Криминал. Происшествия. В Чернецких нашли самогонный завод

Актуалии Происшествия

Цэлы міні-завод
У райаддзел унутраных спраў райвыканкама патэлефанавалі жыхары аграгарадка Амбросавічы і паведамілі, што ў суседняй вёсцы Чарнецкія гандлююць самагонам. Каб праверыць праўдзівасць гэтага факта, у вёску выехалі міліцыянеры. У самім доме падазронага знайшлі некалькі літраў брагі. А вось ля дома ў поле зроку міліцыянераў трапіла шырокая, пратаптаная сцяжына, якая вяла ў кусты. Там, у трохстах метрах ад жылога дома, і знайшлі міні-самагонны завод: дзве бочкі, у кожную з якіх месціцца каля двухсот літраў брагі, тут жа ляжалі дровы, запалкі, спіртаметр. Вясковец сцвярджаў, што гэты міні-завод не ягоны, што бачыць яго ўпершыню. Тым не менш, на яго складзены адміністрацыйны пратакол, яму пагражае штраф да трыццаці базавых велічынь.
На мінулым тыдні супрацоўнікі РАУС правяралі абавязаных асоб. І ў хаце адной з такіх жанчын знайшлі самагонную брагу. На жанчыну таксама складзены адміністрацыйны пратакол.

Аперацыя “Нелегал”
У выніку правядзення чарговай аперацыі “Нелегал”, якая прайшла у канцы верасня, у нашым раёне да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты пяць замежных грамадзян, чацвёра з якіх – жыхары Расіі. Яны парушылі парадак рэгістрацыі, а адна жанчына жыла па несапраўдным дакуменце, што сведчыць асобу. Усім парушальнікам прыйшлося заплаціць штраф.
Наогул, грамадзяне з-за мяжы і асобы без грамадзянства, якія прыбылі ў нашу краіну, на працягу пяці сутак (за выключэннем выхадных і святочных дзён) абавязаны зарэгістравацца. Дазволіць сабе не рабіць гэтага на працягу 30-ці дзён могуць толькі грамадзяне Расійскай Федэрацыі, Літвы, Латвіі і Украіны.
А. ПРАКОФ’ЕВА, старшы інспектар группы  па грамадзянству і міграцыі РАУС.

Метал
Дачу жыхара райцэнтра, якая знаходзіцца ў Мішневічах, абакралі. Прапалі дзве металічныя лесвіцы і 14 металічных слупоў. Агульны ўрон, нанесены гаспадару, складае больш за 800 тысяч рублёў.
Лопнула цярпенне
Цярпець усё жыццё нельга. А тым больш, калі цябе б’юць. Вось і жыхарка райцэнтра пасля працяглага часу катавання (інакш не назавеш тыя пабоі, з якімі жанчына хадзіла з дня ў дзень) нарэшце асмелілася прыйсці ў міліцыю. Супраць яе мужа ўзбудзілі крымінальную справу па арт.157, ч.1 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь “Катаванне”.
Веласіпед
Жыхар Обалі меў неасцярожнасць пакінуць чужы веласіпед, які браў у часовае карыстанне, на верандзе ў знаёмых. Веласіпед укралі. Як высветлілася, яго прыбраў да рук раней судзімы мясцовы жыхар. Цяпер яму зноў прыйдзецца несці адказнасць за чарговы крадзеж.
Тэлевізар
З дзвярэй дома жыхаркі вёскі Мазекі невядомыя злодзеі вырвалі  прабой, з хаты укралі тэлевізар. Вядзецца вышук.
Дровы
Жыхар вёскі Ляжні самавольна насек у лесе прычэп дроў. З незаконнай здабычай яго затрымала рэйдавая група ў складзе ўчастковага міліцыянера  і спецыялістаў лясгасу. На вяскоўца складзены адміністрацыйны пратакол, яму патрэбна за-плаціць штраф у памеры шасці базавых велічынь і кампенсаваць урон крадзенага – 340 тысяч рублёў.
Авечкі
У раённы аддзел унутраных спраў звярнулася жыхарка райцэнтра: з поля, якое знаходзіцца каля вёскі Губіца, у яе ўкралі дзве авечкі. Урон, нанесены гаспадыні, складае 1,7 мільёна рублёў. Злодзеі вышукваюцца.
Лазня
Супрацоўнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях выязджалі на пажар лазні ў Шуміліне. Як высветлілася, лазня загарэлася па той прычыне, што гаспадары пакінулі дзверцы топкі печкі адчыненай. Будынак знутры пашкоджаны, але аднавіць яго можна.
Электрапомпа
Жыхарка вёскі Дубрава напісала ў міліцыю заяву аб крадзяжы. З калодзежа пацярпелай, які знаходзіцца непадалёк ад дома, прапала электрапомпа «Ручаёк-1». Урон, нанесены гаспадыні, складае 156 тысяч рублёў. Па дадзенаму факту ўзбуджана крымінальная справа.
Надрукавана ў №78 ад 11.10.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *