Во время гололёда и снегопада на велосипеде ехать нельзя!

Актуалии Бяспека

Па галалёдзе і снежнай кашы ездзіць забаронена!

Студзеньскі выпадак, калі жыхар райцэнтра на легкавым аўтамабілі ў прыцемках наехаў на веласіпедыста (апошні знаходзіцца на лячэнні ў абласным цэнтры), прымусіў супрацоўнікаў дзяржаўтаінспекцыі ўдзяляць больш пільную ўвагу зімнім веласіпедыстам. І на мінулым тыдні карэспандэнт раённай газеты адправіўся ў рэйд разам з начальнікам ДАІ М. У. Гаралевічам.
“ Правіламі дарожнага руху забаронена ездзіць на веласіпедах у час галалёду і снегападу, – кажа Мікалай Уладзіміравіч. – А паколькі снег на гэтым тыдні ішоў часта, кожны дзень быў неспрыяльным для язды.
Магчыма, гэта ўлічылі шумілінскія веласіпедысты. У дзень рэйду  ў райцэнтры мы сустрэлі іх усяго два. Адна жанчына павесіла пакеты на руль і каціла веласіпед па тратуары. “Закупіла прадукты для састарэлых бацькоў, узяла веласіпед для таго, каб не несці цяжкасці ў руках”. Гэта не забараняецца правіламі дарожнага руху. А вось наступны веласіпедыст іх парушыў,  у час снегападу ехаў па снежнай кашы пасярэдзіне праезнай часткі па вуліцы Вакзальнай. На мужчыну складзены адміністрацыйны пратакол, ён выкліканы на адміністрацыйную камісію ДАІ.
Зараз практычна на ўсіх пасялковых дарогах снежна-ледзяныя накаты, на гравійках ёсць і каляіны. Гэта значыць, ездзіць на веласіпедах забаронена, бо чалавек можа і пакалечыцца, і трапіць пад колы аўто.
Рэйды па выяўленні веласіпедыстаў на слізкіх дарогах працягваюцца. Усяго з 17 па 31 студзеня былі прыцягнуты да адказнасці 6 веласіпедыстаў, якія заплацілі штраф ад 1 да 3 БВ.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №11 ад 05.02.2019 г.