Клаус-Дитар Центграф готовит фотоисследование о Беларуси и, в том числе, о деревне Победа Шумилинского района

Новости Общество

Клаус-Дитар Цетграф дарит экземпляр фронтовой газеты "Красная Армия" ветерану-афганцу М. В. Щербицкому

Жыццё, як яно ёсць

Мы сустрэліся з Клаўсам-Дзітарам Цэнтграфам (Klaus-Dieter Zentgraf) у Шуміліне 3 ліпеня. Яго вельмі ўразіла святкаванне Дня Незалежнасці, мітынг на брацкіх могілках. “Ведаеце, у Германіі некаторыя палітыкі сцвярджаюць, што трэба забыць пра вайну, жыць сучасным і будучым, – сказаў Клаус-Дзітар. – А я стаяў на мітынгу і думаў: як можна забыць пра гэтыя магілы, пра забітых салдат, мірных жыхароў, пра ўсе ахвяры вайны? Гэта немагчыма! Гэтага нельга дазволіць!”

Нямецкі сацыёлаг, журналіст, выдавец Клаўс-Дзітар Цэнтграф даследуе нашу краіну. Ён расказаў пра сваё даследаванне, выказаў спадзяванне на супрацоўніцтва. Пры словах “сацыялагічнае даследаванне” адразу ўзнікаюць думкі пра нешта надзвычай нуднае і здольнае зацікавіць толькі спецыялістаў.  Але Клаус-Дзітар знайшоў для сваіх даследаванняў вельмі цікавую форму: ён адлюстроўвае грамадскае жыццё ў фотаздымках. Зразумела, што цікавей гартаць старонкі фотаальбома, чым тоўстую навуковую кнігу, напоўненую табліцамі з бясконцымі лічбамі. А фатаграфіі не горш за лічбы з лёгкасцю раскажуць і пра ўзровень жыцця людзей, і пра іхні настрой, узаеміны і шмат што яшчэ. Клаўс-Дзітар Цэнтграф ужо апублікаваў свае даследаванні чыгуначных вакзалаў, станцый і мастоў Германіі, жыцця людзей і, асобна, дзяцей у розных краінах свету.
У 2017 годзе  К.-Д. Цэнтграф вырашыў адправіцца ў Беларусь. “Хаця рэспубліка знаходзіцца ў сэрцы Еўропы, з Германіі здаецца, што яна размешчана недзе ў Сібіры. Але ад Берліна да Мінска ўсяго 1000 кіламетраў”, – кажа Клаўс-Дзітар. Так нарадзіўся вялікі праект “Беларусь 2020”. У 2017 годзе выйшла першая кніга гэтага праекта “Мінск-2017. Сацыялагічны фотарэпартаж”. На 200 старонках выдання размешчана 300 фатаграфій: горад, людзі, могілкі, помнікі, архітэктура, гандаль, транспарт… Яшчэ толькі гартаючы раздзелы, разумееш, што без увагі даследчыка нішто не засталося. Дарэчы, тыраж кнігі імгненна разышоўся па бібліятэках Германіі.
У анатацыі да кнігі К.-Д. Цэнтграф піша: “Гэтая кніга з’яўляецца падрыхтоўчай работай, свайго роду эксперыментам у рамках вялікага праекта “Беларусь 2020” і “рэкламнай публікацыяй” будучай вялікай працы. Мы жадаем з яе дапамогай зацікавіць многіх людзей і запрасіць іх да супрацоўніцтва.
Дадзеная кніга ўяўляе сабой план дзеянняў на наступныя два з паловай гады. 2017 – 100 год Кастрычніцкай рэвалюцыі, 2018 – 200 год з дня нараджэння Карла Маркса, 2019 – 100 год стварэння Беларусі і 75 год вызвалення Беларусі, 2020 – 75 год перамогі над фашызмам. Два апошнія стагоддзі наклалі свой адбітак на цэлы гістарычны перыяд і працягваюць аказваць уплыў у выглядзе далейшага дзялення Еўропы.
Гэтае дзяленне можна пераадолець толькі з дапамогай інфармацыі і тлумачэнняў, узмацнення ўзаемаразумення паміж народамі і на аснове ўзаемнай павагі. Праект “Беларусь 2020” мяркуецца ажыццявіць на прыкладзе горада Мінска, вёскі ў Беларусі, помнікаў і сцэн з жыцця людзей”.
Даследчык не мог абысці вёску з такой сімвалічнай назвай – Пабеда. Таму вёскай, якая будзе адлюстроўваць нашу краіну ў даследаванні, стала вёска Пабеда Лаўжанскага сельсавета. Аўтар не раз наведае Шуміліншчыну для таго, каб крок за крокам здымаць звычайнае вясковае жыццё, звычайных людзей, бытавыя сцэны, запісваць расказы вяскоўцаў і інтэрв’ю з імі. Дапоўняць даследаванне кухня і рэцэпты найбольш папулярных страў, а таксама старонкі гісторыі вёскі і вяскоўцаў, якія ўжо пайшлі з жыцця. Яго зацікавіла і маляўнічая прырода, і Свята-Успенскі храм, і іншыя помнікі. Клаўс-Дзітар расказаў, што аб’ём кнігі пра жыццё вёскі Пабеда плануецца да 400-500 старонак.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №54 ад 17.07.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *