Люди и судьбы. Леонид и Тамара Погорельские

Людзі і лёсы

На юбилее друзей

Фундамент сямейных каштоўнасцяў
Інтэлігентная сям’я. Дружная і клапатлівая. Тут у пашане актыўны, здаровы лад жыцця, падарожжы. У свой час пабывалі ў многіх гарадах Расіі і Украіны. А цяпер, калі выйшлі на пенсію, усё больш ездзяць у Мінск і Віцебск да родзічаў. “Трэба ўсюды паспяваць, а не драмаць”, – кажуць у сям’і Пагарэльскіх з Башнёў.
Яны жывуць разам больш за сорак гадоў. Што і гаварыць, пашанцавала ім адзін з адным. І сёння ў доме пануюць каханне, павага, паразуменне. Тамару Сцяпанаўну і Леаніда Вячаслававіча ў аграгарадку ведае кожны – пражылі тут каля дваццаці пяці гадоў. У свой час гаспадар сям’і працаваў у райкаме партыі, потым – старшынёй тутэйшага калгаса імя Энгельса. За гады работы ў Башнях Леанід Вячаслававіч заслужыў званне дальнабачнага і мудрага кіраўніка. Не дарэмна ж яго ў 1995 годзе абралі дэпутатам Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь.
Тамара Сцяпанаўна больш за сорак гадоў адпрацавала ў школе настаўніцай пачатковых класаў. Спачатку рупілася ў СШ № 2, потым, – у СШ № 1, у Башнёўскай школе. Зразумела, і зараз Дзень настаўніка для яе хвалюючае свята. “Школа і дзеці даюць зарад бадзёрасці, – лічыць жанчына. – Бывала, на ўрок прыходзіш з сумным настроем, але ўбачыш вочы дзяцей, іхнія ўсмешкі – і ўсё як рукой здымае. І калі б лёсам было наканавана вярнуцца ў маладосць, зноў была б толькі настаўніцай”.
Тамара Сцяпанаўна і зараз часта наведваецца ў школу, не адмаўляецца замяніць настаўнікаў, калі яны на бальнічным ці на вучобе. Маладым настаўнікам педагог з вялікім стажам, які мае медаль “Ветэран працы”, выдае галоўны “сакрэт”: “Дзяцей трэба любіць”. Гэтым жа “сакрэтам” карысталі Пагарэльскія і пры выхаванні свайго сына Уладзіміра. Вучылі яго быць чалавечным, заахвочвалі займацца спортам. Гэта дапамагло, калі служыў у дэсантных войсках, дапамагае і зараз, калі працуе ва Упраўленні Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю Рэспублікі Беларусь па Віцебскай вобласці.
Пагарэльскія перакананы, што фундамент сямейных каштоўнасцяў будуецца на ўзаемнай павазе, даверы і сумленнасці. З бабуляй і дзядулем згаджаецца ўнучка Марыя, студэнтка трэцяга курса Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Будни пчеловодов

Тамара Сцяпанаўна і Леанід Вячаслававіч – людзі паважанага ўзросту. Але душой маладыя і задорныя. Любяць жартаваць, чытаць кніжкі, прымаць гасцей. Апрацоўваюць вялікі агарод, маюць падсобную гаспадарку.
Леанід Вячаслававіч – добры паляўнічы і рыбалоў. Часта прыносіць дадому вялікіх шчупакоў. А яшчэ Пагарэльскія захапляюцца пчалярствам. “Не, заслугі жонкі прысвойваць не буду, – смяецца Леанід Вячаслававіч. – Яна ў нас галоўная на пасецы, вось няхай і расказвае пра пчалінае царства”.
Тамара Сцяпанаўна сумелася: “Не, “пасаду” галоўнага ў доме заўсёды саступаю мужу. Перш-наперш я гаспадыня ў хаце, а пчаляром стала гады два таму. Не тое, што вельмі хацела гэтага, але сын Валодзя купіў спачатку тры пчаліныя домікі, потым пасека разраслася. У буднія дні, калі сын у горадзе, даглядаю пчол. Гэта вельмі цікава. Муж дапамагае, калі, напрыклад, трэба злавіць рой”.
Пра каштоўныя якасці мёду Тамара Сцяпанаўна можа расказваць доўга. “Мёд – універсальны гаючы сродак, – гаворыць яна. – амаль тысячагоддзе таму выдатны вучоны Авіцэна пісаў: “Калі хочаш захаваць маладосць, то абавязкова еш мёд”. Мне даспадобы яшчэ і забрус – ім закрываюцца соты. Гэта натуральныя лекі ад прастуды”.
Тамара Сцяпанаўна прапанавала і чытачам раённай газеты народны метад лячэння гастрыту: прымаць мёд па адной-дзве сталовай лыжкі за гадзіну да прыняцця ежы. Каб узмацніць лячэбнае ўздзеянне, трэба развесці мёд у палове шклянкі яблычнага соку. Піць такое лякарства трэба тры разы на дзень на працягу месяца.
Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *