Как служится шумилинцам в Вооруженных Силах страны. Репортаж из 103-й воздушно-десантной бригады

2023 – Год мира и созидания Молодёжь Общество

У чаканні Ваеннай прысягі і першага скачка

Большасць юнакоў з дзяцінства мараць служыць у дэсантных войсках. Але трапіць сюды не так проста. Прызыўнік павінен мець як ідэальнае здароўе, так і валодаць высокімі маральнымі якасцямі. 25 кастрычніка Віцебскую асобную гвардзейскую 103-ю паветрана-дэсантную брыгаду папоўнілі чацвёра шумілінцаў – Максім Голубеў, Андрэй Іваноўскі, Максім Пузырэўскі і Раман Чарнышоў. Напрыканцы мінулага тыдня карэспандэнт раённай газеты разам з начальнікам адасобленай групы Шумілінскага раёна ваеннага камісарыята Бешанковіцкага і Шумілінскага раёнаў Андрэем Собіным пабываў у ваеннай часці і сустрэўся з навабранцамі, каб пацікавіцца іх уражаннямі ад службы.

Трымаем шлях у Журжава, дзе навабранцы прызвычайваюцца да армейскага жыцця. Нас сустракае начальнік інфармацыйнага цэнтра брыгады капітан Эрнэст Юпатаў.

– Курс маладога байца навабранцы праводзяць у батальёне новага папаўнення, для якога выдзелена асобная казарма. Тут створаны ўсе ўмовы для камфортнага пражывання і службы, – пачаў Эрнэст Юпатаў. – Заняткі праводзяць самыя вопытныя і лепшыя сяржанты і афіцэры. Важна, каб з першага дня службы малады салдат адчуў гонар за вайсковую часць, ведаў яе слаўныя традыцыі. Адным словам, адчуў, што ён – частка элітных войскаў.

Восенню ў брыгаду прыйшло больш за 500 навабранцаў з усёй Беларусі. Жыццё працякае па-вайсковаму строга. А шостай гадзіне – пад’ём, зарадка, асабістая гігіена, сняданак. З васьмі да васямнаццаці з перапынкам на абед – вайсковыя заняткі, спартыўна-масавыя мерапрыемствы. Пасля вячэры – гадзіна вольнага часу. У 21.00 – прагляд інфармацыйнай праграмы «Панарама», у 22.00 – адбой. Кожнаму салдату дазваляецца мець мабільны тэлефон, які захоўваецца ў спецыяльна адведзеным месцы, праўда, ён павінен быць без фотакамеры і доступу ў інтэрнэт, карыстацца ім можна пры неабходнасці ў вольны час ці па нядзелях.

Начальнік інфармацыйнага цэнтра адзначыў, што ў першы тыдзень армейскага жыцця навабранцы асвойвалі базавыя веды і салдацкія навыкі: вывучалі вайсковыя статуты, адпрацоўвалі прыёмы страявой падрыхтоўкі, займаліся фізічнымі практыкаваннямі. Зараз перайшлі да агульнавайсковай падрых-тоўкі, у якую ўваходзяць заняткі па тактыцы, агнявой і страя-вой падрыхтоўцы, медыцыне і па паветрана-дэсантнай справе.

«У Журжаве салдаты ўдзяляюць шмат увагі тэарэтычным ведам і страявой падрыхтоўцы, – расказвае капітан. – 25 лістапа-да навабранцы прымуць Ваенную прысягу, якая пройдзе ў Ві-цебску на плошчы Перамогі. Падрыхтавацца да гэтай важнай падзеі неабходна як след».

Шумілінцы знаходзіліся ў гэты дзень у брыгадзе, дзе займаліся агульнавайсковай падрыхтоўкай. Тут ва ўсю кіпела салдацкае жыццё: адны скакалі з макета самалёта, другія складвалі парашуты, трэція адпрацоўвалі прызямленне, «ішлі» ў атаку.

Пасля адпрацоўкі прызямлення падышлі Максім Голубеў і Андрэй Іваноўскі. Хлопцы адзначылі, што месяц службы праляцеў у адно імгненне.

– Першыя тыдні цяжка было прызвычаіцца да рэжыму дня, – зазначылі хлопцы. – У шэсць гадзін раніцы спаць яшчэ хочацца.

Афіцэры і сяржанты змаглі стварыць у казарме такія ўмовы, што ты літаральна праз некалькі дзён адчуваеш сябе дэсантнікам, падкажуць, параяць, як зрабіць лепш.

Падчас гутаркі даведаліся, што Максім і Антон пабывалі ўжо на палігоне, дзе стралялі баявымі патронамі. Толькі не самі стрэль бы запомнілася, а сур’ёзная падрыхтоўка да іх, так што цяпер з аўтаматам яны на «ты» нават пры закрытых вачыма.

Добра праходзіць служба ў Максіма Пузырэўскага і Рамана Чарнышова. «Усё пановаму, цікава, чакаем першых скачкоў, бо сяржанты кажуць: вось зробіце свой першы скачок з парашутам – тады і атрымаеце адрэналін і эмоцыі», – падзяліліся яны.

Хацелася карэспандэнту для поўнай карціны пранікнуць і на армейскую кухню, даведацца, чым кормяць дэсантнікаў. Як аказалася, кормяць добра. Да прыкладу, у дзень нашага прыезду на сняданак была прасяная каша з курыцай, на абед – грэчка са свінінай, на вячэру – макарона са скумбрыяй. Кампоты, чай і булачкі з маслам. «Кормяць тут выдатна. Пастаянна мяса і рыба. Першыя тыдні нават не з’ядаў усё, што давалі», – гэта словы Максіма Голубева.

Зараз навабранцы рыхтуюцца да прыняцця Ваеннай прысягі, пасля якой у іх будзе першае аднадзённае звальненне. Затым іх размяркуюць па батальёнах брыгады. У Андрэя Іваноўскага, Максіма Пузырэўскага і Рамана Чарнышова наперадзе больш чым год тэрміновай вайсковай службы, у Максіма Голубева, які мае вышэйшую адукацыю, – менш года. Так што ў іх усё яшчэ наперадзе, але ўжо сёння яны ўпэўнена кажуць, што для іх слова «дэсантнік» – не пустое. Яны сталі часткай вялікага дэсантнага братэрства і з гонарам надзяваюць блакітныя берэты.

Аляксандр ШЭДЗЬКО.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *