Шуміліна збіраецца на “Славянскі базар”

Актуалии Культура Новости

Шуміліна збіраецца на фестываль

Зусім хутка, 12 ліпеня, заспявае-зайграе шумлівы шматгалосы “Славянскі базар”. На фестываль мастацтваў, як заўсёды, панаедзе багата гасцей з усяго свету, а кожны дзень будзе літаральна да адказу запоўнены цікавымі мерапрыемствамі на любы густ. Свае кветкі ў агульны святочны вянок “Славянскага базару” ўплятуць і шумілінцы.
Пра тое, хто канкрэтна атрымаў запрашэнне на ўдзел у прэстыжным міжнародным фестывалі, рэдакцыі паведаміла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Валянціна Навіцкая.

У дзень адкрыцця фестывалю 12 ліпеня ў абласны цэнтр накіруюцца тры калектывы Шумілінскай дзіцячай школы мастацтваў. Узорны духавы аркестр (кіраўнік Валерый Латковіч) і народны духавы аркестр (кіраўнік Руслан Матвейчук) прымуць удзел у абласным конкурсе духавых аркестраў “Віват, аркестр-2018!” (конкурс уключае і дэфіле – такі інтрыгуючы штрых падрыхтаваны для аматараў духавой музыкі). Конкурс пройдзе на сцэнічнай пляцоўцы плошчы Перамогі.
Яшчэ адзін калектыў Шумілінскай ДШМ, без якога не абыходзіцца ніводнае свята ў раёне і многія ў вобласці, – ансамбль барабаншчыц (кіраўнік Кацярына Кузьміна) упрыгожыць праграму “Славянскага базару”. Пасля шэсця ў святочнай калоне разам з духавымі аркестрамі, якое пойдзе ад плошчы Свабоды да плошчы Перамогі, калектыў прыме ўдзел у міжнародным конкурсе барабаншчыц і мажарэтак. Дарэчы, нашы барабаншчыцы выступяць у новых касцюмах, якія для іх пашылі да гэтага сезона.
Ад званка да званка, на працягу ўсіх фестывальных дзён, будзе працаваць у фестывальным Віцебску калектыў майстроў Шумілінскага дома рамёстваў (кіраўнік Анжэла Сяргеева).
13 ліпеня, напрыклад, майстры Шумілінскага дома рамёстваў прымуць удзел у Нацыянальным свяце-конкурсе народнага традыцыйнага касцюма “Сцяжкі майстэрства”.
13-15 ліпеня лепшыя майстры раёна пакажуць сябе ў традыцыйным міжнародным конкурсе па кераміцы і  ганчарстве “Гліна спявае”.
14-15 ліпеня на плошчы Свабоды адкрые дзверы “Шумілінскі панадворак”, дэманструючы ўсім удзельнікам свята сваю гасціннасць і таленты.
14 ліпеня на плошчы Свабоды наш раён прадставіць сваю праграму на свяце-конкурсе тэатралізаваных прадстаўленняў брэндаў гарадоў і раёнаў вобласці.
У гэты ж дзень тры танцавальныя калектывы – з Шумілінскага раённага цэнтра культуры, Обальскага ГДК і Лаўжанскага цэнтра культуры і вольнага часу – стануць удзельнікамі V Турніру бытавых танцаў.
15 ліпеня на плошчы Свабоды адбудзецца абласны конкурс ансамбляў народных інструментаў і частушачнікаў “А музыкі граюць-граюць”.  Шуміліна на ім прадставяць трое віртуозаў частушачнага жанру разам з акампаніятарам з Шумілінскага раённага цэнтра культуры.
Многа шумілінцаў паедуць на “Славянскі базар” па сваёй уласнай праграме: адны нешта прадаць, другія – купіць, трэція – падзівіцца, чацвёртыя – павучыцца. І няхай усім пашчасціць!
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №52 ад 10.07.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *