«Женщины Шумилинщины — 2012»

Актуалии

Ольга Загвоздова

Усё падуладна жаночым рукам
Кожны год да свята 8 Сакавіка па рашэнні райвыканкама лепшым прадстаўніцам прыгожай паловы прысвойваецца ганаровае званне “Жанчына Шуміліншчыны”. Сёлета ў гэтай шаноўнай кагорце названа і Вольга Вітальеўна Загвоздава.
Вольга Загвоздава – дырэктар Шумілінскага Дома рамёстваў, кіраўнік народнага клуба народных майстроў “Спадчына, член Саюза майстроў Рэспублікі Беларусь, маці дзвюх дачок, і, нарэшце, добрая, сціплая, прывабная жанчына.
На просьбу назваць тры галоўныя дасягненні свайго жыцця, яна, крыху падумаўшы, адказала: па-першае – павага людзей, душэўная раўнавага ад таго, што ўдалося захаваць чалавека ў сабе; па-другое – добрыя дзеці, якія стараюцца дапамагчы і падарыць радасць; па-трэцяе – цудоўны калектыў, у якім сабраліся аднадумцы, дзе пануе ўзаемаразуменне і дух пастаяннага творчага пошуку.
Адкуль да яе прыйшло рамяство?
“Усе жанчыны ў маім родзе ўмелі шыць, вязаць, ткаць, вышываць – гэта была звычайная справа, — расказвае Вольга. —  Я ўбірала ў сябе ўвесь гэты дух, паціху вучылася сама, хоць тады і не думала, што гэта стане будучай прафесіяй”.
Яна захапілася так, што рамяство стала яе сутнасцю, сэнсам жыцця. Стаяла ля вытокаў стварэння Дома рамёстваў. І вось ужо хутка 20 год, як зраднілася з Домам рамёстваў. Працуе натхнённа, плённа. Пачынала з габелена, потым займалася ткацтвам, роспісам па шклу, па дрэве… Ва ўсіх работах перадавала фарбы і ўзоры Шуміліншчыны, якія збіралі па крупінках, па невялічкіх штрыхах.
Вельмі захапіла яе справа адраджэння рэгіянальнага беларускага касцюма, а адраджэнне стараабрадавага касцюма стала для Вольгі Загвоздавай пропускам у Саюз майстроў Беларусі.
Ці трэба гаварыць, што яе дочкі, гэтак жа, як калісьці іх мама, даўно навучыліся прамудрасцям рукадзелля і паспяхова рэалізуюць уласныя ідэі.
Вольга Загвоздава шмат працавала з дзецьмі, вяла гурткі, потым стала кіраваць дарослай групоўкай, узначаліла народны клуб народных майстроў “Спадчына”, якім кіруе ўжо дзесятак гадоў.
Пра рамяство – рэгіянальныя строі Шуміліншчыны і тканыя ручнікі, вязаныя абрусы і лялькі-абярэгі, жбаны з гліны і кошыкі з лазы, батлейку і выцінанкі майстар Загвоздова можа гаварыць гадзінамі, расказваць пра майстроў Дома рамёстваў, з гонарам паказваць іх работы, дзяліцца планамі.
Работа Дома рамёстваў і яе асабістая адзначана на самых высокіх узроўнях, у тым ліку дыпломамі рэспубліканскіх і міжнародных фестываляў. Але не гэта галоўнае, лічыць дырэктар Дома рамёстваў, галоўнае – захаваць рамяство і перадаць яго наступнаму пакаленню.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №19 ад 06.03.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *