Доска почёта Шумилинского района: Иван Аверченко

Актуалии Экономика

Справа жыцця Івана Аверчанкі

Гэта сёння моладзь марыць пра электроніку і лагістыку, а ў 70-ыя гады мары былі больш прыземленымі, кажа Іван Карпавіч Аверчанка з Сіроціна. Напрыклад, сам ён з дзяцінства ведаў, што звяжа сваё жыццё з тэхнікай. А як інакш – побач жа быў паказальны прыклад – бацька, які ўсё жыццё працаваў у калгасе механізатарам.
Калі Іван закончыў курсы механізатараў, а потым вучыўся ў віцебскай аўташколе на вадзіцеля, была магчымасць уладкавацца працаваць у горадзе. Але душа імкнулася дадому – да родных хат і ніў. Тут стварыў сям’ю і застаўся назаўсёды.
Свой працоўны шлях Іван Карпавіч пачынаў у саўгасе імя Урыцкага. Крыху працаваў на трактары – араў, касіў, культываваў, перавозіў грузы. Ну, а пасля перасеў на ГАЗ-53 і з аўтамабілем не расставаўся. Не расстаецца і сёння, калі працуе вадзіцелем КУСГП “Сіроцінскі”. “Тэхніку люблю, своечасова клапачуся пра свой МАЗ, рамантую, раблю прафілактычныя агляды, – кажа І. К. Аверчанка. – Калі аўтамабіль спраўны – і працаваць у ахвоту”.
За больш як трыццаць гадоў работы ў гаспадарцы чаго толькі не вазіў на сваім аўтамабілі Іван Карпавіч. Асабліва падабаецца яму час касавіцы і жніва. У мінулыя гады перавозіў больш як па тысячы тон зялёнай масы і збожжа. Неаднаразова выходзіў пераможцам раённых спаборніцтваў. Быў у ліку лепшых у вобласці, у 2004 годзе быў у складзе дэлегацыі Віцебскай вобласці на рэспубліканскіх “Дажынках” у Ваўкавыску. Прыехаў адтуль з незабыўнымі ўражаннямі і важкім на той час падарункам – тэлевізарам “Гарызонт”.
Сёння механізатар задзейнічаны на розных грузаперавозках у КУСГП “Сіроцінскі”. Трэба прывезці дэталі ці камбікорм з горада – адпраўляюць Івана Карпавіча, трэба завезці асемянатара на самую далёкую пашу – зноў едзе Іван Аверчанка. Яго МАЗ, як кажуць у гаспадарцы, “заўсёды на падхваце”. Вадзіцель выязджае, калі трэба, і а пятай гадзіне раніцы, і позна вечарам. І гэта нягледзячы на тое, што трымае дома немалую падсобную гаспадарку. На падворку ёсць і карова, клопат пра якую бярэ на сябе “надзейны тыл” – жонка Валянціна Мікалаеўна, якая таксама працуе ў гаспадарцы.
Вядома, за трыццаць гадоў работы ў “Сіроцінскім” здаралася рознае. Але ж Іван Карпавіч заўсёды прыстойна выходзіў з любой спрэчнай сітуацыі. Заўсёды трымаў і цяпер трымае  марку сапраўднага мужчыны і надзейнага працаўніка. Хаця і не супраць паразважаць і паспрачацца. Але ж усялякія спрэчкі, лічыць, павінны быць “здаровымі”, а вырашацца ўсё на карысць ісціны.
Кіраўніцтва КУСГП “Сіроцінскі” характарызуе І. К. Аверчанку як памяркоўнага работніка, які перажывае за агульную справу і заўсёды паказвае прыклад стараннасці ў даручанай рабоце. І гэта работа стала справай яго жыцця.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №53 ад 13.07.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *