“Полымя міру” пранясуць па Віцебшчыне

Актуалии Новости

“Полымя міру” пранясуць па Віцебшчыне
У Віцебскай вобласці ў эстафеце “Полымя міру” агонь II Еўрапейскіх гульняў пранясуць чэмпіён Алімпіяды-2016 Уладзіслаў Ганчароў, сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў-2008 Вадзім Дзевятоўскі, папулярная беларуская спявачка Ларыса Грыбалёва, паведаміў 1 сакавіка ў ходзе сустрэчы з прадстаўнікамі СМІ вобласці начальнік упраўлення па камунікацыях, сувязі з грамадскасцю і СМІ фонду “Дырэкцыя II Еўрапейскіх гульняў-2019” Аляксей Багдановіч.
Ён расказаў, што факеланосцамі выступяць прадстаўнікі розных прафесій  з Віцебшчыны. Усяго ж па краіне агонь Еўрагульняў пранясуць 450 грамадскіх дзеячаў, спартсменаў, прадстаўнікоў культуры і навукі. Аляксей Багдановіч расказаў, што “Полымя міру” бу-дзе запалена 3 мая ў Рыме, беларускія альпіністы ўзнясуць яго на Манблан, потым яно пройдзе праз Славенію, Аўстрыю, Венгрыю, Славакію, Чэхію і Польшчу. 12 мая эстафета прыбудзе ў Беларусь. Па Віцебскай вобласці “Полымя міру” пранясуць з 24 па 29 мая.
– Хаця спаборніцтвы Еўрапейскіх гульняў пройдуць у Мінску, гэтае спартыўнае свята – знакавая па-дзея для ўсёй Беларусі, і эстафета “Полымя міру” – гэтаму пацвярджэнне, – падкрэсліў А. Багдановіч. – Важна і тое, што ўсе замежныя турысты, якія набылі білеты гульняў, атрымаюць права на бязвізавы ўезд у Беларусь, многія з іх скарыстаюцца магчымасцю наведаць розныя куткі краіны.
На сустрэчы з журналістамі выступіў начальнік упраўлення па маркетынгу, камерцыйных пытаннях і рэкламе фонду “Дырэкцыя II Еўрапейскіх гульняў-2019” Максім Кашкалада, які паведаміў, што зараз актыўна ідзе рэалізацыя білетаў на спаборніцтвы. На некаторыя віды спорту ўжо рэалізавана амаль 70 працэнтаў усіх білетаў, і зараз разглядаецца магчымасць павелічэння колькасці месцаў за кошт рэзервовых плошчаў.  За білетамі не трэба ехаць у Мінск, іх можна набыць у больш чым 50 кропках па Віцебскай вобласці, а таксама праз інтэрнэт.
Максім Кашкалада паведаміў, што  хутка на прылаўках крамаў вобласці з’явіцца і сувенірная прадукцыя з выявай лагатыпу гульняў і талісмана – лісяня Лесіка, якая ўжо прадаецца ў сталіцы.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №19 ад 07.03.2-19 г.