Дошка гонару Шумілінскага раёна: Шумілінская раённая гімназія-інтэрнат

Актуалии Образование Общество

На здымку: частка калектыву гімназіі, якую нам удалося адарваць ад заняткаў. Усяго тут працуе 69 чалавек.

Калектыў, нацэлены толькі на паспяховую работу

Калектыў Шумілінскай раённай гімназіі-інтэрната дэманструе стабільную паспяховую работу і, безумоўна, заслугоўвае быць прадстаўленым на раённай Дошцы гонару.
Гімназія ставіць перад сабой амбіцыйныя задачы і рашае іх, робячы стаўку на раскрыццё індывідуальных здольнасцяў вучняў, стварэнне ўмоў для іх самаразвіцця.
“Адукацыя – гэта не толькі вучоба, – пераканана дырэктар гімназіі Ларыса Маладзечкіна. – Гэта і духоўна-культурная асвета, і экалагічнае, фізічнае выхаванне, фарміраванне далягляду, умення жыць у грамадстве і быць яму карысным”.
Прыярытэтным накірункам адукацыі ў гімназіі лічаць інавацыйную дзейнасць. Вось і зараз тут працуюць па двух рэспубліканскіх інавацыйных праектах: “Укараненне мадэлі суправаджэння інтэлектуальна адоранай моладзі ў працэсе яе прафесійнага станаўлення” і “Укараненне мадэлі STEAM-адукацыі як сродку дапрофільнай падрыхтоўкі навучэнцаў на II ступені агульнай сярэдняй адукацыі”. Сутнасць гэтых доўгіх назваў зводзіцца да таго, каб навучыць дзяцей прымяняць веды ў рэальным свеце, будзе гэта, напрыклад, забруджванне навакольнага асяроддзя ці іншая праблема. Важна ўмець выкарыстоўваць веды з розных галін, свой творчы патэнцыял і супрацоўнічаць з іншымі людзьмі.
Профільнае навучанне, факультатыўныя заняткі даюць плён у спалучэнні з навукова-даследчай дзейнасцю, з работай творчых майстэрняў, работай над праектамі.
Для гімназіста мала добра вучыцца (хоць гэта задача і застаецца першапачатковай для кожнага), тут стараюцца навучыць кожнага хлопчыка і дзяўчынку не згубіцца ў жыцці, умець здабываць веды і прымяняць іх, умець працаваць у камандзе, не баяцца браць на сябе адказнасць.
З 1 верасня ў гімназіі стартаваў новы праект са скарочанай назвай “БлагоПрими”, які прадугледжвае правядзенне бібліятэчных гадзін, наведванне тэатраў, філармоніі, духоўных устаноў. Тут, наогул, любяць экскурсіі, велапрабегі, падарожжы. Толькі за мінулы навучальны год была арганізавана 21 экскурсія, 5 з якіх – па рэспубліцы. Не менш плануюць і на гэты вучэбны год.
Важным аспектам адукацыі ў гімназіі лічаць і валанцёрства, уменне дапамагаць, быць спагадлівымі.  І гэта не проста словы, цімураўскі атрад “Міласэрнасць” і валанцёрскі атрад “Гарачыя сэрцы” робяць няхай і невялікія, але патрэбныя справы для адзінокіх ветэранаў-настаўнікаў, для дзяцей-сірот.
Усё гэта не перашкаджае, а наадварот, дапамагае дзецям атрымліваць трывалыя веды, паступаць у прэстыжныя навучальныя ўстановы – з 15 сёлетніх выпускнікоў Шумілінскай раённай гімназіі 14 паступіла ў ВНУ, адзін – у Віцебскі медыцынскі каледж. Шумілінскія гімназісты прадэманстравалі высокія вынікі тэставання – па ўсіх 10 прадметах, якія яны здавалі, вынікі аказаліся вышэй за сярэднерэспубліканскія, а па пяці прадметах (беларуская мова, біялогія, гісторыя Беларусі, матэматыка, фізіка) – вышэй за сярэднерэспубліканскія паказчыкі сярод гімназій Беларусі.
Так, гэта поспех вучняў. Так, гэта поспех настаўнікаў (у тым ліку і тых, першых, якія застаюцца за кадрам, але менавіта яны задалі тэмп, далі добры старт). І, безумоўна, гэта поспех калектыву Шумілінскай раённай гімназіі-інтэрната на чале з яе смелым інавацыйным кіраўніком Ларысай Уладзіміраўнай Маладзечкінай.
“У мяне ёсць штаб, – удакладняе дырэктар, – мае надзейныя намеснікі і аднадумцы: В. М. Якубёнак, І. У. Кулікава, І. І. Аляксееў, В. М. Саковіч, Н. П. Саўчанка. А яшчэ ёсць прафесійны калектыў, нацэлены толькі на паспяховую работу”.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №77 ад 05.10.2018 г.


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *