праблем жыллёва-камунальнай гаспадаркі і прыватызацыі ці будаўніцтва жылля. Некалькі званкоў узнімалі вострую праблему выплаты зарплаты ці дзіцячай дапамогі ў сельгаспрадпрыемствах. Кіраўнік вобласці гаварыў заяўнікам, што праблема на пастаянным кантролі ўлады ўсіх узроўняў. Ну а, як кажуць, “за кадрам” кіраўнікі райвыканкамаў атрымлівалі даручэнне вырашаць праблему як мага аператыўней, хаця зараз гэта і няпростая задача.
Некаторыя заяўнікі, пацярпеўшы паражэнні ў судах, спрабавалі знайсці пазасудовае рашэнне ў губернатара. Прыходзілася тлумачыць, што калі чалавек не згодны з рашэннем раённага суда, ён можа абскардзіць яго ў вышэйшым судзе. Суд – гэта вышэйшая інстанцыя ў дзяржаве і ніякая службовая асоба не можа адмяніць судовае рашэнне.
Падводзячы вынікі “прамой лініі”, кіраўнік вобласці адзначыў, што большасць пытанняў сведчыць пра непрафесійную работу спецыялістаў на месцах. Па многіх пытаннях адчуваецца, што чалавека проста не выслухалі, адказалі адпіскай, не захацелі ўнікнуць у праблему. Як заўважыў старшыня аблвыканкама, такога не павінна быць, такія супрацоўнікі не могуць працаваць з людзьмі. Праблемы павінны вырашаць спецыялісты на месцах, а не даводзіць іх рашэнне да ўзроўню кіраўніцтва раёна ці вобласці.
*     *     *
Паралельна з абласной праводзілася “прамая лінія” ў Шумілінскім райвыканкаме. Выконваючы абавязкі старшыні райвыканкама В. Ц. Мянькоў адказаў на тры тэлефонныя званкі.
І першы званок быў, нечакана, з Дубровенскага раёна. Былога жыхара вёскі Стралкі Каўлякоўскага сельсавета хваляваў парадак на мясцовых могілках. Там непагадзь калісьці паваліла дрэвы, камунальныя службы прыбралі драўніну, а вывернутыя карані пакінулі. Васіль Цімафеевіч даручыў УП ЖКГ давесці справу да канца і навесці на могілках парадак.
З вёскі Глушыца прасілі дапамагчы атрымаць разлік за здадзенае ў ААТ “Лаўжанскае” цяля. Кіраўніцтва прадпрыемства абяцала ў пачатку тыдня разлічыцца з заяўніцай, якая, дарэчы, штогод здае цяля ў “Лаўжанскае”.
А вось жыхарку райцэнтра хваляваў стан вуліцы Новай, па якой пасля падсыпкі шчэбеню не тое, што на абцасах, а і наогул, можна прайсціся з цяжкасцю. Выйсце адно – пачакаць, пакуль шчэбень укачаюць. Такія скаргі былі і з вуліц, якія падсыпалі шчэбенем вясной, а зараз там роўная дарога. А пакуль адпаведныя службы атрымалі заданне дадаткова прыкачаць падсыпаны шчэбень катком.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №58 ад 28.07.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *