1 сентября во всех школах района прозвенел первый звонок. Репортаж из Шумилинской СШ №1, Новиковской СШ и Льнозаводской детский сад-начальной школы

Актуалии Образование

Верасень. Пара вучыцца
Вось гэты хлопчык у  школу прыйшоў упершыню. Ён яшчэ не навучыўся насіць строгі касцюм, ён усё яшчэ шукае вачыма ў натоўпе бацькоў сваю маму. Яму страшнавата. А вось той бялявы трэцякласнік зусім, здаецца, не бянтэжыцца. Дэманструе ўпэўненасць і радасць ад сустрэчы з аднакласнікамі. Яму тут усё знаёма.
Застацца ў баку ад святкавання 1 верасня немагчыма нікому. Вось і да СШ №1 учора ішлі не толькі бацькі, бабулі і дзядулі школьнікаў – усе, хто проста праходзіў міма, спыняліся для таго, каб паглядзець на прыбраных першакласнікаў з вялізнымі букетамі, павіншаваць знаёмых, узгадаць сваё дзяцінства.
“Першая школа — першая ва ўсім: па колькасці дзяцей, па колькасці паступаючых у ВНУ, па прызёрах алімпіяд”, — не скупіўся на кампліменты кіраўнік раёна В. А. Падляшчук, які з нагоды Дня ведаў завітаў на ўрачыстасці ў Шумілінскую СШ №1. Прызнаўся, што недапушчальна сціплай была ўвага кіраўніцтва раёна да матэрыяльна-тэхнічнай базы самай вялікай школы раёна. Але ў мінулым годзе і гэта выпраўлена: у капітальны рамонт СШ №1 укладзены вялізныя грошы. І маштабны рамонт будзе завершаны, паабяцаў Вальдэмар Антонавіч.
734 школьнікі — і ўсе як адзін прыгожыя, усмешлівыя, разумныя. І вельмі хочацца, каб у іх усё атрымлівалася, каб у кожнага была магчымасць праявіць свае самыя лепшыя здольнасці. Калі не ў вучобе, дык у спорце ці творчасці. Галоўнае быць запатрабаваным і ацэненым. І школа для гэтага зробіць усё магчымае. Гэта ўжо паабяцаў дырэктар школы М. З. Сямёнаў.
Першакласнікі і выпускнікі абмяняліся прывітальнымі словамі, усе класы на чале са сваімі класнымі кіраўнікамі ўрачыста адправіліся за парты. Новы навучальны год адкрыты.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Амаль еўрапейскім выглядам школьных памяшканняў пасля рамонту сустрэла сваіх вучняў Навікоўская СШ. 31 школьнік будзе вучыцца ў школе ў бягучым навучальным годзе. На ўрачыстай лінейцы дырэктар школы А. П. Далімаеў уручыў пасведчанні вучняў Навікоў-скай СШ пяцікласнікам, якія прыйшлі ў школу з Полькавіцкай і Крывасельскай пачатковых школ. Пажаданні поспеху вучням і настаўнікам выказала ад імя райвыканкама начальнік землеўпарадкавальнай службы З. Ф. Алюліна.
Павіншавала вучняў, педагогаў і бацькоў з пачаткам навучальнага года дырэктар ЦПР Р. А. Туманава. Яна запрасіла вучняў у гурткі, якія будуць працаваць на базе школы.
Першы званок даверылі даць лепшаму вучню, шасцікласніку Даніілу Паўленку – пераможцу раённых алімпіяд па чатырох прадметах.
Наперадзе яшчэ адзін год плённага падарожжа ў краіну ведаў.
Сяргей Ермалаеў
Свята першага званка, якое радасна паклікала дзяцей у школу, – мерапрыемства аднолькава ўрачыстае і хвалюючае як для вялікай сярэдняй, так і для маленькай пачатковай школы.
Букеты ў 9 вучняў і 9 выхаванцаў у руках, банты, касцюмчыкі і сарафанчыкі – усё, як патрэбна для ўрачыстага дня. І самі дзеці ўсмешлівыя і прыгожыя. Педагогі – ветлівыя і добразычлівыя. Дырэктар В. І. Попелава ўпэўненая: усё зроблена для прыёму, выхавання і навучання дзяцей. Прадстаўнік ад шэфаў намеснік дырэктара ААТ “Шумілінскі льнозавод” Т. А. Баброва – з верай у лепшую будучыню маладога пакалення льнозавадчан. Бацькі крыху ўсхваляваныя: як пойдзе вучоба ў сыноў і дачок…
Усё ў Льнозаводскай дзіцячым садзе-пачатковай школе адпавядае Дню ведаў: і віншаванні, і падарункі ад школы і льнозавода адзінаму сёлета першакласніку Віцю Літвіну, і кветкі, і першы ўрок «Твая зямля, твая Радзіма названа светла – Беларусь!»…
Таццяна Растоўская
Надрукавана ў №67 ад 02.09.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *