В. С. Богданова из агрогородка Светлосельский награждена областной премией имени Героя Советского Союза З. М. Туснолобовой-Марченко

Актуалии Общество

Дабрыня матуліных вачэй
Валянціна Сяргееўна Багданава ўзнагароджана абласной прэміяй імя Героя Савецкага Саюза З. М. Тусналобавай-Марчанкі.
Пасля працоўнага дня Валянціна Сяргееўна прысела на хвілінку на канапу. Тут жа да яе падбегла пяцігадовая Алёна, абшчапіла за шыю, пацалавала, гучна аб’явіўшы: “Мая мама!” Неўзабаве з суседняга пакою засемянілі маленькія ножкі. Гэта двухгадовая Саша бегла да матулі. З рэўнасцю паглядзела на сястрычку і заявіла: “Гэта мая мама!” Валянціна Сяргееўна ўсміхнулася і сказала: ”І твая, Алёнка, і твая, Сашачка. Усіх вас люблю”. Тут жа ў пакоі былі і старэйшыя дзеці – дзевяцікласніца Маша і шасцікласнік Уладзік. Яны ўжо не раўнуюць матулю, бо ведаюць: усіх яна любіць аднолькава.
Сям’я Багданавых жыве ў аграгарадку Светласельскім. Валянціна Сяргееўна працуе на цэнтральнай ферме “Шумілін-скага райаграсэрвісу” даяркай. Трохразовая дойка адбірае многа часу. Вечарам Валянціна Сяргееўна прыходзіць у дзевяць гадзін, а раніцай а шостай гадзіне ўжо ідзе на працу. У гэты час клопат пра малодшых дзяцей кладзецца на Машу. Яна ў сям’і “другая мама”. І накорміць, і ў садзік адвядзе, і адзенне адпрасуе. Зварыць супу і напячэ бліноў. Дапамагае ёй Уладзік.
В. С. Багданава стараецца выхоўваць дзяцей так, каб яны раслі дружнымі, гатовымі падставіць адзін аднаму плячо.
Пытаемся, як выжывае сям’я ў матэрыяльным плане. “Нармальна, мы не прывыклі да раскошы, – гаворыць гаспадыня. – У мяне заробак летам выходзіў каля двух мільёнаў. Да школы сабраліся годна”.
Сям’я Багданавых мае свой агарод, на наступны год збіраюцца купіць парасят. Валянціна Сяргееўна гаворыць, што перш за ўсё спадзяецца на сябе, а не на дзяржаву. Хаця вельмі ўдзячна за тое, што кіраўніцтва “Шумілінскага райаграсэрвісу” выдзеліла ў аграгарадку Светласельскі новы дом. Тут у старэйшых і малодшых дзяцей па асобнаму пакою, светламу і прасторнаму.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №79 ад 14.10.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *