На заседании Шумилинского райисполкома рассмотрели работу с обращениями граждан и заготовку вторичного сырья

Актуалии Власть Новости

Павысіць эфектыўнасць збору другасных рэсурсаў

Вынікі работы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб, а таксама ход нарыхтоўкі другаснай сыравіны арганізацыямі Шумілінскага раёна былі разгледжаны 20 ліпеня па пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта, якое правёў старшыня райвыканкама Аляксандр Снараў.

Колькасць зваротаў грамадзян зменшылася
За першае паўгоддзе бягучага года ў райвыканкам паступіла 83 звароты ад грамадзян, што складае 77,6% да паказчыкаў за адпаведны перыяд мінулага года, адзначыла ў выступленні па першым пытанні загадчык сектара па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб райвыканкама Любоў Казаравец. У структуры зваротаў 47% склалі пісьмовыя, 37% вусныя і амаль 16% – электронныя звароты. Менш стала зваротаў жыхароў раёна і ў вышэйшыя дзяржаўныя органы кіравання – Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Віцебскі аблвыканкам, іншыя органы.
Дакладчык, аналізуючы структуру зваротаў, падкрэсліла, што традыцыйна пераважаюць пытанні жыллёва-камунальнай гаспадаркі (кожны трэці зварот) і жыллёвага заканадаўства, землеўпарадкавання, занятасці і аплаты працы, гандлёвага абслугоўвання. Усе пытанні, якія паступаюць ад грамадзян, ставяцца на кантроль і накіроўваюцца для вырашэння адпаведнымі службамі.  Некаторыя пытанні знаходзяцца на кантролі вельмі працяглы перыяд, але ўсё ж вырашаюцца. Так, сёлета пагашана пратэрмінаваная запазычанасць па зарплаце за 2016-2017 гады ва УП “Шумілінскі райаграсэрвіс”. А вось пытанне падтаплення падвалаў жылых дамоў па вуліцы Юбілейнай пакуль не вырашаецца з-за адсутнасці ліўневай каналізацыі, таму райвыканкам будзе зноў звяртацца ў абласныя структуры, каб уладкаванне ліўнёўкі было ўключана ў планы фінансавання і будаўніцтва.
Пэўны станоўчы эфект у рабоце са зваротамі грамадзян дае рэгулярнае правядзенне “прамых тэлефонных ліній”, прыёмаў грамадзян і прадстаўнікоў юрыдычных асоб кіраўніцтвам раёна. Сёлета на 26 “прамых ліній” паступіла  45 зваротаў (63,4% да 2017 года). 24 звароты задаволены, па 11 дадзены тлумачэнні, на кантролі застаюцца 3 пытанні (па рамонце дахаў і пераразліку пенсіі работніку райаграсэрвісу).
Звароты грамадзян паступаюць і на “гарачую лінію” райвыканкама (49 пытанняў), пры правядзенні дзён работы з насельніцтвам (76 пытанняў), дзён інфармавання і іншых мерапрыемстваў. Практычна ўсе пытанні вырашаюцца аператыўна.
Са зваротамі грамадзян актыўна працуюць і сельскія выканаўчыя камітэты, у якія паступіла 122 пытанні за першае паўгоддзе 2018 года. Пэўную заклапочанасць выклікае сітуацыя ў Обальскім сельсавеце, дзе колькасць зваротаў склала 46, таксама з гэтага сельсавета паступае шмат зваротаў у райвыканкам. Акрамя праблем ЖКГ, сельскае насельніцтва хвалююць пытанні дарожнай гаспадаркі.
У ходзе абмеркавання пытання былі заслуханы справаздачы в. а. дырэктара УП ЖКГ Шумілінскага раёна Аляксея Шпакава, дырэктара КУСГП “Сіроцінскі” Мікалая Прыгодзіча. Начальнік аддзела па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб аблвыканкама Ілона Шульга, якая брала ўдзел у пасяджэнні, выказала заўвагі па праекце рашэння, адзначыўшы, што трэба канкрэтызаваць некаторыя пункты рашэння.

За паўгода сабрана 308 тон другасных рэсурсаў
Пра выкананне арганізацыямі раёна заданняў па зборы другасных матэрыяльных рэсурсаў расказала намеснік начальніка аддзела архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Надзея Кунец. Прававыя асновы работы з адходамі вызначаюцца Законам Рэспублікі Беларусь “Аб абыходжанні з адходамі”. У 2016 годзе ў рамках Дзяржаўнай праграмы “Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе” на 2016-2020 гады зацверджана падпраграма “Абыходжанне з камунальнымі адходамі і выкарыстанне другасных матэрыяльных рэсурсаў”, якая ставіць задачу паўторнага выкарыстання не менш за 25% ад агульнага аб’ёму ўтвораных адходаў.
Другасныя матэрыяльныя рэсурсы нарыхтоўваюцца праз сістэму прыёмных пунктаў, праводзіцца раздзельны збор адходаў (шкла, пластыку, паперы і кардону) ад насельніцтва, а таксама сартаванне цвёрдых камунальных адходаў на палігонах і міні-палігонах УП ЖКГ. Зборам другасных рэсурсаў займаюцца 55 арганізацый раёна. Для збору адходаў задзейнічаны 450 кантэйнераў, у тым ліку для раздзельнага збору маецца 43 кантэйнеры пад шкло, 42 – пад пластык, 6 – пад макулатуру.
Пры гадавым заданні 850 тон за першае паўгоддзе 2018 года сабрана 308 тон другасных рэсурсаў (36,3%, што на 2,8% менш за сярэднеабласны паказчык, але ў параўнанні з мінулым годам сабрана на 8,1% больш).
Арганізацыямі раёна сабрана 114,5 тоны макулатуры, 87,5 тоны шкла, 17,5 тоны пластыку, 11,1 тоны электрычнага і электроннага абсталявання, 47,5 тоны зношаных шын. Калі па зборы шкла, шын, электраабсталявання раённыя паказчыкі вышэй за абласныя, то па макулатуры і пластыку істотна ніжэй, а значыць работа патрабуе ўзмацнення, адзначыла дакладчык.
У прынятым рашэнні вызначана неабходнасць актывізацыі работы па зборы і нарыхтоўцы другасных матэрыяльных рэсурсаў, вызначаны канкрэтныя тэрміны выканання заданняў.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №56 ад 24.07.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *