Парень 8 лет уклонялся от армии. И грянул суд…

Молодёжь Новости Общество

Сумленне грамадзяніна і гонар мужчыны

Некаторыя маладыя людзі, адклаўшы ў бок атрыманую з ваенкамата павестку, не задумваюцца пра магчымыя наступствы такога ўчынку. А справа ў такіх выпадках можа абярнуцца крымінальнай адказнасцю.

Нядаўна ў судзе Шумілінскага раёна адбыўся суд над жыхаром аграгарадка Слабада, які на працягу васьмі год ухіляўся ад мерапрыемстваў прызыву. 26-гадовы юнак апынуўся на лаве падсудных па ч. 1 арт. 435 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь “Ухіленне ад мерапрыемстваў прызыву на ваенную службу”.
Крымінальны артыкул малады чалавек зарабіў з-за таго, што не прыбыў, як патрабавалася, у ваенкамат. Атрымаў пад распіску павестку, аднак ні ў названы тэрмін, ні да заканчэння прызыву не прыйшоў. Вердыкт суда – штраф у памеры 100 базавых велічынь.
А вось 24-гадовы жыхар райцэнтра – асоба добра вядомая і ў ваенкамаце, і ў судзе. Справа ў тым, што яго тры гады назад прыцягвалі да крымінальнай адказнасці за ўхіленне ад мерапрыемстваў прызыву. “Тады юнак атрымаў штраф,  – расказвае начальнік адасобленай групы Шумілінскага раёна АРВК Андрэй Собін. – Нявыплата штрафу па крымінальнаму артыкулу мае вельмі сур’ёзныя наступствы. Гэта і забарона выезду за межы краіны, і немагчымасць куплі-продажу транспартных сродкаў і іншае”. Напэўна, малады чалавек адчуў гэтыя складанасці, таму і быў вымушаны заплаціць штраф. Пасля гэтага яму ўручылі павестку на мерапрыемствы прызыву, на якія ён зноў не з’явіўся. У выніку – узбуджэнне крымінальнай справы. Судовае рашэнне – штраф у памеры 140 базавых велічынь.
– “Ухілісты”, як правіла, разважаюць так: навошта ісці ў армію і губляць год-паўтара? – кажа Андрэй Міхайлавіч. – Але яны забываюць, што згодна з  Канстытуцыяй, абарона Рэспублікі Беларусь – абавязак і свяшчэнны доўг грамадзяніна. Прызыўнік можа быць вызвалены ад мерапрыемстваў прызыву толькі пры наяўнасці важкіх прычын. Такімі могуць стаць, напрыклад, хвароба прызыўніка, якая пазбаўляе яго магчымасці з’явіцца на пункт збору, смерць ці цяжкая хвароба яго блізкіх. Прычым, прычыны няяўкі ў ваенкамат павінны быць пацверджаны дакументамі.
На сённяшні дзень у нашым раёне 7 прызыўнікоў ухіляюцца ад мерапрыемстваў прызыву. І выпадкі прыцягнення да крымінальнай адказнасці за  ўхіленне ад вайсковай службы не адзінкавыя. Кожны прызыў знаходзяцца тыя, хто не жадае аддаць краіне свой воінскі абавязак. Такія безадказныя паводзіны і поўнае грэбаванне законамі небяспечна для прызыўнікоў. Так, згодна з артыкулам 435 Крымінальнага Кодэкса Рэспублікі Беларусь ухіленне ад мерапрыемстваў прызыву на вайсковую службу караецца штрафам, або арыштам на тэрмін да шасці месяцаў, ці абмежаваннем волі на тэрмін да двух гадоў, або пазбаўленнем волі на той жа тэрмін. Ухіленне ад мерапрыемстваў прызыву на вайсковую службу, здзейсненае шляхам наўмыснага прычынення сабе цялеснага пашкоджання, альбо сімуляцыі захворвання, альбо падробкі дакументаў або іншага падману, караецца абмежаваннем волі на тэрмін да пяці гадоў або пазбаўленнем волі на той жа тэрмін. Пасля выплаты штрафаў і пагашэння судзімасці такія прызыўнікі зноў падлягаюць мерапрыемствам прызыву на вайсковую службу.
– У жыцці кожнага чалавека ёсць сітуацыі, калі ён павінен прыняць рашэнне, якое вызначыць яго далейшы лёс. Адным з такіх важных
жыццёвых перакрыжаванняў якраз і з’яўляецца прызыў на тэрміновую ваенную службу. Сумленне грамадзяніна і гонар мужчыны ці  гульня ў хованкі і крымінальная справа – выбар асабісты. Але ж, здаецца, прасцей і лепш адслужыць і не ламаць свой лёс, – падсумоўвае падпалкоўнік А. М. Собін.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №25 ад 29.03.2019 г.