Самое главное слово на свете – МАМА!

Общество

“Я вельмі патрэбна сваім дзецям”
Звычайна жанчынам-настаўніцам не хапае часу на сям’ю, не столькі, колькі б хацелася, удзяляецца ўвагі сваім дзецям. А вось педагог-арганізатар Шумілінскай СШ №1, настаўніца выяўленчага мастацтва і загадчыца школьнага музея Святлана Уладзіміраўна Емяльянава знаходзіць. Па сумяшчальніцтву яна – маці дваіх дзяцей: сямікласніка, выдатніка вучобы Дзмітрыя і другакласніцы Юлі. Хаця тут трэба хутчэй сказаць наадварот. Галоўная роля ў яе абсалютна жаночая – быць маці. Як кажуць калегі, і першае, і другое атрымліваецца ў Святланы аднолькава паспяхова.
“Проста ў адзін момант я адчула, што вельмі патрэбна сваім дзецям, кажа С. У. Емяльянава. – Ім неабходна мая ўвага і клопат.” Усё гэта дае сілу паспяваць усюды: і на рабоце, і ў выхаванні Дзімы і Юлі.
Ну, скажыце, хто з матуль, а тым больш настаўніц, знаходзіць час падарожнічаць са сваімі дзецьмі па знакамітых мясцінах краіны, хадзіць у водныя паходы па Абалянцы, адпраўляцца на экскурсіі ў Несвіж, Лоеў, а пасля за тры вечары афармляць альбом з фотакалажамі? Не хапае часу, сродкаў – знойдуць апраўданне многія. Няпраўда, пярэчыць Святлана. Патрэбна жаданне. А як гэта яднае сям’ю!
“Мама я строгая і патрабавальная, – прызнаецца Святлана. – Я ж настаўніца. Гэтага патрабую ад другіх дзяцей, і ад сваіх таксама. Не вельмі проста, а так важна, на маю думку, навучыць дзяцей вучыцца, навучыць працаваць, навучыць паважаць сяброў, дарослых, быць чалавекам. Так выхавалі маіх бацькоў, так мае бацькі мяне выхавалі, гэтак жа стараюся выхоўваць і я сваіх дзетак…”
Алена КАРПУШЭНКА.

“А дзеці – наша радасць…”
З Анжэлай Віктараўнай Гарлачовай і яе прыёмным сынам Максімам сустрэліся ў Светласельскім дзіцячым садку. Анжэла Віктараўна працуе тут выхавальнікам, а Максім наведваў Светласельскую бібліятэку і зазірнуў да матулі, каб паказаць, што ўзяў пачытаць.
“Мы самая звычайная сям’я, – сумелася Анжэла Віктараўна, калі даведалася, што з рэдакцыі раённай газеты прыйшлі, каб сфатаграфаваць яе з сынам. –  Проста любім дзяцей. Ды і як іх можна не любіць? Дзеці – гэта самае галоўнае, найважнейшае, што ёсць у жыцці, гэта наша радасць…”
Сям‘я Гарлачовых на першы погляд звычайная. Бацька, Юрый Аляксандравіч, працуе механізатарам на льнозаводзе. Сын Антон вучыцца ў ліцэі, дачка Насця  – студэнтка ВДУ імя Машэрава, а Максім яшчэ вучань сёмага класа. Яны жывуць звычайным жыццём: ідуць на работу, вучацца, працуюць на дачы. Але ёсць у гэтай сям’і тое адметнае, што прыцягвае: яны дружныя, клапоцяцца адзін пра аднаго, дзеляцца адзін з адным, берагуць адзін аднаго. Менавіта таму, калі тры гады назад убачылі ў “Герой працы” фатаграфію хлопчыка, які шукаў сабе прыёмную сям’ю, адразу зразумелі, што могуць падзяліцца з ім сваім цяплом.
Безумоўна, не адразу Максім прыняў новае жыццё. Але сёння ён добра разумее, што ў яго ёсць сям’я. Хлопчык рады, калі на выхадныя прыязджаюць Антон і Насця, ён хоча быць падобным на іх. Максім любіць гісторыю, біялогію, інфарматыку, асвоіў камп’ютар, стараецца лепш вучыцца, каб як Антон і Насця стаць студэнтам.
“Я строгая, выхоўваю, падказваю, а калі і патрабую”, – кажа Анжэла Віктараўна.
На гэта Максім шчыра ўсміхаецца, ён ведае, што ў сям’і яго любяць і жадаюць яму толькі добрага.
Таццяна РАСТОЎСКАЯ.
Надрукавана ў №79 ад 14.10.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *