Мадэрнізацыя – шлях у будучае

Актуалии Новости Экономика

Генеральны дырэктар РУП “Віцебскаблгаз” Пётр Шэршань, намеснік генеральнага дырэктара па прамысловай і сельскагаспадарчай вытворчасці Канстанцін Пачэпка, старшыня Шумілінскага райвыканкама Алег Быкаў і дырэктар ВУ “Віцебскторф” Віталь Няспляк запускаюць новую лінію ў работу.

Мадэрнізацыя – шлях у будучае

7 снежня ў гарадскім пасёлку Обаль на вытворчасці па здабычы і перапрацоўцы торфу ВУ “Віцебскторф” адбыўся ўрачысты пуск мадэрнізаванай лініі сепарацыі торфу.
У мерапрыемстве бралі ўдзел старшыня Шумілінскага райвыканкама Алег Быкаў, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь генеральны дырэктар РУП “Віцебскаблгаз” Пётр Шэршань, кіраўнікі і работнікі прадпрыемстваў, якія ўваходзяць у сістэму “Віцебскаблгазу”.
Як адзначыў падчас цырымоніі пуску кіраўнік ВУ “Віцебскторф” Віталь Няспляк, мадэрнізацыя лініі была праведзена ў кароткія тэрміны, абсталяванне выраблена на магілёўскім ААТ “НДІстромаўталінія”, усе будаўнічыя работы выканала Шумілінская ПМК-70. Мадэрнізацыя дазволіла аўтаматызаваць усе тэхналагічныя працэсы, звязаныя з вырабам прадукцыі, павялічыць аб’ёмы, палепшыць якасць і пашырыць асартымент торфапрадукцыі, скараціць страты торфу на вытворчасці. Яна дазваляе забяспечваць спажыўцоў запатрабаванай прадукцыяй, а прадпрыемству – працаваць з прыбыткам. Праведзеная мадэрнізацыя, а таксама ўвядзенне новых плошчаў торфаздабычы забяспечаць стабільную работу прадпрыемства на 30-40 год.
Пётр Шэршань падзякаваў усім за добрую, аператыўную і якасную работу, адзначыўшы, што ў гэтым заслуга ўсіх прадпрыемстваў “Віцебскаблгазу”, якія ўносілі свой уклад у рэканструкцыю і мадэрнізацыю торфапрадпрыемстваў.  Менавіта агульныя намаганні дазволілі стварыць эфектыўную вытворчасць прадукцыі з торфу, і цяпер “Віцебскторф” працуе стабільна і з прыбыткам.
Алег Быкаў падкрэсліў, што новая вытворчасць – гэта новыя працоўныя месцы з высокай і стабільнай зарплатай, што для Обалі мае вялікае значэнне. Яна надае аптымізму ў жыцці і ўпэўненасці ў будучым.
Сімвалічны пуск. Лінія запрацавала. Удзельнікі мерапрыемства пазнаёміліся з работай лініі, а таксама з вялікім асартыментам прадукцыі, якую вырабляе “Віцебскторф”. Дарэчы, гэта ўсім знаёмыя торфагрунты “Дзвіна”, якія карыстаюцца папулярнасцю ў агароднікаў. Поўны асартымент прадукцыі налічвае больш за 50 рэцэптур пад любую сельскагаспадарчую ці дэкаратыўную культуру, тут гатовыя вырабляць грунты і па рэцэптах заказчыка.
Пасля пуску лініі ў актавай зале адбылося падвядзенне вынікаў работы прадпрыемства і цырымонія ўзнагароджання лепшых работнікаў ВУ “Віцебскторф” і РУП “Віцебскаблгаз”.
Даведачна. ВУ “Віцебскторф” было створана пасля далучэння да “Віцебскаблгаза” ў 2007 годзе трох торфапрадпрыемстваў: УП “Віцебскае” Докшыцкага раёна”, ВРУТ “Першае Мая” Чашніцкага раёна і ВРУТ імя Даўмана Шумілінскага раёна. Была праведзена маштабная работа па мадэрнізацыі торфавытворчасці, абнаўленні тэхнікі, адводзе і будаўніцтве новых палеткаў для здабывання торфу. У 2011 годзе уведзены завод па вытворчасці грунтоў пажыўных і торфу кіпаванага магутнасцю 38 тыс. тон у аг. Крулеўшчына. Цяпер прадпрыемства вырабляе торф кіпаваны, грунты пажыўныя, кускавы торф, торф для кампаставання.
За 10 месяцаў 2018 года філіялам ВУ “Віцебскторф” выраблена 46 тысяч тон прадукцыі, у тым ліку грунтоў пажыўных 8,5 тысячы тон. Рэалізавана 49,5 тысячы тон торфапрадукцыі, у тым ліку грунтоў 8,2 тысячы тон. Выручка ад рэалізацыі склала 6,9 мільёна рублёў, прыбытак 128 тысяч рублёў. Сярэдняспісачная колькасць работнікаў склала 211 чалавек, сярэдняя зарплата – 1044 рублі. Прадукцыя экспартуецца ў 22 краіны свету: краіны ЕС, Расію, Турцыю, Украіну, Казахстан на агульную суму 3,3 мільёна долараў ЗША.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №96 ад 11.12.2018 г.