Читатели жалуются на крыши и дороги

Общество Сельское хозяйство

Дахі, дарогі і абабітыя парогі
Вялікая сіла ў слова. Асабліва ў газетнага, бо праўду кажуць: што напісана пяром — не высечаш тапаром. Таму, відаць, і звяртаюцца  са скаргай да газетчыкаў, як у апошнюю інстанцыю.
Спачатку па скарзе, якую адрасавала рэдакцыі жыхарка вёскі Дабея М. І. Карпушчанка. Жанчына з двума малымі дзецьмі ўехала ў кватэру па вуліцы Садовай у лютым 2010 года. З прыходам веснавога цяпла ў пакоях сцены “пацяклі”. І на кухні, і ў зале, і ў спальні. Сыра, а летняй спякотай — душна. Жанчына просіць дапамогі. Звярталася ў мясцовае аддзяленне камунгасу, каб адрамантавалі плоскі дах двухпавярхоўкі, а там цягнуць. Не едуць і адказныя работнікі з Белдзяржстраху, каб аблічыць шкоду і выплаціць гаспадыні страхоўку.
Вось такі крык душы выказала жанчына па тэлефоне. Дабея — недалёка, прыязджаем. Сапраўды, у кватэры — стойкі пах цвілі, сырасці, па перыметры ад столі ў  пакоях чорныя падцёкі, шпалеры абвіслі. “Паглядзіце, у якіх умовах даводзіцца жыць”, — абуралася гаспадыня.
Сустрэліся з начальнікам мясцовага аддзялення УП ЖКГ Т. В. Сяньковай. “Аб праблеме ведаем, — адказала Таццяна Віктараўна. — Дому 18 гадоў. Але не ўсё адразу. У мяне такіх жа заказаў і ў Прыазёрным, і ў Амбросавічах. Спачатку рамонт перашкаджалі рабіць дажджы, цяпер вось спёка. У мяне ўсяго два рабочыя, астатнія ў водпуску. Будзем рамантаваць, будматэрыялаў хапае…”
Па прэтэнзіях  па лініі страхавання звярнуліся да спецыяліста прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Шумілінскім раёне Н. В. Лапцёнак. Аказалася, М. І. Карпушчанка афармляла страхоўку ад няшчасных выпадкаў, на маёмасць, а кватэру страхаваць ёй не ўзяліся: шпалеры ўжо тады (а наведалі яе страхоўшчыкі напрыканцы сакавіка) абвіслі і пачарнелі. Яны патлумачылі, што жанчына не мае права на кампенсацыю.
P.S. Зварот у рэдакцыю датаваўся 8 ліпеня. За той час, што мінуў пасля званка, нам удалося дамагчыся, каб адрамантавалі дах (15 ліпеня, як сцвярджае Т. В. Сянькова). Праўда, жадае гаспадыня кватэры, каб замазалі яшчэ і швы дома, бо дажджамі вада цякла з-пад падаконніка.
Другая скарга датычылася вясковай дарогі. Дакладней, дзвюх дарог у вёсцы Зямцы Сіроцінскага сельсавета, над якімі б’ецца, абураючыся ўжо не адзін год пазіцыяй мясцовай гаспадаркі, старэйшына вёскі І. Я. Апоркін. Яму баліць за ўсіх землякоў (а жыве ў вёсцы амаль 60 чалавек), але сёння самы пякучы боль — за сем’і В. І. Кляцко і У. А. Жураўлёва, якім досыць абрыдла слухаць пад самымі вокнамі грукат цяжкай тэхнікі з магутнымі прычэпамі. Раней такой магутнай тэхнікі не было, і ездзілі на ферму па дарозе, што побач, метраў за пяцьдзесят. А калі пачалі буксаваць, успомнілі пра тую вулачку… “Для гаспадаркі падсыпаць старую дарогу — на паўдня работы, — гаворыць Іван Ягоравіч.— Аднак кіраўнікі ўсё спасылаюцца на пільныя справы…”
Паказаў І. Я. Апоркін і вясковую дарогу, якая вядзе да чатырох сядзіб вяскоўцаў. Гэта недзе 200 метраў, дарога ў мелкіх калюжынах, глыбокія яміны ў канцы, яны разбіты цяжкай тэхнікай. “Вазілі гной па дарозе, буксавалі, — расказвае старэйшына. — Прасіў: аб’едзьце, не псуйце дарогу. А галоўны аграном паабяцаў — адрамантуем. Аднак далей слоў справа не пайшла. Восенню прывезлі людзям газ, забуксавалі і больш да абанентаў не паехалі. Сказалі, выходзьце на шашу. Вось так дадае нам “зручнасці і камфорту” мясцовая гаспадарка. А можа зрабіць, як раіў некалі адзін з кіраўнікоў гаспадаркі? — разважае І. Я. Апоркін. — Ты, кажа ён мне, пастаў на вуліцы свой шлагбаум. І знак пачапі: “Праезд забаронены”. І не трэба абіваць парогі…”.
Гэта быў жарт, хаця ў кожным жарце ёсць доля разумнага сэнсу.   Горкі асадак, аднак, застаецца…

Автор Николай МОРОЗ.
Опубликовано в №58 от 30.07.2010



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *