На «прямую линию» к председателю Шумилинского райисполкома люди обратились преимущественно с коммунальными вопросами

Актуалии Общество Президент

Камунальныя пытанні самыя шматлікія
У суботу, 15 снежня, калі старшыня райвыканкама Алег Быкаў праводзіў “прамую лінію” і асабісты прыём грамадзян, да яго звярнулася амаль паўтара дзясятка чалавек. Палова ўсіх пытанняў тычылася работы жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

Пытанні былі даволі рознабаковыя: навядзенне парадку пасля завяршэння капітальнага рамонту, прывядзенне да ладу аўтобуснага прыпынку на Брыкеце, рамонт грамадскага калодзежа ў Обалі, затоплены падвал, халодныя батарэі, пераразлік за ацяпленне, якасць паслуг ЖКГ і іншыя. Усе пытанні былі адрасаваны кіраўніцтву УП ЖКГ. Па некаторых аператыўна былі праве-дзены абследаванні і вызначаны меры па іх рашэнні яшчэ ў ходзе “прамой лініі”, па іншых дадзены тыдзень для вырашэння.
Адзін з заяўнікаў прасіў дапамагчы з уладкаваннем на працу і быў накіраваны ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, тым больш, што вакансіі па спецыяльнасці ў раёне ёсць. Два звароты з ААТ “Прыазёрны мір” тычыліся выплаты зарплаты: людзі згаджаліся з натуральнай аплатай, але ж ёсць крэдыты і камунальныя плацяжы, якія трэба плаціць грашыма і ў вызначаныя тэрміны. Пытанне было адрасавана кіраўніку гаспадаркі. Дзве скаргі – з Зямцоў і Лескавіч – на адсутнасць вулічнага асвятлення, якое зараз вельмі патрэбнае, накіраваныя ў РЭС.
А вось жыхарка райцэнтра, што патэлефанавала да кіраўніка раёна напрыканцы, сказала: “Хацела падзяліцца сваёй праблемай, але вырашыла выказаць яе пасля святаў”. Яна павіншавала Алега Быкава з назначэннем на высокую пасаду, з надыходзячымі святамі, пажадала поспехаў у рабоце і жыцці.
P.S. У панядзелак раніцай у рэдакцыю патэлефанаваў старэйшына вёскі Зямцы Іван Апоркін і прасіў ад імя ўсіх вяскоўцаў шчыра падзякаваць Алегу Пятровічу за аператыўнае рашэнне пытання. Адразу пасля званка кіраўніку раёна прыехалі электрыкі і зрабілі асвятленне ў вёсцы. “Няўжо не маглі зрабіць гэта самі, без каманды?” – задаў слушнае пытанне Іван Ягоравіч.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №98 ад 18. 12.2018 г.