Шумилинская молодёжь благоустраивала святую Пятенку

Актуалии

Аднавіць святыні краіны

Ёсць на шумілінскай зямлі каля былой вёскі Казаногава святое месца – Пяценка. Калісьці там была царква ў гонар Святой Параскевы Пятніцы. Храм вельмі шанаваўся навакольнымі сялянамі, у царкву прыязджалі паломнікі і з іншых мясцін. Крыніца, якая біла з-пад падмурка храма, лічылася святой і гаючай.
З часам ад храма застаўся толькі падмурак, на якім мясцовыя энтузіясты пабудавалі каплічку, уладкавалі калодзеж з крынічкай і купальню.

15 чэрвеня працоўны дэсант шумілінскай моладзі накіраваўся ў Пяценку, каб далучыцца да рэспубліканскай акцыі БРСМ “Аднаўленне святынь Беларусі”, дапамагчы з адраджэннем святой Пяценкі.
Пра гісторыю Пяценкі расказаў вядомы шумілінскі краязнаўца Віктар Улюценка, які быў адным з тых, хто 25 год таму пачаў аднаўляць гэтае святое месца. “Святую Параскеву Пятніцу вельмі шанавалі нашы продкі, – расказаў Віктар Васільевіч. – Напачатку Параскева Пятніца была сімвалам міру, пазней стала ўспрымацца як ахоўніца сямейнага дабрабыту. Пра папулярнасць святой сведчыць той факт, што на Беларусі існуе 56 мясцін, звязаных з Параскевай Пятніцай, з іх два – на Шуміліншчыне”.
Маладыя людзі дружна далучыліся да агульнай справы: добраўпарадкавалі тэрыторыю, пафарбавалі агароджу, прывялі ў парадак ганак капліцы. Як адзначыла в.а. першага сакратара райкама ГА БРСМ Вольга Рылова, гэта толькі пачатак работы. “Хочацца зрабіць так, каб Пяценка стала адной з папулярных турыстычных кропак Шуміліншчыны, – сказала Вольга. – Нашу ініцыятыву падтрымалі раённыя ўлады, і цяпер важна давесці гэту высакародную справу да канца”.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №47 ад 19.06.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *