Как живут и работают молодые специалисты в ОАО «Приозёрный мир» Шумилинского района

Актуалии Молодёжь Сельское хозяйство

Працуюць, вучацца, жывуць
У ААТ “Прыазёрны мір” працуюць 34 чалавекі, якім не споўніўся 31 год. Гэта значыць, па статусу яны адносяцца да катэгорыі “моладзь”.  Сярод іх – жывёлаводы, ветурачы, бухгалтары,  загадчыкі фермаў, механізатары, вадзіцелі, слесары.
Восенню мінулага года ў “Прыазёрны мір” прыйшлі працаваць дзесяць маладых спецыялістаў. Бухгалтары Алена Бяляева і Кацярына Хрыпач закончылі Полацкі дзяржаўны аграрна-тэхналагічны каледж. Зараз працуюць і вучацца завочна ва ўніверсітэтах. Атрым-лівае вышэйшую адукацыю і эканаміст Марыя Ляшкевіч.
Яна Балашова (на здымку) працуе ў “Прыазёрным міры” ветэрынарным урачом. У мінулым годзе з Віцебскай ветэрынарнай акадэміі атрымала накіраванне на Шуміліншчыну. І сёння не шкадуе, што трапіла ў Амбросавічы – аграгарадок дзяўчыне падабаецца.
Хоць Яна Балашова вырасла і ў горадзе, але ехаць працаваць на вёску не баялася – сельскагаспадарчую прафесію выбірала ўсвядомлена. “Прынялі мяне ў гаспадарцы добра, – кажа дзяўчына. – Усе ўзяліся дапамагаць, тлумачыць. Канешне, многае я і сама ведала. Але ж  практыка – ёсць практыка. Тут трэба ўмець усё рэальна і хутка. Таму ўдзячна ўсяму калектыву фермы Амбросавічы, на якой працую ветурачом, за падтрымку”.
Святлана Паўлава – калега Яны. Таксама ветурач, і таксама з Віцебска. Лічыць, што такая гаспадарка, як “Прыазёрны мір”, – добры старт для прафесіі.
Дарэчы, Яне Балашовай выдзелілі ў Амбросавічах кватэру са зручнасцямі. “Увогуле ўсім прыезджым спецыялістам прадаставілі жыллё, – кажа старшыня прафсаюзнай арганізацыі “Прыазёрнага міру” (дарэчы, таксама малады спецыяліст) Таццяна Сільчанка. – Кватэры рыхтавалі, рамантавалі, мянялі сантэхніку, ставілі воданагравальнікі. Згодна з калектыўным дагаворам моладзі выплацілі пад’ёмныя. А дзеля матэрыяльнай падтрымкі маладым спецыялістам кожны месяц да заробку плацяць яшчэ па тарыфнай стаўцы першага разраду”.
Алена Кулёміна таксама малады спецыяліст. Яна працуе загадчыцай фермы Дабея. Нялёгкі ўчастак работы. Але дзяўчына стараецца, адзначае кіраўніцтва гаспадаркі.
Пабагацеў летась “Прыазёрны мір” і на рабочыя рукі. Механізатарамі прыйшлі працаваць  Грынчанка Кірыл, Губайдулін Арцём, Тарасенка Арцём,  Вячаслаў і Уладзімір Косцеравы. Усе хлопцы мясцовыя – з Амбросавіч і блізляжачых вёсак. Дырэктар ААТ “Прыазёрны мір” В. В. Юхнавец спадзяецца, што яны застануцца працаваць у гаспадарцы надоўга. А вось Кірыл Грынчанка прыехаў з Віцебска. У яго ў блізляжачых вёсках жывуць родзічы, бацькі таксама адсюль родам. Вядома, у хлопца была магчымасць уладкавацца ў горадзе. Але ж ён выбраў вёску.
А вось Арцём Сухарэўскі, які працаваў у “Прыазёрным міры” брыгадзірам, зараз служыць у арміі. “Арцём нам часта тэлефануе, – гаворыць намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце “Прыазёрнага міра” Н. М. Юхнавец. – Пытаецца, ці прымем яго на работу пасля арміі. А чаго ж не? Талковыя спецыялісты нам патрэбны”.
Што тычыцца прыезджых дзяўчат, то многія яшчэ не вызначыліся, прыглядаюцца. Хаця, як паказвае жыццё, большасць усё ж з’язджаюць. Калі толькі мясцовыя хлопцы зацікавяць – тады, можа, хто і застанецца. Тым больш, што ў Дабеі ў гэтым годзе будуюцца чатыры новыя дамы прысядзібнага тыпу. І кіраўніцтва гаспадаркі абяцала іх выдзеліць маладым сем’ям.
Так, напрыклад, атрымалі дом у Амбросавічах намеснік галоўнага бухгалтара Анастасія Палонская. Яе муж, Арцём Цырша , не пабаяўся вясковага жыцця – прыехаў у Амбросавічы ўслед за жонкай. Па спецыяльнасці сам будаўнік, але зімою для мясцовай будаўнічай брыгады работы няма, таму  ўладкаваўся працаваць падсобным рабочым і качагарам на ферме. Маладая сям’я задаволена, што мае асобны дом, што ў доме газавае ацяпленне. Анастасія і Арцём пачалі абзаво-дзіцца гаспадаркай – разводзяць трусоў. “Магчыма, і застанёмся ў Амбросавічах, – кажа Анастасія. – Ва ўсялякім разе, умовы працы тут годныя. Думаем, жыццё падкажа нам правільны выбар”.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №15 ад 22.02.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *