Доска почёта Шумилинского района: Ольга Лях

Общество

Сучасная пошта – гэта цэлы комплекс паслуг
Прафесія паштальёна, глыбока трымаючыся каранямі за сваё слаўнае мінулае, і сёння запатрабаваная і шануемая ў грамадстве.
– Мне трэба газеты выпісаць…
– Хачу заплаціць за камунальныя…
–  Мне б пасылачку атрымаць…
– А мяне жонка за пральным парашком адправіла…
Я адыходжу ўбок, чакаю, пакуль Вольга Лях, начальнік аддзялення паштовай сувязі №1 Шуміліна, абслужыць чарговага кліента, каб прадоўжыць нашу размову пра вялікія і маленькія задачы сучаснай пошты.
– Гэта што, – кажа Вольга Уладзі-міраўна ўслед адыходзячым наведвальнікам.  – Во калі б вы пасля 22-га зайшлі, наўрад ці змагла б хоць хвіліну знайсці, я нават баюся гэтага чысла, тут з самага ранку чарга. Мікрараён жа тут  вырас за кошт шматпавярховак, зараз у нас на абслугоўванні дзве з паловай тысячы чалавек, а нас, работнікаў пошты, “аптымізавалі”, вось і даводзіцца круціцца…
Сапраўды, разам з Вольгай Уладзіміраўнай, якой даводзіцца працаваць і за начальніка, і за аператара, у аддзяленні працуе толькі адзін паштальён, які штодзень аббягае ўвесь “Брыкет”, праўда, на Баёўку і Ільінцы карэспандэнцыю дастаўляе паштовая машына.
Работа з людзьмі і з грашыма патрабуе вытрымкі і ўважлівасці, цярпення і спрыту. І гэтыя якасці не прыкладваюцца бонусам да прафе-сійнага партфеля, яны напрацоўваюцца з дня ў дзень – гадамі.
Вольга Лях у паштовай справе 15 год. Пачынала свой шлях паштальёнам на цэнтральным паштовым аддзяленні, там жа была аператарам, потым прапанавалі заняць месца начальніка аддзялення паштовай сувязі №1 Шуміліна. Было боязна, Вольга Уладзіміраўна прызнаецца, што нават плакала.
Але ж усё ў яе атрымалася. І нават больш, бо сучасная пошта – гэта цэлы комплекс паслуг: паштовых, фінансавых, гандлёвых, электронных, паслуг электрасувязі, а таксама па дастаўцы і выплаце пенсій і многае іншае. Таварааброт за месяц тут дасягае 3 тысячы рублёў.
– З адкрыццём побач магазіна «Еўраопт» стала складаней выконваць план па таварабароце. Людзі кажуць: “Пойдзем у Еўраопт. Там ёсць “Удача ў прыдачу”, можа, выйграем што”. Канкурэнцыя…, –  кажа Вольга Лях.
Шмат часу патрабуе і папяровая работа, адных справаздач – цэлы стос, па кожнаму віду паслуг – асобна.
–  Абавязкова напішыце, што наша Волечка ветлівая, добрая, працуе хутка, заўсёды выслухае, параіць, вось я ёй усё сваё жыццё расказала, і яна спачувае мне… – умешваецца ў нашу гаворку Г. І. Кузняцова, якая зайшла за пакупкамі.
Так, сацыяльны аспект у рабоце пошты прысутнічаў заўсёды. Магчыма, у недалёкім будучым пошта набудзе абсалютна электронны выгляд, і тады некаму здасца неверагодным, што быў час, калі можна было прыйсці да паштальёна, як да псіхолага, і падзяліцца з ім набалелым.
А пакуль што ідуць. І за газетай, і за пасылкай, і за добрым словам. І няпраўда, што яно нічога не каштуе. Добрае слова каштуе вельмі дорага.
Сёння адзначаецца Сусветны дзень пошты. Таму са святам, паважаная Вольга Уладзіміраўна і ўсе паштовыя работнікі раёна! Дзякуй вам за супрацоўніцтва, за тое, што кожны з 2704 экзэмпляраў “Герой працы” вы трымаеце ў руках і надзейна дастаўляеце адрасатам.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №78 ад 09.10.2018 г.


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *