1837 учеников сели за парты в Шумилинском районе

Актуалии Образование

Званок паклікаў на ўрок

Лета праляцела нібы адзін дзень. Вось зноў прыйшоў верасень. Як і па ўсёй Беларусі, у школах раёна празвінеў першы званок, які паклікаў у нашым раёне на ўрокі  1837 вучняў.

Празвінеў першы званок і для 103 гімназістаў, што вучацца ў раённай гімназіі-інтэрнаце.
Для 11 пяцікласнікаў гімназія стала новай, больш высокай прыступкай у школьным жыцці. “Наша гімназія з’яўляецца адной з лепшых устаноў адукацыі не толькі раёна, – адзначыла дырэктар установы Ларыса Маладзечкіна, звяртаючыся да гімназістаў і іх бацькоў, якія сабраліся ў Лескавічах на ўрачыстай лінейцы ў Дзень ведаў. – Выпускнікі гімназіі паказалі добрыя веды па ўсіх прадметах, якія задавалі на цэнтралізаваным тэсціраванні: іх вынік вышэй за сярэднія рэспубліканскія паказчыкі, а па 5 прадметах – вышэй сярэдніх па гімназіях краіны. Усе яны паступілі на абраныя спецыяльнасці ў самыя прэстыжныя ВНУ Беларусі. І я ўпэўнена, што вы таксама атрымае добрыя веды і зможаце рэалізаваць свае мары ў прафесійным выбары”. Кіраўнік гімназіі павіншавала ўсіх з новым навучальным годам, пажадала поспехаў педагогам і вучням.
Выконваючы абавязкі старшыні райвыканкама Алег Быкаў далучыўся да віншаванняў, выказаў упэўненасць, што гімназісты і надалей будуць праслаўляць наш раён сваімі ведамі і вынікамі вучобы, а ў будучым вернуцца на радзіму і паспрыяюць яе развіццю. Ён уручыў кіраўніку ўстановы сертыфікат на 12 тысяч рублёў для набыцця новага камп’ютарнага класа.
І вось звініць званок, вучні разам з класнымі кіраўнікамі разыходзяцца па кабінетах, каб пачаць новы этап цікавага падарожжа ў краіну ведаў.

*     *     *
У Мікіціхінскай сярэдняй школе 1 верасня ўрачыстая лінейка прайшла ў трыццаты раз. На юбілейную лінейку запрасілі былых дырэктараў школы А. В. Грыгор’ева і Г. В. Асташонак, былога кіраўніка мясцовай гаспадаркі П. І. Кузьміна – менавіта яны 30 год назад стаялі ля вытокаў сучаснай Мікіціхінскай сярэдняй школы.
Шмат цёплых слоў і пажаданняў паспяховай вучобы, добрага здароўя, актыўнага і цікавага школьнага жыцця прагучала ў гэты дзень у адрас школьнікаў, настаўнікаў і бацькоў.
Для 14 першакласнікаў празвінеў іх першы школьны званок, а вось для 9 выпускнікоў – гэта апошняе 1 верасня ў роднай школе. І хваляваліся яны не менш, чым першакласнікі.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №68 ад 04.08.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *