Происшествия. Криминал

Происшествия

Здарэнні. Крымінал

Пра здарэнні ў раёне расказаў першы намеснік начальнікі РАУС Аляксей Іспянькоў.
Браканьеры
Невядомыя асобы на тэрыторыі паляўнічых угоддзяў паміж Амбросавічамі і Крывым Сялом незаконна застрэлілі двух дзікоў і двух ласёў. Узбуджана крымінальная справа. Максімальнае пакаранне, што пагражае браканьерам, –  пазбаўленне волі да шасці гадоў.
Радыятары
З прыватнага прадпрыемства МВ-17, што ў Прыазёрным, паведамілі пра крадзеж. З тэрыторыі прадпрыемства ўкралі радыятары, бензапілу “Штыль”, акумулятарныя батарэі. Агульны ўрон складае амаль 958 рублёў. Супрацоўнікі РАУС знайшлі злачынцу, ім аказаўся непрацуючы жыхар Шуміліна. Украдзенае канфіскавана і будзе вернута на прадпрыемства. Ліхадзею пагражае пазбаўленне волі да трох гадоў.
Бензапіла
Жыхар райцэнтра паведаміў у міліцыю пра тое, што ў яго гаспадарчай пабудове, якая знаходзіцца непадалёк ад дома, пабывалі злодзеі. Прапалі бензапіла і набор слясарных інструментаў на агульную суму 143 рублі. Узбуджана крымінальная справа. Злодзеі вышукваюцца.
Абавязаны
У адносінах да абавязанай асобы за ўхіленне выплаты сродкаў на ўтрыманне дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні, узбуджана крымінальная справа. Жанчыне пагражае пазбаўленне волі да аднаго года.
Са зводак ДАІ
Без правоў
Інспектары дарожна-патрульнай службы затрымалі ў вёсцы Мазурына жыхара Мікіціхі, які без правоў ехаў на “Опелі”. Падобнае правапарушэнне вадзіцель здзейсніў паўторна на працягу года. Справа перададзена ў суд Шумілінскага раёна для далейшага разгляду. Мужчыну пагражае штраф ад 20 да 50 БВ або арышт да 15 сутак. Акрамя таго, вадзіцель не меў допуску да ўдзелу ў дарожным руху (штраф 1 БВ).
Наезд
Жыхар райцэнтра, не маючы правоў кіравання, сеў за руль “Міцубісі” і паехаў у Віцебск, дзе здзейсніў ДТЗ: наехаў на прыпаркаваны на стаянцы аўтамабіль. Пасля гэтага з месца здарэння ўцёк. Хутка яго  знаходжанне было ўстаноўлена. Мужчыну пагражае адзін год пазбаўлення права займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем транспартнымі сродкамі, а таксама штраф памерам 8 БВ.
На веласіпедзе
На аўтадарозе Віцебск-Полацк затрыманы 30-гадовы жыхар Шуміліна, які ехаў на веласіпедзе, не трымаючыся за руль, што забаронена Правіламі дарожнага руху. Веласіпедысту пагражае штраф ад 1 да 3 БВ.
Без флікера
Інспектары дарожна-патрульнай службы затрымалі на вуліцы Маладзёжнай у райцэнтры мясцовага жыхара, які, рухаючыся ў цёмны час сутак па краі праезнай часткі, не пазначыў сябе святловяртальнымі элементамі. Да таго ж, пешаход быў нецвярозы – алкатэстар паказаў 2,4 праміле. Складзены адміністрацыйны пратакол, пагражае штраф да 5 БВ. Дарэчы, такое правапарушэнне ў мужчыны паўторнае на працягу года. Калі будзе яшчэ і трэцяе, то мужчыну накіруюць у лячэбна-працоўны прафілакторый.
Падрыхтавала Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №96 ад 11.12.2018 г.