Доска почёта Шумилинского района: Михаил Быков

Актуалии Безопасность Новости

Заўсёды ў баявой гатоўнасці

Ён заўсёды ў баявой гатоўнасці. У поўнай экіпіроўцы – бронекамізэльцы, ахоўным шлеме, з наручнікамі, пры зброі. Калі на рабоце, канешне. І многія ўжо прывыклі да такога спецыфічнага знешняга выгляду міліцыянера-вадзіцеля групы затрымання Дэпартаменту аховы Міхаіла Быкава. Нават дочкі, чатырохгадовая Ксенія і адзінаццацімесячная Кіра, пазнаюць без праблем тату. І аўтамабіль, на якім Міхаіл працуе, здалёк распазнаюць.
Міхаіл Юр’евіч Быкаў у ахове працуе 7 год. Наш зямляк са Светласельскага пасля заканчэння Гарадоцкага каледжа захацеў паспрабаваць пажыць у горадзе, таму адправіўся ў Віцебск, дзе ўладкаваўся кантралёрам у СІЗа-2. Дамоў цягнула, прызнаецца Міхаіл, таму, калі з’явілася вакансія ў шумілінскім аддзяленні аховы на пасаду міліцыянера-вадзіцеля групы затрымання страявога падраздзялення міліцыі, перавёўся не задумваючыся. І зараз з задавальненнем прыносіць карысць малой радзіме.
Прафесійна падрыхтаваны, фізічна загартаваны, умее кантактаваць з людзьмі, псіхалагічна і маральна ўстойлівы, выдатна валодае зброяй і аўтамабілем, мабільны. Прыкладна такі партрэт міліцыянера-вадзіцеля Міхаіла Быкава вымалёўваецца. Хаця карціну зробяць поўнай яшчэ некалькі штрышкоў: дысцыплінаванасць, адказнасць, абавязковасць і стараннасць.
“Я ж сам выбіраў, разумеў усю спецыфіку работы, – кажа Міхаіл. – Па першым сігнале трывогі быць гатовым выехаць на ахоўваемы аб’ект, на выклік. Выехаць і аказаць дапамогу ў затрыманні злачынцы ці правапарушальніка”.
Выязджаюць супрацоўнікі аховы на розныя злачынствы, на крадзяжы. Яны па сутнасці практычна першымі прыбываюць на месца здарэння – служба абавязвае. Акрамя гэтага, штодзень патрулююць вуліцы райцэнтра, сочаць за грамадскім парадкам. Выязджаюць на выклік пераважна з напарнікам, а калі патрабуецца, і з трэцім калегам, у якасці якога выступаюць іх службовыя сабакі Соня, Ільда, Нора і Вольф. Так што прыходзіцца ведаць і іх мову і звычкі. І сябраваць.
А яшчэ трэба сачыць за спраўнасцю і станам службовага аўтамабіля, кожны раз рыхтаваць яго да выезду, а па заканчэнні змены прыводзіць у парадак і перадаваць па змене.
Міхаіл Быкаў пастаянна ўдасканальвае свае веды і навыкі не толькі ў паўсядзённай руціннай працы. Ён шэсць год запар прадстаўляў Шумілінскае аддзяленне Дэпартамента аховы на конкурсе прафесійнага майстэрства. І неаднаразова ўваходзіў у тройку прызёраў. Апошнія два гады разам з напарнікам і службовым сабакам станавіўся першым. І цяпер нават крыху занепакоены тым, што пасля аптымізацыі, калі шумілінскае аддзяленне ўвайшло ў склад аднаго з аддзелаў Віцебскага ўчастка Дэпартамента аховы, у яго не будзе такой магчымасці. Хаця, хто ведае… Ва ўсялякім выпадку, старацца менш і працаваць горш ён адназначна не будзе. Не прывык.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №88 ад 13.11.2018 г.


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *