Второй тур лиги шумилинские волейболисты выиграли легко

Актуалии Новости Спорт, туризм

Перамога з яўнай перавагай

У пятніцу–нядзелю ў Шуміліне прайшоў другі тур рэспубліканскага першынства дзіцяча-юнацкай валейбольнай лігі “Мяч над сеткай” сярод юнакоў. У спаборніцтвах бяруць удзел каманды СДЮШАР ВК “Мінск-1”, СДЮШАР ВК “Мінск-2”, Салігорскай раённай ДЮСШ “Шахцёр”,  Гродзенскай СДЮШАР імя А. Сапегі, Глыбоцкай раённай ДЮСШ і Шумілінскай СДЮШАР.
Месяц таму на першым туры спаборніцтваў вызначыўся лідар – валейбалісты Шумілінскай СДЮШАР, якія ў першых пяці сустрэчах аддалі сапернікам толькі дзве партыі. Барацьбу тады нашым землякам змаглі навязаць глыбоцкія валейбалісты і “Мінск-2”.
Перад пачаткам спаборніцтваў трэнер каманды Аляксей Паршыкаў акрэсліў  хлопцам задачу: перамагчы ва ўсіх партыях і “ўзяць” максімальную колькасць ачкоў. У першай сустрэчы шумілінцам супрацьстаяла каманда СДЮШАР ВК “Мінск-1”. Барацьбы не атрымалася: нашы землякі былі на галаву мацней за саперніка ва ўсіх кампанентах гульні. Другі і наступныя матчы прайшлі па такім жа сцэнарыі. Не стала выключэннем і сустрэча супраць прынцыповага саперніка – каманды з Глыбокага. Упэўненая і яркая перамога.
“Валейбалісты са стартавага складу паказалі нармальны ўзровень гульні, выканалі ўсе трэнерскія ўстаноўкі, – падсумаваў Аляксей Паршыкаў. – Адзначу, што дадзеная каманда – гэта зборная спартыўнай школы. У яе складзе на дамашнім туры дэбютавалі Глеб Шабулдаеў, Раман Аглушэвіч, Андрэй Фадзееў, якіх трэніруе Юрый Пальвінскі, і выхаванец Любові Бабовай  Мікіта Емяльянаў. Дэбютанты справіліся са сваім хваляваннем і няблага ўпісаліся ў камандную гульню”.
Дамашні тур дзіцяча-юнацкай валейбольнай лігі “Мяч над сеткай” сярод юнакоў умацаваў лідзіруючае становішча шумілінскай каманды. Трэнер Аляксей Паршыкаў адзначае, што самым складаным стане апошні, трэці, тур, бо на лідара каманды-сапернікі настройваюцца па-асабліваму, таму і прахадных матчаў не будзе.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №9 ад 29.01.2019 г.