Розныя грані таленту Кіры Багданавай

Адукацыя Культура Моладзь

Розныя грані таленту

Кіра Багданава, вучаніца 6 “Б” класа СШ №1 г.п. Шуміліна, адрозніваецца ад аднагодкаў тым, што стараецца рэалізаваць свае здольнасці ў самых розных сферах. Пастаянна прымае ўдзел у прадметных алімпіядах, разнастайных конкурсах. У школе фотаздымак Кіры ўпрыгожвае Дошку гонару выдатнікаў вучобы. Яна з’яўляецца ўдзельніцай знакамітага ансамбля барабаншчыц “Экспрэсія” дзіцячай школы мастацтваў.

Любімы занятак з дзяцінства – музыка. І гэта зразумела, бо эпітэт “музычная” выдатна характарызуе сям’ю дзяўчынкі. Дзядуля і бабуля Кіры – Рыгор і Галіна Згірскія – вядомыя баяністы. Прыроджаныя здольнасці да ігры на гэтым музычным інструменце і вакальны талент дасталіся іх дачцэ Ганне – выкладчыку па класу баяна Шумілінскай дзіцячай школы мастацтваў, якая ў сваю чаргу вучыць Кіру.
У 2018 годзе Кіра ўзнагароджана граматай за паспяховае выступленне ў занальным туры VIII Рэспубліканскага конкурсу выканаўцаў на народных інструментах імя Жыновіча. У сакавіку 2018 года ўзнагароджана дыпломам лаўрэата III ступені і кубкам на VIII Міжнародным фестывалі-конкурсе “Славянскі карагод”, які праходзіў у Смаленску. У лістападзе 2018 года ўдзельнічала ў VIII Міжнародным фестывалі “Талент. Музыка. Сцэна” ў Санкт-Пецярбургу па відэазапісах і ўзнагароджана дыпломам лаўрэата II ступені.
Год толькі пачаўся, але Кіра ўжо паспела заявіць пра сябе, і ў яе скарбонцы ёсць ужо два дыпломы: за першае месца ў намінацыі “Інструментальнае выканальніцтва: народныя інструменты (сола)” на II Міжнародным фестывалі-конкурсе дзіцячай, юнацкай, дарослай творчасці “Навагодняя зорка” па відэазапісах, які праходзіў у канцы студзеня, і за трэцяе месца ў намінацыі “Інструментальная творчасць. Салісты. Народныя” на I Міжнародным творчым конкурсе “Ветразі Мары”, які адбыўся 18 лютага ў Мінску.
Вольга КОЦІКАВА, няштатны карэспандэнт.