5 пытанняў дырэктару УП ЖКГ Шумілінскага раёна Аляксею Шпакаву

Актуалии Новости Экономика

Пяць пытанняў дырэктару УП ЖКГ

Напярэдадні прафесійнага свята  мы гутарым з дырэктарам унітарнага прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Шумілінскага раёна Аляксеем Шпакавым.


– Аляксей Арцёмавіч, спектр паслуг жыллёва-камунальнай гаспадаркі даволі шырокі. Якія віды дзейнасці асноўныя?
–  Галоўныя і асноўныя ўсе паслугі, другарадных увогуле няма. УП ЖКГ – гэта галіновае прадпрыемства, якое адказвае за ацяпленне жылога сектара, за бесперапынную работу кацельняў і цепласетак. Мы займаемся капітальным і цякучым рамонтам дамоў, высякаем кустоўе, рамантуем дарогі, вывозім смецце, якое рэгулярна збіраем па графіку. Адказваем за ўборку вуліц і тратуараў, навядзенне парадку і работу гарадской лазні.  Утрымліваем у належным стане грамадзянскія могілкі, аказваем рытуальныя паслугі. Зімой чысцім ад снегу вуліцы, і няхай у некаторых вёсках зусім мала жыхароў, але ж яны чакаюць нашай дапамогі. Магчыма, для некаторых названая работа і незаўважная, але ж яна вельмі неабходная.
– Якія дадатковыя платныя паслугі аказваюць  работнікі камунгасу?
– Транспартныя паслугі і паслугі водна-каналізацыйнай гаспадаркі, электрамантажныя і рамонтна-будаўнічыя работы, распілоўку дроў, зварачныя работы, прачыстку ацяпляльных радыятараў, паслугі мотакасы, мотапомпы, бензапілы. Усяго за мінулы год аказана платных паслуг на 1800 рублёў, што вышэй узроўню 2017 года на 60%.
– Якой работай за мінулы год вы можаце ганарыцца?
– Камунгас працуе строга па плане, які зацвярджаецца загадзя. Тым не менш, жыццё падкідвае і пазаштатныя сітуацыі, якіх, на жаль, не ўдаецца пазбегнуць. То дах у шматпавярхоўцы працячэ, то ацяпляльныя трубы сапсуюцца. Мы гатовы і да такіх сітуацый, бо гэта наша работа – своечасова прыходзіць на дапамогу жыхарам раёна. Што тычыцца мінулага года, то мы выканалі ўсе запланаваныя мерапрыемствы. Так, зроблены капітальны рамонт чатырох шматпавярховак па вуліцы Ленінскай і аднаго дома па вуліцы Кароткіна (агульная плошча – 2829 метраў квадратных). Праведзена рэканструкцыя цеплавых сетак ад завулка Механічнага да вуліцы Камунальнай (1484 метры), праведзены капітальны рамонт з мадэрнізацыяй участка цеплавых сетак і сетак гарачага водазабеспячэння па вуліцах 70 год БССР і Суворава.
– Якія планы ў работнікаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі на гэты год?
–  Запланавана рэканструкцыя ўчасткаў цеплавых сетак і сетак гарачага водазабеспячэння ў аграгарадку Слабада (2336 метраў), капітальны рамонт з мадэрнізацыяй цеплатрасы па вуліцы Садовай у Дабеі (616 метраў).
Што тычыцца капітальнага рамонту, то яго правядзенне плануецца ў райцэнтры на трох аб’ектах – дом № 10 па вул. Юбілейнай, дзе работы ідуць цяпер, дом № 9 па вуліцы Ленінскай, дом № 5/6 па вуліцы Дубасарскага.
– Што вы пажадаеце сваім калегам напярэдадні прафесійнага свята?
Перш за ўсё моцнага здароўя ўсяму калектыву. Дабрабыту, разумення, поспехаў і заўсёды добрага настрою.
Гутарыла Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №23 ад 22.03.2019 г.