Помощник Президента-инспектор по Витебской области Виталий Вовк провёл приём граждан в Шумилино

Актуалии Общество Президент

Кіраўнік павінен трымаць слова

У аўторак 19 сакавіка прыём грамадзян у Шумілінскім раёне правёў памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – інспектар па Віцебскай вобласці Віталь Міхайлавіч Воўк.
“Мясцовым органам улады неабходна выконваць свае абяцанні. Любы кіраўнік павінен трымаць сваё слова, – падкрэсліў Віталь Воўк пасля правядзення асабістага прыёму грамадзян. – Людзі ўсё бачаць, таму асабліва адчувальна, калі чыноўнікі не выконваюць узятыя абавязацельствы. Так губляецца давер да ўлады, а гэта недапушчальна”. Памочнік Прэзідэнта разгледзеў сем зваротаў, у тым ліку адзін калектыўны. Віталь Воўк адзначыў, што ў цэлым у яго засталося станоўчае ўражанне. “Нейкіх асабліва вострых, невырашальных пытанняў, за выключэннем аднаго, звязанага з невыкананнем абавязацельстваў па пастаўцы абсталявання, не было”, – дадаў ён.
Гэты востры зварот паступіў ад кіраўніка аднаго з прыватных прадпрыемстваў, якое заказала ў студзені мінулага года абсталяванне ў ТАА “МГГВУД-Н” (г. Дзяржынск, Мінская вобласць), падпісала адпаведны дагавор і пералічыла перадаплату. Але вытворца свае абавязацельствы не выканаў, грошы не вярнуў, на запыты з боку заказчыка не адказваў. Як пазней высветліла заяўніца, ёсць і іншыя пацярпеўшыя. Эканамічны суд па заяве пацярпеўшага прадпрыемства вынес рашэнне на яго карысць, але яно не выканана. Звароты заяўніка ў праваахоўныя органы выніку не прынеслі: ва ўзбуджэнні крымінальнай справы было адмоўлена. Віталь Воўк даручыў разабрацца ў дадзенай сітуацыі пракурору Шумілінскага раёна Сяргею Зайцаву і ўзяў справу на асабісты кантроль, падкрэсліўшы, што гэта недапушчальны факт.
З пытаннем аб закрыцці дашкольнай установы прыехала на прыём сям’я з вёскі Язвіна. Начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Валянціна Мянькова запэўніла, што закрыццё дашкольнай установы ў Язвіне не плануецца. Яна адзначыла, што ў садку працуюць 12 чалавек, а наведваюць яго штодзень 3-5 дзяцей, у астатніх ёсць магчымасць застацца дома з бабулямі ці бацькамі. Віталь Воўк даручыў правесці сход з жыхарамі вёскі і растлумачыць сітуацыю. Ён звярнуўся і да заяўнікаў, прапанаваўшы ім узяць частку грамадскай нагрузкі і растлумачыць астатнім бацькам, што калі ў дзіцячы сад не будуць хадзіць дзеці, то пытанне аб яго рабоце стане сапраўды актуальным.
Шэраг пытанняў тычыўся мадэрнізацыі і капрамонту жылля. Так, жыхарка аднаго з дамоў у мікрараёне СШ №2 звярнулася з пытаннем аб падключэнні дома да прыроднага газа. Памочнік Прэзідэнта адразу прапанаваў, з улікам уводу Беларускай АЭС, разгледзець пытанне не газіфікацыі, а электрыфікацыі дома. Старшыня райвыканкама Алег Быкаў патлумачыў, што ў гэтым мікрараёне ў бліжэйшым будучым плануецца будаўніцтва шматкватэрнага дома з электрычным ацяпленнем, для гэтага будзе створана і адпаведная інфраструктура, якая дазволіць замяніць газ у кватэрах на электрычнасць. А з мікрараёна МСО звярнуліся да Віталя Міхайлавіча з просьбай дапамагчы ў ходзе капітальнага рамонту дома падключыць яго да гарачага водазабеспячэння. Кіраўнік раёна расказаў, што раней была праведзена мадэрнізацыя цеплавых сетак з мэтай далейшага падключэння гарачай вады ў жылых дамах мікрараёна, але апошнія нарматыўныя дакументы абмежавалі такі від капрамонту. Віталь Воўк пагадзіўся, што з улікам праведзеных работ і капітальных затрат мэтазгодна падключыць дамы да гарачага водазабеспячэння.
Ён даручыў кіраўніцтву раёна прадставіць неабходныя разлікі, улічыць укладзеныя ў інжынерныя сеткі сродкі, пралічыць магчымыя варыянты, у тым ліку і з частковым прыцягненнем сродкаў уласнікаў жылля, каб выйсці з прапановай на Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі.
Яшчэ адна заяўніца прыйшла паскардзіцца на няякасны, на яе думку, капітальны рамонт дома. Тлумачэнні даваў кіраўнік УП ЖКГ Аляксей Шпакаў, які запэўніў, што рамонт зроблены ў адпаведнасці з праектам. Віталь Воўк даручыў запрасіць незалежных экспертаў, яшчэ раз разабрацца са скаргай.
Калектыўны зварот быў ад жыхароў дамоў на вуліцы Сіпко, якія прызнаны аварыйнымі. Заяўнікі прасілі не высяляць іх, пакуль не будзе пабудаваны новы дом, у якім яны павінны атрымаць кватэры. Віталь Воўк адзначыў, што пражываць у аварыйным доме небяспечна, а жылыя памяшканні, у якія жыхарам прапанавана перасяліцца, з’яўляюцца падменным жылым фондам,  прызначаным менавіта для часовага пражывання, пакуль пабудуюць новыя кватэры.
Адно пытанне тычылася зямельных адносінаў: жыхарка райцэнтра прасіла даць ёй зямельны ўчастак у пажыццёвае спадчыннае валоданне. Начальнік аддзела  землеўпарадкавання райвыканкама Зоя Гарэленкава патлумачыла, што гэты зямельны ўчастак знаходзіцца ў ахоўнай зоне прамысловага прадпрыемства і можа быць дадзены толькі для агародніцтва. Дарэчы, гэты ўчастак аформлены заяўніцы на максімальны тэрмін – 10 год, па заканчэнні якога тэрмін карыстання можа быць зноў прадоўжаны.
Усе пытанні, з якім звярнуліся жыхары раёна, узяты на кантроль, устаноўлены тэрміны іх выканання.
Пасля прыёму грамадзян памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – інспектар па Віцебскай вобласці Віталь Воўк наведаў некаторыя сельскагаспадарчыя і прамысловыя прадпрыемствы раёна.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №23 ад 22.03.2019 г.