На президиуме районного Совета депутатов

Актуалии Президент

Грамадскі парадак падтрымліваць разам
На пасяджэнне прэзідыума раённага Савета дэпутатаў, якое адбылося ў панядзелак, былі запрошаны начальнікі аддзелаў і ўпраўленняў райвыканкама, старшыні сельвыканкамаў, кіраўнікі грамадскіх арганізацый, намеснікі па ідэалагічнай рабоце прадпрыемстваў і арганізацый.
Найбольш важкім было пытанне аб рабоце аддзела ўнутраных спраў райвыканкама па арганізацыі дзейнасці добраахвотных дружын на прадпрыемствах, павышэнні іх ролі ў прафілактыцы правапарушэнняў.
У раёне створана 19 добраахвотных дружын, у іх складзе 192 дружыннікі – гэта сіла, якая здольная аказаць значную падтрымку міліцыі, адзначыў у сваім дакладзе начальнік РАУС В. В. Мядзвецкі. Дружыннікі дапамагаюць больш эфектыўна арганізаваць работу аддзела падчас мерапрыемстваў, дазваляюць ахапіць больш аб’ектаў, спрыяюць прафілактыцы вулічных правапарушэнняў і г.д. Але па-сапраўднаму дзейнічаюць толькі дзве дружыны: цэнтральнай раённай бальніцы (камандзір Балаболава В.) і маладзёжны атрад аховы правапарадку пры раённай арганізацыі ГА БРСМ (камандзір Галуза Ю.), паведаміў Вадзім Вадзімавіч. Яны дзяжураць на дыскатэках, падчас масавых мерапрыемстваў, строга выконваюць графікі дзяжурства. Маладзёжны атрад БРСМ заняў 3 месца ў абласным аглядзе дружын. У рабоце астатніх дружын няма сістэмы, дапускаюцца нявыхады на дзяжурства, часам яны створаны фармальна і існуюць на паперы. Да таго, на некаторых прадпрыемствах у калектыўных дагаворах не прадугледжаны нават мінімальныя меры заахвочвання дружыннікаў.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава, якая вяла пасяджэнне, слушна заўважыла: “Чым актыўней будуць выкараняцца спробы правапарушэнняў, тым спакойней будзем жыць мы ўсе. Вопыт работы грамадскіх структур, такіх як грамадскія пункты аховы парадку, дружыны, паказвае іх эфектыўнасць у прафілактыцы правапарушэнняў”. Яна адзначыла, што за дзейнасць дружын на прадпрыемствах непасрэдную адказнасць нясуць намеснікі па ідэалагічнай рабоце.
У ходзе абмеркавання адразу ставі-ліся канкрэтныя пытанні адказным асобам. У прынятым рашэнні названы праблемныя пытанні, вызначаны жорсткія тэрміны на іх выпраўленне.
Аб рабоце раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання Беларускі фонд міру расказала старшыня раённага аддзялення фонду В. А. Паршыкава. У мінулым годзе раённым аддзяленнем было сабрана 14,8 мільёна рублёў (713 рублёў на кожнага жыхара раёна – чацвёртае месца ў краіне). Усе грошы выдаткаваны на канкрэтную дапамогу людзям, міжнароднае супрацоўніцтва, пяць мільёнаў рублёў сабралі на перавыданне кнігі “Памяць” Шумілінскага раёна. У мінулым годзе фонд праводзіў акцыі “Увайдзі ў кожны дом” (падтрымка ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны), “Дзіця міру”. Супрацоўнічалі з гуманітарнай арганізацыяй “Дапамажы людзям” (Нідэрланды), валанцёры з якой памагалі ў рамонце Мішневіцкай бальніцы сястрынскага догляду. Валянціна Ананьеўна выказала шчырую падзяку прысутным за актыўную дапамогу Беларускаму фонду міру.
З дзейнасцю раённай арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа пазнаёміла яе старшыня В. М. Чыжыкава. Арганізацыя аднавіла дзейнасць у 2006 годзе (існавала адна пярвічка), цяпер яна аб’ядноўвае 100 пярвічных (каля 4 тысяч членаў). За гады дзейнасці было атрымана ад міжнародных арганізацый гуманітарнай дапамогі на 18 мільёнаў  рублёў. У мінулым годзе аказана пад-трымка 139 маламаёмасным асобам, 60 інвалідам, дапамагалі іншым людзям, што маюць патрэбу ў падтрымцы.
Арганізацыя праводзіла акцыі па зборы сродкаў ахвярам тэракта ў мінскім метро, стыхійнага бедства ў Японіі.
Наступнае пытанне прысвячалася эфектыўнаму выкарыстанню зямельных рэсурсаў, якія знаходзяцца ў веданні сельскіх выканаўчых камітэтаў. І. М. Новікава падкрэсліла, што старэнне сельскага насельніцтва, адмова вяскоўцаў ад зямельных надзелаў, знос старых дамоў прыводзяць да вызвалення зямлі. Але свабодныя землі не павінны зарастаць хмызняком.
Дакладчык, начальнік землеўпарадкавальнай службы райвыканкама З. Ф. Алюліна адзначыла, што работа па інвентарызацыі зямель, вызначэнні межаў зямельных участкаў, падрыхтоўцы неабходных дакументаў вядзецца пастаянна. На сайце райвыканкама размешчана інфармацыя аб участках для продажу ці будаўніцтва. У 2010 годзе сельгаспрадпрыемствам перададзена 320 гектараў. Разам з тым, адзначыла Зафія Францаўна, ёсць складанасці. У землях запасу знаходзіцца 3,2 тысячы га, не ўся зямля выкарыстоўваецца эфектыўна. Ёсць цяжкасці па разворванні зямель на месцы знесеных дамоў (у раёне знесена 692 дамы).
Але работа па ўпарадкаванні зямель, што належаць сельвыканкамам, важная і будзе прадоўжана. У прыватнасці, неабходна тэрмінова ўдакладніць межы населеных пунктаў і перадаць лішнія землі сельгаспрадпрыемствам.
Справаздачу аб арганізацыі дзейнасці органаў мясцовага тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання трымала старшыня Мікалаёўскага сельскага Савета дэпутатаў Л. А. Бандарэнка. Ларыса Антонаўна расказала, што работа старэйшын на тэрыторыі сельсавета будуецца на аснове Закона Рэспублікі Беларусь “Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні”. 19 старэйшын – гэта людзі з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, якія жадаюць і могуць працаваць з насельніцтвам, карыстаюцца павагай і аўтарытэтам аднавяскоўцаў, многія з іх абраны ў сельскі Савет дэпутатаў.
Старэйшыны – гэта грамадскі актыў сельвыканкама, на плечы якіх ускла-дзены важныя абавязкі. Яны вядуць асабістыя падсобныя гаспадаркі, з’яўляюцца арганізатарамі і прыкладам у добраўпарадкаванні вуліц, сядзіб, грамадзянскіх пахаванняў. Старэйшыны кантралююць закуп малака, сочаць за сітуацыяй у нядбайных сем’ях, з’яўляюцца пазаштатнымі пажарнымі інспектарамі, дапамагаюць адзінокім старым. Наогул, менавіта з эфектыўнага самакіравання пачынаецца фарміраванне грамадзянскага грамадства, заўважыла Л. А. Бандарэнка.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №39 ад 27.05.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *