Студзень марозіць – гаспадар дровы возіць

Актуалии Общество Экономика

Студзень марозіць – гаспадар дровы возіць
Зімовыя месяцы – “час пік” для пакупкі дроў. Як паказвае жыццё, у запас іх нарыхтоўваюць не многія. І зараз у Шумілінскі філіял Віцебскага абласнога ўнітарнага прадпрыемства па забеспячэнні палівам за дзень паступае па 5-6 заявак ад жыхароў раёна.
– Алё, тэлефаную вам, каб тэрмінова заказаць прычэп дроў, бо яны закончыліся. А тут  стаяць марозныя дні. Калі ласка, прывязіце дровы як мага хутчэй.
Падобныя “гарачыя” заяўкі не рэдкасць у студзені, бо некаторыя нашы землякі жывуць па прынцыпе “з плеч ды ў печ”. Такія заяўкі работнікі філіяла выконваюць у першую чаргу – не пакідаць жа пенсіянераў ці мнагадзетныя сем’і ў мароз без дроў. Другая катэгорыя спажыўцоў заказвае паліва зага-дзя, напрыклад, просяць прывезці пасля пенсіі ці зарплаты. Усе заяўкі запісваюцца, але да спажыўца заўсёды едуць па папярэднім званку, каб гаспадары былі дома.
“Наш філіял працуе круглы год, і, вядома, хацелася б, каб работа была размеркавана больш-менш раўнамерна, – кажа дырэктар прадпрыемства Уладзімір Кійко. – На жаль, так не атрымліваецца. З сакавіка па май у нас “мёртвы сезон”. У чэрвені людзі пачынаюць ажыўляцца. З верасня па люты заказваюць паліва актыўна. Па нарматывах мы павінны выканаць заяўкі на працягу 15 дзён, але, як правіла, укладваемся ў тыдзень. За мінулы год прадалі насельніцтву 3900 кубаметраў дроў, гэта на 1300 кубаметраў больш, чым у 2017 годзе”.
Зараз на тэрыторыі філіяла ў запасе ляжыць больш за 230 кубаметраў дроў – імі работнікі лясгаса забяспечваюць бесперабойна. За дзень у райцэнтр і розныя вёскі раёна адпраўляецца па 5-6 прычэпаў. Развозіць іх вопытны механізатар Аляксандр Камароў…
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №6 ад 18.01.2019 г.