Когда лайки и репосты могут быть квалифицированы как распространение порнографии в соцсетях

Происшествия

Калі “лайкі” і “рэпосты” забаронены
У мінулым годзе ў нашым раёне былі выяўлены тры факты распаўсюджвання парнаграфічных матэрыялаў у сацыяльных сетках, што забараняецца законам. Парушальнікі былі прыцягнуты да крымінальнай адказнасці па ч. 2 арт. 343 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (пазбаўленне волі ад 2 да 4 гадоў).
У пачатку года работнікі групы па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі РАУС выявілі факт распаўсюджвання парнаграфіі. Так, 30-гадовы жыхар райцэнтра выклаў у сацыяльныя сеткі “ВКонтакте” відэаролік парнаграфічнага характару. Пры дапамозе спецыяльных праграм відэаролік быў выдалены з сацыяльных сетак і адпраўлены на экспертызу ва Упраўленне дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, дзе пацвердзілі яго парнаграфічны характар. Супраць мужчыны ўзбуджана крымінальная справа.
“Супрацоўнікі ведамства праводзяць пастаянны маніторынг сацыяльных сетак, які дазваляе выявіць факты распаўсюджвання парнаграфіі, – расказаў старшы оперупаўнаважаны групы па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі РАУС Аляксандр Яраслаўцаў. – Скачванне парнаграфічных відэаролікаў з інтэрнэта, размяшчэнне іх на старонцы “ВКонтакте” або размяшчэнне спасылак на іх у сацыяльных сетках, доступ да якіх адкрыты шырокаму колу людзей, расцэньваецца законам як дзеянне, накіраванае на рэкламаванне парнаграфічнага матэрыялу. За гэта пагражае крымінальная адказнасць. І наступае яна з 16 гадоў”.
Паколькі большая частка моладзі зараз “сядзіць” у  сацыяльных сетках, яна павінна ведаць, што распаўсюджванне парнаграфіі ўключае ў сябе  перадачу матэрыялу хаця б аднаму чалавеку, незалежна ад спосабу. Гэта можа быць збыт, дарэнне, абмен, перадача відэароліка з тэлефона на тэлефон і іншыя спосабы. Нават калі адзін чалавек паказаў другому парнаграфічны матэрыял на мабільніку, а той звярнуўся ў міліцыю, узбуджаецца крымінальная справа. Здымкі парнаграфічнага матэрыялу нельга перасылаць у асабістыя паведамленні ў вайберы. “Лайкі” і “рэпосты” такіх матэрыялаў крымінальна каральныя.
–  Што рабіць, калі чалавек на сваёй старонцы ў сацыяльных сетках выявіў парнаграфічны матэрыял? – пытаемся ў Аляксандра Яраслаўцава.
– Трэба паведаміць пра гэта ў РАУС па тэлефоне 102, – адказаў Аляксандр Сяргеевіч. –  Гэтым самым чалавек здыме з сябе падазрэнне ў тым, што ён сам прасіў даслаць яму парнаграфічныя ролікі або здымкі. У такім разе да кры-мінальнай адказнасці будзе прыцягнуты толькі той, хто паслаў ці выклаў гэтыя матэрыялы.
Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №11 ад 05.02.2019 г.